Рэакцыі Паўночнаатлантычнага Альянсу на гібрыдную агрэсію Крамля супраць Украіны прысвечаны трэці выпуск новага сезону міжнароднага ток-шоу «Тэрыторыя праўды».
Анексія Крыму стала сапраўдным шокам для заходняй супольнасці. Краіны NATO і Еўразвязу назвалі дзеянні Масквы агрэсіяй, накіраванай супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Разам з тым да Захаду прыйшло ўсведамленне, што на гэтым амбіцыі Крамля могуць не скончыцца.
«Прайшло ўсяго 6 гадоў пасля таго, як апошні амерыканскі танк вярнуўся дадому з Еўропы. Ваенная прысутнасць ЗША рэзка скарацілася. Мы ўсе спадзяваліся і думалі, што Расея збіраецца стаць партнёрам, з якім мы зможам працаваць. Але яны (я маю на ўвазе расейскае кіраўніцтва, а не расейскі народ) паказалі, што не могуць быць надзейным партнёрам. Ва ўсякім разе не ў цяперашніх абставінах», – кажа генерал Бэн Годжэс, камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе 2014-2017 гг..
З моманту анексіі Крыму NATO бесперапынна нарошчвае ваенную моц. Летась у кастрычніку краіны Альянсу правялі самыя буйныя вучэнні з часоў халоднай вайны. У манеўрах на тэрыторыі Нарвегіі ўзялі ўдзел больш за 45 тысяч вайскоўцаў з 31 краіны. Усяго за месяц да гэтага, у верасні, Расея правяла самыя маштабныя з 1981 года вучэнні, у якіх удзельнічалі 300 тысяч вайскоўцаў.
Асаблівая ўвага NATO накіравана на так званы «Усходні фланг». У тым ліку разглядаецца магчымасць размяшчэння ў Польшчы амерыканскай базы на пастаяннай аснове.
«Альянс павінен у далейшым усведамляць патэнцыйную пагрозу. Трэба падтрымліваць згуртаванасць і высокі ўзровень падрыхтоўкі і гатоўнасці, каб паслаць сігнал аб тым, што мы гатовыя абараняць усіх нашых членаў. Гэта тое, што Альянс робіць у сапраўдны момант», – працягвае Годжэс.
ЗША і Еўропа сумесна мадэрнізуюць камандную структуру Альянсу, умацоўваюць кіберабарону і павялічваюць фінансаванне.
Толькі за апошнія тры гады краіны NATO дадаткова выдаткавалі на абарону 41 мільярд долараў.
Наколькі адэкватнай была рэакцыя NATO на агрэсію Расеі супраць Украіны? Якія з краін Альянсу найбольш актыўна дапамагаюць Украіне і чаму? У якім фармаце, хутчэй за ўсё, у Польшчы пашыраць амерыканскую вайсковую прысутнасць, так званы «Форт Трамп»?
Пра гэта дыскутуюць вядоўцы і ўдзельнікі новага сезону міжнароднага ток-шоу «Тэрыторыя праўды», прысвечанага 20-й гадавіне пашырэння Альянсу на Ўсход і 70-годдзю заснавання NATO. Праграму вядуць журналісты Віталь Портнікаў (Украіна) і Святлана Калінкіна (Беларусь).
У ток-шоу ўдзельнічаюць эксперты з пяці краін:
На працягу сакавіка кожную сераду а 21:25 глядзіце «Тэрыторыю праўды» у эфіры нашага тэлеканала, а затым на старонцы belsat.eu і YouTube-канале Вот так.