Як расейскі бізнесовец стаў беларусам: гісторыя Паўла Падкарытава


Раней «Белсат» распавядаў пра сядзібу на Гарадзеншчыне, якая мае стаць музеем шляхты. Расейскі бізнесовец, што ўзяўся за гэтую справу, дзеліцца, як ён прыйшоў да беларушчыны.

Павал Падкарытаў вядомы беларусам сваёй дабрачыннай дзейнасцю. Ён неаднаразова падтрымліваў такія праекты, як «Дэбют», «Заспявай.BY», стварыў дабрачынны фонд «Вяртанне», яшчэ і аднаўляе шляхецкі сядзібна-паркавы ансамбль у Падароску. Хоць першы раз Павал пабываў у Беларусі ў 2010 годзе.

Вывучыў з лёгкасцю беларускую мову за некалькі месяцаў

Беларушчына ў жыцці Паўла Падкарытава прысутнічала заўжды. З самага дзяцінства ён чуў ад бабулі шмат пра Беларусь. Бабуля Паўла была родам з вёскі Варкі, што на Віцебшчыне. Пражыла там 25 год ды потым з’ехала з мужам-чыгуначнікам на Урал у Свярдлоўск.

«Дзякуючы ёй, нават жывучы ў Свярдлоўску, я ведаў пра Беларусь і мне заўсёды было цікава – што гэта за край такі? Калі ў школе нас цягалі на кастрычніцкія ці першамайскія дэманстрацыі і трэба было несці нейкія сцягі ці транспаранты – я заўсёды браў сцяг Беларускай ССР і нёс яго. Вядома, зараз я сцяг савецкай Беларусі блізка ў рукі не вазьму, але тады пра іншы наш сцяг я не ведаў». – узгадвае Павал сваё дзяцінства.

Атрымалася так, што Павал не быў у Беларусі да 2010 году аніколі. Папярэдне ён вывучаў краіну па інтэрнэт-рэсурсах і кнігах, нават ліставаўся з пісьменнікам Уладзімірам Арловым. Потым Арлоў запрасіў Паўла Падкарытава да сябе ў госці.



Шлях да вывучэння беларускай мовы ў Паўла пачаўся з чытання інтэрнэт-сайтаў па-руску, але вельмі хутка вырашыў перайсці на беларускі варыянт. Натуральна, спачатку было складана: «Бабуля мая размаўляла па-расейску, канешне, хаця з вельмі выразнай беларускай фанэтыкай і элементамі «трасянкі». Потым замовіў сабе беларуска-расейскі слоўнік, з дапамогай якога перакладаў незнаёмыя словы».

Пазней Падкарытаў засвоіў газетную мову ды звярнуўся да кніг па-беларуску. Першай кнігай была «Дажыць да зялёнай травы» – укладзеная Сяргеем Шапранам кніга ліставання Васіля Быкава з Рыгорам Барадуліным:

«Увогуле, ніякіх пакутаў пры вывучэнні мовы я не цярпеў, і не вельмі веру, калі зараз нехта наракае на складанасць пераходу на беларускую мову ў штодзённых стасунках. Нашмат цяжэй вывучыць якуюсь нямецкую ці ангельскую мову, а засвоіць беларускую жыхару Беларусі – справа жадання і якіх двух ці трох месяцаў» – падсумоўвае Павал.

Як бізнесовец аднаўляе шляхецкую сядзібу, дзе гасцяваў Напалеон Банапарт

Павал Падкарытаў займаецца аднаўленнем сядзібна-паркавага комплексу ў Падароску. Аднак, калі ён пачынаў, то яшчэ не ведаў, што гэтая сядзіба існавала ажно ў пачатку XVI стагоддзя, а яе ўладальнікі ўваходзілі ў склад Рады Вялікага княства Літоўскага, ваявалі ў складзе паспалітага рушэння з расейцамі, шведамі, туркамі і казакамі.

Павал уражана адзначае: «Сваяцкія сувязі звязваюць сядзібу з найславутымі фаміліямі ВКЛ і Рэчы Паспалітай – з Вішнявецкімі і Радзівіламі, Тышкевічамі, Агінскімі. Есць сувязь і з сям’ей Адама Міцкевіча. Сярод жыхароў сядзібы былі героі паўстанняў Касцюшкі, 1830 і 1863 гадоў, ахвяры бальшавіцкага тэрору. Урэшце, паводле легенды, у нас у сядзібе тры дні гасцяваў сам Напалеон Банапарт!» – узнёсла распавядае бізнесовец.

Ня толькі гістарычны складнік прыцягнуў увагу Паўла Падкарытава да Падароску. Калі ён прачытаў у «Нашай Ніве», што сядзіба выстаўленая на аўкцыён – ён паехаў паглядзець на яе: «І проста закахаўся ў гэтае месца. Падароск – вельмі маляўнічае мястэчка, якое амаль захавала свой старадаўні выгляд. Плошча ў цэнтры, дзе раней, відавочна, адбываліся кірмашы, прыўкрасная Траецкая царква, пабудаваная на фундуш уладальніцы сядзібы Марыны Клочкаўны Падароскай Пракопавай Дольскай, нарэшце, сама сядзіба, якая месціцца на беразе става і абкружана вельмі прыгожай агароджай з барочнай брамай. Гэтае месца мае свой асаблівы «genius loci», які адразу шапнуў мне на вуха: «не сумнявайся!»

Бізнесовец зазначае, што яшчэ трэба зрабіць шмат – каб людзі маглі не толькі праязджаць міма і фатаграфаваць сядзібу з вакна машыны, але і спыніцца, зайсці ў сядзібу і даведацца пра яе гісторыю, пагуляць па парку, пад’есці або выпіць кавы, нават пераночыць.



А яшчэ ў сядзібе паўстане музей шляхты, апроч таго, цяпер будуецца кавярня, крама і аграсядзіба недалёка ад маёнтку, дзе ўжо ўвосень Павал будзе прымаць гасцей ды шчыра запрашае чытачоў!

Бізнесовец лічыць, што аграсядзіба павінна адразу прыносіць прыбытак, бо гэта досыць папулярная і пакуль яшчэ прыбытковая форма малога бізнесу ў Беларусі, а вось музай, зразумела, можа прыбыткова працаваць толькі як частка вялікага турыстычнага і рэкрэацыйнага комплексу.

«Я скажу так – мы робім Падароск з душою і для душы, інакш маёнтак не будзе прыносіць прыбытак. Хто ж туды паедзе, калі ўсё будзе зроблена абы як? Канешне, у доўгатэрміновай перспектыве комплекс павінен працаваць прыбыткова» – дзеліцца сваймі разважаннямі Павел.

Раней прыбытак маёнтку прыносілі сельская гаспадарка, бровар і розныя мануфактуры. Зараз час змяніўся, і грошы можа прынесці кірунак турызму і актыўнага адпачынку. Але мэта адбіць укладанні і атрымаць прыбытак павінна стаяць і стаіць, бо гэта дысцыплінуе ўсіх удзельнікаў праекту.

Кожны беларус павінен падтрымліваць па меры сваіх магчымасцяў беларускую справу

Павал Падкарытаў актыўна займаецца мецэнацтвам ды падтрыманнем беларускіх творчых праектаў: «Беларускія паректы паступова і давялі мяне да Падароска. Я лічу, што кожны свядомы беларус (а я адношу сябе менавіта да такіх) павінен у меру сваіх магчымасцяў пашыраць беларускую прастору, бо зараз яна існуе і выжывае толькі намаганнямі грамадзянскай супольнасці, без аніякага падтрымання з боку дзяржавы. Калі ў мяне больш магчымасцяў – то я павінен аказваць большае падтрыманне. Калі менш магчымасцяў – ну, хаця б падтрымліваць асабістымі намаганнямі тых, хто робіць гэтую справу. Набыць цішотку з арнаментам, кніжку, выданую па-беларуску. Тым больш і цішоткі, і кніжкі робяцца надзвычай якасныя і добрыя, якія гэтая дзяржава рабіць папросту не ўмее».

Самы першы праект Павал пачынаў з пісьменнікам Уладзімірам Арловым – перавыданне кнігі пісьменніка «Адкуль наш род». Праўда, з цягам часу праект перарос фактычна ў новы – выданне кнігі «Айчына. Маляўнічая гісторыя». Не так даўно быў выдадзены першы том – «Ад Рагнеды да Касцюшкі». Яго, дарэчы, можна лёгка замовіць у сеціве. Другі том чакаецца цягам году.

Сярод праектаў, якія падтрымлівае фонд «Вяртанне» на чале з Паўлам – штогадовая прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча за першую кнігу на беларускай мове, прэмія «Кніга года», Прэмія імя Цёткі за лепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, Прэмія імя Шэрмана за найлепшы пераклад, конкурс маладых беларускіх музыкаў «Заспявай.BY», ініцыятарам якога выступіў Сяргей Будкін і музычны партал Tuzin.fm. Пра ўсе гэтыя праекты і ўмовы удзелу ў іх можна прачытаць на сайце Фонду «Вяртанне».

Атрымаць беларускі пашпарт замест расейскага – безумоўная мэта

Маючы расейскае грамадзянства, Павал чатыры гады таму з’ехаў у Еўропу і пакуль жыве там: «Цяпер мне больш зручна працаваць адтуль, мяркую, больш карысці ад гэтага атрымае і краіна. Магчыма, на пенсіі, калі адбудуем маёнтак і бізнtс-справы наладзяцца так, што мой удзел ці няўдзел у іх не будзе крытычным – я прыеду піць каву на балконе Падароскага палаца. Але беларускі пашпарт як замена расейскаму – мая безумоўная мэта на блізкую будучыню. Каб не казалі пра мяне: «расейскі бізнесмен выкупіў беларускую сядзібу», каб казалі: «беларускі бізнесмен спрыяе адраджэнню беларушчыны».

Глядзіце ўсе фота:



Мікола Дзямідаў, belsat.eu
Стужка навінаў