Як расейцы ў Горадні шукалі розніцы і падабенства з Расеяй


«Смурод рэальна пякельны», – затыкаў нос у расейскі відэаблогер Андрэй Ніфёдаў у Беларусі па дарозе ў Горадню.

Папулярны ў Расеі відэаблогер Андрэй Ніфёдаў выправіўся са сваймі таварышамі на захад Беларусі, каб параўнаць нашую краіну з Расеяй. Відэа са свайго падарожжа блогер выклаў у сеціве.

Яшчэ не даехаўшы да Горадні, расейцы пачалі наракаць, што ім тут «смярдзіць птушкафабрыка, завод медпрэпаратаў і цукровы завод». «Смурод рэальна пякельны», – заўважыў Андрэй Ніфёдаў.

«Залятаем у Горадню. Я чакаў пабачыць маленькі гарадок тыпу Траецкага (прадмесця – рэд.) на Нямізе, але тут даволі вялікі горад адгрохалі», – падзяліўся адзін з расейскіх падарожнікаў.

У сталоўцы, якую Ніфёдаў назваў «саўдэпаўскаю», яму прапанавалі двайную порцыю яйка ў халадніку, бо той не хацеў смятаны. «У Расеі я б такога не пачуў, гэта ўнікальны народ», – падкрэсліў блогер, адзначыўшы, што беларусы таксама спакойна рэагуюць, калі іх здымаюць на камеру. Дзівіліся расейцы таксама малым беларускім коштам у параўнанні з расейскімі.

Наведалі турысты з-за ўсходняй мяжы і Аўгустоўскі канал. «Вельмі прыгожыя, маляўнічыя месцы. Літаральна супакойваюць… На шашлык прыязджаць – лепей не прыдумаеш», – скаментавалі госці з Расеі.

«Як тут клёва, – каментавалі падарожнікі на вуліцы Савецкай у Горадні. – Але яна хутчэй не савецкая, а еўрапейская». Тут яны пакаштавалі некаторыя беларускія стравы: жур і мачанку. Беларуская ежа ім спадабалася, праўда, каларытныя назвы выклікалі ў іх неўразуменне. «Мне не падабаецца назва »мачанка« – мачавіну нейкую нагадвае», – каментаваў Андрэй Ніфёдаў. Часам аднак расейцы спрабавалі прамаўляць, на іх думку, па-беларуску, але іх вымаўленне больш нагадвала ўкраінскае. Ніфёдаў пахваліўся веданнем дзвюх беларускіх словаў: бусел і бульба.

«Люблю Беларусь», – напісаў расейскі блогер пад відэа. «Хачу жыць у Беларусі», – каментавалі інтэрнаўты з Расеі. «Стаўце лайкі за тое, што Ніфёдыч пабываў у культурнай сталіцы Беларусі – Горадні», – выказаўся адзін з жыхароў гарадзенскага мікрараёну Дзевятоўка.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў