Як прыватная вайсковая кампанія бараніла Беларусь

У сакавіку мы адзначым 101-я ўгодкі БНР, спробу адбудовы незалежнай Беларусі. Напісана ўжо шмат тэкстаў аб прычынах паразы маладой беларускай дзяржавы, адна з галоўных – не паспелі стварыць войска, якое магло бараніць Беларусь. Былі спробы нават прыцягнуць да гэтай справы прыватную вайсковую кампанію.

Менавіта атрад нашага земляка Станіслава Булак-Балаховіча і можна лічыць першай беларускай прыватнай вайсковай кампаніяй. Беларусы зноў апярэдзілі ўсіх, бо ў ХХ стагоддзі прынята рабіць адлік ад 1967, калі паўстала першая прыватная вайсковая кампанія «Watchguard International». Беларускія гісторыкі спрачаюцца, ці можна лічыць ягоны атрад беларускім, ці можна залічваць балахоўцаў у пантэон герояў. Крытыкі Булак-Балаховіча закідаюць яму адсутнасць колькаснай перавагі беларусаў у атрадзе, жаданне атрымаць фінансаванне, а таксама ўдзел у вайне на розных баках. Пералічана толькі некалькі фактаў, і ўжо відаць усе прыкметы прыватнай вайсковай кампаніі. У складаныя часы грамадзянскай вайны наш зямляк Станіслаў Булак-Балаховіч здолеў сабраць вакол сябе людзей розных нацыянальнасцяў, якія ўмелі ваяваць і добра гэта рабілі.

Далей быў рэйд з Эстоніі ў Беларусь. Палітычныя спрэчкі ў беларускім асяроддзі і адсутнасць фінансаў ня далі магчымасці сфармаваць беларускае войска. Атрад Булак-Балаховіча далучыўся да польскага войска і вёў баі з бальшавіцкімі войскамі ва Украіне, актыўна прымаў удзел у Варшаўскай бітве, якую назвалі «Цудам на Вісле».

Складаная палітычная абстаноўка, прыродны авантурызм, амбіцыі, жаданне ваяваць з бальшавікамі – гэта рухала Станіславам Булак-Балаховічам, калі ён уступаў у хаўрусы, рабіў палітычныя заявы. Знакаміты Палескі паход, спробы стварэння ўраду пад бел-чырвона-белым сцягам. Вайсковая параза, адыход за мяжу і раззбраенне.

Рыжская мірная дамова падзяліла Беларусь, пачалася вайна выведак і дыверсій. Станіслаў Булак-Балаховіч са сваймі жаўнерамі асеў у Белавежскай пушчы і шукаў магчымасці весці вайну з Савецкім Саюзам.

Ёсць звесткі, што ён ўдзельнічаў нават у грамадзянскай вайне ў Гішпаніі на баку генерала Франка. А калі Нямеччына напала на Польшчу, далучыўся да падпольнай барацьбы з акупантамі, загінуўшы ў траўні 1940 году.

Постар Беларускай Нацыянальнай Памяці

Сёння, 10 лютага, Дзень народзінаў нашага земляка Станіслава Булак-Балаховіча, якога адныя лічаць героям, другія – вайсковым злачынцам, трэція – авантурыстам. Дакладна можна сказаць толькі адно: яго атрад – гэта першая прыватная вайсковая кампанія, якая паўстала ў нашым рэгіёне, і адзіная вайсковая фармацыя, якая магла абараніць Незалежнасць Беларусі. Іншых варыянтаў не было.

Анатоль Міхнавец,

Беларуская Нацыянальная Памяць

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў