Як працуе ініцыятыва ByChange, якая дапамагае былым сілавікам «увайсці ў IT»


Даць вуду, а не рыбу – такім лозунгам кіруецца ініцыятыва ByChange. Яе мэта – дапамагчы знайсці працу асобам, якія згубілі яе праз уласныя погляды. Праект ByChange дапамагае ўвайсці ў IT-галіну тым, хто страціў працу праз свае выказванні ці перакананні. Былыя сілавікі, настаўнікі, дактары цяпер з дапамогаю ментараў могуць перакваліфікавацца ў праграмістаў.

Нехта мусіць дапамагаць людзям

Стваральнік ByChange – былы следчы Яўген Юшкевіч. Ён скончыў юрфак БДУ, дзе вучыўся на пракурорска-следчай спецыяльнасці. Пасля заканчэння ўніверсітэту працаваў у пракуратуры і Следчым камітэце. Аднак потым сышоў з органаў і цяпер працуе як Android-распрацоўнік.

Стваральнік праекту ByChange Яўген Юшкевіч.
Фота: архіў героя

Над стварэннем ініцыятывы ён пачаў задумвацца яшчэ год таму. Паралельна пачаў рыхтаваць да «выхаду» з сілавых ведамстваў сваіх знаёмых, якія звярнуліся да яго з просьбаю дапамагчы. Яўген прыгадвае, што яму пісала вельмі шмат людзей розных прафесіяў. Прасілі распавесці, ці не страшна былі сысці, як вучыўся, як уладкоўваўся.

Hавiны
«Канцэнтрацыя Беларусі». Што экс-кандыдат у дэпутаты здабыў у войску
2020.05.25 16:10

Потым гэтая плынь толькі пачала разрастацца і ў пэўны момант дасягнуў такой колькасці, што Яўген проста не паспяваў адказваць на паведамленні.

«Я быў уражаны, наколькі яны няўпэўненыя ў сваіх сілах і проста прывучаныя да таго, што яны «тупыя і нічога не вартыя», – прызнаецца Яўген.

Місію праекту стваральнікі бачаць, як згадку аб тым, што ў Беларусі ёсць грамадзянская супольнасць. «Нашыя валанцёры перажываюць за будучыню краіны і гатовыя дапамагаць тым, каму гэта патрэбна. Калі нехта дапамагае бяздомным коцікам, мусяць быць і тыя, хто намагаецца дапамагчы і людзям», – зазначае Яўген.

Афіцыйная дата запуску праекту – 25 чэрвеня, калі адначасова выйшлі некалькі пастоў на розных пляцоўках аб ByChange.

Абсалютна апалітычны праект

«Праект абсалютна апалітычны, не падтрымлівае аніякія партыі, рухі, ідэалогіі. Анікога з нас не спансіруюць ані ЦРУ, ані ФСБ, аніхто ўвогуле. Завербавалі нас толькі нашае сумленне і здаровы сэнс. Гэта нашая адзіная ідэалогія», – папярэджвае Яўген.

Мэта ByChange – не заахвоціць людзей хутчэй сысці з дзяржаўнай службы, але хутчэй і лягчэй адапатавацца да новай прафесіі.

Апроч Яўгена адным з сузаснавальнікаў праекту стаў вядомы ў IT-колах YouTube-блогер АйТиБорода (сапраўднае імя – Аляксей Картыннік). Ён далучыўся да праекту некалькі тыдняў таму на пачатковых этапах. У Аляксея за плячыма 8 гадоў распрацоўкі рознага праграмнага забяспечвання і некалькі гадоў выкладання праграмавання.

Блогер Аляксей Картыннік.
Фота: архіў героя

«Ідэя ініцыятывы ад пачатку была блізка мне па духу, і я з задаваленнем далучыўся», – распавядае Аляксей Картыннік.

Як працуе праект

ByChange – цалкам валанцёрскі сэрвіс. Ахвотныя знайсці новую працу мусяць запоўніць анкету, у якой трэба патлумачыць як чалавека звольнілі і за што. Яўген падкрэслівае, што аніхто не будзе займацца дадатковымі праверкамі. Аднак у ініцыятывы ёсць свае метады верыфікацыі.

«Мы ўжо знаходзіліся несумленныя заявы. Але прэзумпцыя даверу да людзей – на першым месцы», – зазначае стваральнік ByChange.

Ядро праекту – ментары. Гэта людзі, якія даўно працуюць у IT – галіне і могуць дапамагчы парадаю, кантактамі або ведамі. Даваць вуду, а не рыбу – вось прынцып праекту ByChange.

Фота з сайту курсаў навучання праграмістаў у Беларусі

Яўген зазначае, што шмат хто пры пераходзе ў іншыя галіны шмат вучацца, але не ў тым парадку. Таму задача ментара – патлумачыць, якім чынам навучацца і ўдасканальвацца.

Аляксей Картыннік зазначае, што кожны чалавек абірае зручны для сябе шлях навучання.

«Мы, як ініцыятыва, не даём курсы або платформу. У нас ёсць шмат айцішнікаў, якія гатовыя накіроўваць чалавека і кансультаваць яго ў пытанні выбару IT-прафесіі, дапамагаць знайсці актуальную і карысную для яго развіцця інфармацыю. Гэта і ёсць ментарства ў нашым разуменні», – тлумачыць блогер.

Як чалавеку без досведу патрапіць у IT?

Стваральнікі ініцыятывы зазначаюць, што ў Беларусі менавіта IT-галіна – галоўная сфера-мецэнат, дзе сканцэнтраваныя асноўныя людскія кампетэнцыі і рэсурсы.

«У нас няма свайго ўмоўнага Газпрому, і шмат вельмі разумных людзей рана або позна трапляюць у варонку IT», – гаворыць Яўген Юшкевіч.

Ён зазначае, што IT вельмі дэмакратычная галіна, дзе ацэньваюць толькі навыкі і досвед. Туды могуць патрапіць любы, яна дае магчымасць зарабіць, а не атрымаць заробак.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Аляксей Картыннік зазначае, што пачаць кар’еру ў IT прасцей, чым у іншых галінах. Дастаткова паўгода – год актыўнага навучання па некалькі гадзінаў на дзень. Варта таксама валодаць ангельскай хаця б на ўзроўні, які дапамагае чытаць простыя артыкулы ў інтэрнэце.

На пытанне, ці будуць у крызіс запатрабаваныя новыя працаўнікі без досведу, Аляксей адказвае рашуча:

«Калі нашыя ўдзельнікі ўжо здолеюць чамусьці навучыцца, спадзяёмся, крызіс ужо не будзе актуальны. Апроч гэтага, нашая хуткасць працы не такая высокая, каб казаць аб агульным буме навічкоў на рынку ў будучыні. Мы апрацоўваем па некалькі заявак на дзень, аднак для рынку працы гэта не вельмі шмат».

Блогер нагадвае, што «айцішка» – гэта намаганні і ўпартая праца на вынік. Таму яны падкрэсліваюць, што даюць вуду, а не рыбу.

Фота: «Белсат»

Першыя вынікі

За першы тыдзень яны атрымалі больш за 350 заяў ад звольненых і апрацавалі 250. Ужо з 66 людзьмі атрымалася звязацца і працаваць. А для 13 чалавек ужо знойдзеныя ментары.

Падрабязней пра людзей, якія захацелі ўзяць удзел у праекце, арганізатары пакуль сказаць не могуць – праз спецыфіку сферы.

Назвы кампаніяў, з якімі супрацоўнічае ініцыятыва, Яўген пакуль называць не можа. Кажа толькі, што зараз працадаўцы прапаноўваюць 12 актуальных вакансіяў.

«Праект доўгатэрміновы, таму аніякіх канкрэтных вынікаў прадказаць мы не можам», – падкрэслівае Яўген Юшкевіч.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў