Як прайшоў першы дзень агульнанацыянальнага страйку. Галоўнае


26 кастрычніка ў Беларусі мусіла распачацца агульнанацыянальная забастоўка, да якой заклікала Святлана Ціханоўская па завяршэнні тэрміну народнага ўльтыматуму. Belsat.eu падводзіць галоўныя вынікі першага дня страйку.

Найбольш драматычныя падзеі ў першы дзень забастоўкі адбываліся на прадпрыемстве «Горадня Азот». Там да страйку далучыліся два ключавых цэха заводу («Карбамід-4» і «Аміяк-3») – рабочыя проста адмовіліся падмяняць начную змену.

Раніцай на прахадной сабралася да 200 рабочых, супраць якіх улады кінулі АМАП. Сілавікі дзейнічалі вельмі жорстка: паводле стачкаму прадпрыемства, у аўтазаках рабочых збівалі дубінкамі і крычалі ім «Што, с…? Працаваць не хочаце?». Затрыманыя былі дзясяткі чалавек, большасць з іх цягам дня выпусцілі пасля складання пратаколаў і размоваў.

Дзясяткі рабочых далучыліся да забастоўкі на «Беларуськаліі», некалькі цэхаў адмовіліся ад працы на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова. Хваляванні былі заўважаны таксама на «Атланце», БМЗ, МАЗе, МТЗ, Менскім маторным заводзе, БелОМА, МЗКЦ ды шэрагу іншых прадпрыемстваў. Аднак усе яны мелі лакальны характар і не прывялі да істотных збояў у працы заводу.

Пераважна дзеянні рабочых абмяжоўваліся стыхійнымі сходамі і шэсцямі на тэрыторыі заводу, а таксама перамовамі з кіраўніцтвам. У шэрагу выпадкаў людзі далучыліся да страйку ў фармаце італьянскай забастоўкі.

Сілавікі ў сваю чаргу патрулявалі тэрыторыю вакол заводаў, каб рабочыя хваляванні не перакінуліся на вуліцу. Напрыклад, каля МТЗ дзяжурыў аўтазак і бусікі – міліцыянты разагналі людзей, якія прыйшлі падтрымаць рабочых ля прахадной. Дзяжурылі аўтазакі таксама каля МАЗу, «Атланту» і МЗКЦ.

Міністр прамысловасці Петр Пархомчык увечары заявіў на СТВ, што ўсе прадпрыемствы міністэрства працуюць ў звычайным фармаце, «хоць у абедзенны перапынак, у тэхнічныя перапынкі людзі збіраліся, абмяркоўвалі бягучую сітуацыю».

Да агульнанацыянальнага страйку далучыліся працаўнікі дзясяткаў прыватных кампаніяў, крамаў і кавярняў. Сотні чалавек выйшлі на акцыю салідарнасці ля Парку высокіх тэхналогіяў (іх некалькі разоў разганяў АМАП). Працаўнікі мабільных аператараў А1 і МТС стваралі ланцугі салідарнасці каля галоўных офісаў сваіх кампаніяў.

Падтрымалі пратэсты ў dominos.by, Oz.by, «Піцца Лісіца» і шматлікіх іншых кампаніях.

Прынялі ўдзел у страйку сотні студэнтаў МДЛУ, БНТУ, БДМУ, БДУКМ, БДУІР, БДТУ, розных факультэтаў БДУ ды іншых навучальных установаў.

Цягам дня яны ладзілі акцыі пратэсту як непасрэдна на тэрыторыі сваіх ВНУ, так і на вуліцах Менску (частка студэнтаў далучылася да Маршу пенсіянераў). Баставалі і студэнты ў рэгіёнах – у ВДМУ, ГрДУ імя Янкі Купалы і БрДТУ.

Студэнцкія акцыі спрабавалі разганяць сілавікі, часам вельмі брутальна. Пры гэтым у Міністэрстве адукацыі факт забастовак адмаўляліся прызнаваць. Паводле міністра Ігара Карпенкі, «навучальны працэс ва ўсіх установах адукацыі краіны ідзе ў штатным рэжыме».

Абноўлена
Студэнты падтрымалі агульнанацыянальны страйк
2020.10.26 10:32

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў