Як прадпрымальнікі ў Менску пратэставалі


Замест плошчы Бангалор – Кастрычніцкая. У самым цэнтры Менску, а не ў аддаленым парку Дружбы народаў адбылася першая сёлета масавая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў у сталіцы. Паводле розных ацэнак, у мітынгу паўдзельнічалі ад некалькіх соцень да тысячы чалавек.

«Бандыт я, разумееце? Мне сказалі. А што я такога бандыцкага зрабіў?», – пытае прадпрымальнік.

«Вы бачыце, колькі людзей засталіся без працы? Значыць яны не змогуць ні карміць дзяцей, ні ўтрымліваць свае семʼі. А што далей? Далей толькі рабаўніцтва?», – распавядае разгубленая гандлярка.

«Калі гэтая тэма закранаецца, у мяне проста ліюцца слёзы з-за таго, што людзі засталіся без працы», – кажа скрозь слёзы ўдзельніца акцыі

Без працы прадпрымальнікаў пакінуў указ кіраўніка краіны №222 пра абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці замежнага паходжання. Яго адмена – галоўнае патрабаванне не толькі сённяшняй акцыі пратэсту, але і шэрагу іншых, што другі месяц не сціхаюць у рэгіёнах.

«Я скажу чаму ўведзены гэты 222-гі ўказ: гэта ідзе лабіяванне буйнога бізнесу. Але ж трэба думаць яшчэ і пра простых жыхароў, якія развілі свой маленькі бізнес, існуюць за кошт яго і плоцяць аграмадныя падаткі!», – мяркуе прадпрымальнік са Слоніму.

Адстаўка Лукашэнкі і акрэдытацыя Белсату

Зрэшты адменаю сертыфікатаў патрабаванні пратэстоўцаў не абмежаваліся. Сярод іншага, яны патрабуюць адмяніць плацежныя тэрміналы, увесці для прадпрымальнікаў пенсіі, а абмеркаваць гэтыя пытанні хочуць асабіста з Лукашэнкам.

Нечаканая прапанова, якая прагучала на мітынгу, – акрэдытаваць у Беларусі «Белсат». Наш канал, паводле прадпрымальнікаў, абʼектыўна асвятляе іхныя праблемы. Увогуле ж сярод эканамічных ды сацыяльных патрабаванняў гучалі і палітычныя.

«Я асабіста хачу змены ўлады, толькі поўная змена ўлады дапаможа нашым людзям», – прызнаецца прадпрымальнік з Менску.

«Я нават прыехаў выказаць недавер прэзідэнту, з такім прэзідэнтам мы далёка не зʼедзем», – дадае Мікалай Чарнавус, прадпрымальнік з Баранавічаў.

«Калі чалавек залез ва ўладу і 20 гадоў яго адтуль не выгнаць, то ён да катастрофы вядзе гэтую краіну», – падсумоўвае Уладзімір Няпомняшчых, прадпрымальнік з Гомлю.

Салідарнасць апазіцыянераў

Падтрымаць пратэст прадпрымальнікаў на плошчы прыйшлі лідары апазіцыі.

«Улада спрабуе вырашыць свае эканамічныя праблемы за кошт простых беларусаў, нягледзячы на тое, што ёсць маса спосабаў вырашыць нашыя эканамічныя праблемы. Але ўладу яны не задавальняюць, і яны лезуць у кішэню да людзей, таму я тут», – даводзіць Мікола Статкевіч, палітык, былы палітвязень.

Абураліся сёння з паводзінаў уладаў не толькі ў Менску. 150 прадпрымальнікаў выйшлі на плошчу ў Горадні ды дамагліся сустрэчы з кіраўніком гарвыканкаму. Сустрэліся з чыноўнікамі і пратэстоўцы-гандляры ў Магілёве.

Не будзе маўчаць і Менск. Калі ўказу пра абавязковую сертыфікацыю не адменяць, прадпрымальнікі вернуцца на плошчу ў наступны панядзелак, і гэтак да поўнай перамогі. Бо вядома, каб адчынілі дзверы, трэба ў іх грукацца, а каб перамагчы – змагацца.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Стужка навінаў