Амерыканская прадзюсарская кампанія «Lifetime» анансавала выхад фільму пра каханне брытанскага прынца, унука каралевы Элізабэт ІІ Гары ды ягонай жонкі, былой акторкі Мэґан. Чакаюць, што карціна выйдзе ў пракат ужо ў траўні 2019 года. І хоць у Беларусі сваіх манаршых дынастыяў няма, беларускі след прасочваецца ўва ўсіх кіроўных дамах Еўропы, у тым ліку і ў прадстаўніках брытанскай каралеўскай сям’і.
Карані ўсіх іх, калі верыць сярэднявечным летапісам ды хронікам, узыходзяць сярод іншага і да першага вядомага ўладара на землях сучаснай Беларусі – Рагвалода Полацкага. Пра самога князя амаль нічога не вядома. Прыйшоў «з-за мора», княжыў у Полацку. І ён, і ягоная дачка Рагнеда насілі скандынаўскія імёны – адпаведна, Рагнвальд і Рагнхільд. Каля 980 года яго разам з сынамі забіў наўгародскі князь Уладзімір. Вось у прынцыпе і ўсё, што занатавана пра яго.
Але воляю лёсу і дзякуючы ягонай дачцэ Рагнедзе не толькі адрадзілася Полацкае княства, але і Рагвалод апынуўся продкам еўрапейскіх манархаў на тысячагоддзе наперад. Сярод ягоных нашчадкаў – і ўсе сучасныя каралі і каралевы, герцагі і князі, якія ўзначальваюць краіны на еўрапейскім кантыненце.
Як жа так атрымалася? Рэч у тым, што паводле летапісаў у Рагнеды Рагвалодаўны з захопнікам Уладзімірам было даволі шмат дзяцей, не толькі будучы полацкі князь Ізяслаў. Сярод іх – і кіеўскі князь Яраслаў Мудры. Той у сваю чаргу, жадаючы парадніцца з каралеўскімі дамамі Еўропы, удала выдаў замуж сваіх дачок: Лізавета сталася жонкаю нарвежскаспадга караля Гаральда Суворага, Настасся – вугорскага Андраша І, а Ганна – французскага Анры І.
Праз сваю праўнучку Ганну Рагвалод стаўся продкам французскіх каралеўскіх дынастыяў Капэтынгаў, Валюа і Бурбонаў, а таксама іх адгалінаванняў у іншых краінах, у тым ліку і сённяшніх караля Іспаніі Фэліпэ VI ды герцага Люксембургу Анры. Прадстаўнікі Бурбонаў ды Валюа ёсць таксама сярод продкаў караля Бельгіі Філіпа, князя Ліхтэнштэйну Ганса-Адама ІІ ды князя Манака Альбэра ІІ.
Адзін з нашчадкаў Яраслава Мудрага, князь Аляксандр Гарбаты-Шуйскі, быў дзедам першага расейскага цара з дому Раманавых Міхаіла, а сярод ягоных нашчадкаў – каралева Даніі Марґрэдэ ІІ і кароль Нідэрландаў Вілем-Александэр.
Вельмі моцна былі пераплеценыя ў ХІ–ХІІ стагоддзях дынастычнымі саюзамі з нашчадкамі кіеўскага Яраслава ды, магчыма, полацкага Ізяслава польскія князі з дынастыі Пястаў і дацкія каралі. А праз гэта нашчадкі Рагвалода сярод іншага – шведскі кароль Карл XVI Ґустаф, нарвежскі Гаральд V і каралева Вялікай Брытаніі Элізабэт ІІ.
Калі ж пакапацца ў радаводах сучасных еўрапейскіх манархаў значна глыбей, то колькасць лініяў, па якіх іхным продкам ёсць першы полацкі князь, узрасце.
Як адзначыў у размове з карэспандэнтам Belsat.eu беларускі гісторык, кіраўнік праекту «Radawod» Вадзім Урублеўскі, з улікам таго, што «якіх толькі генаў няма ў тых каралеўскіх дамоў, што яшчэ ў Еўропе засталіся», не дзіва, што ў іх ёсць сярод продкаў і Рагвалодавічы.
Разам з тым, адзначыў суразмоўца, у гісторыкаў існуе сумнеў наконт таго, ці ўсе ўзгаданыя ў летапісах дзеці Уладзіміра і Рагнеды былі сапраўды ад яе. Прычына гэтага ў тым, што за кароткі прамежак часу жанчына можа нарадзіць шасцёра дзяцей толькі ў выключных выпадках. Таму існуе меркаванне, што некаторыя дзеці Рагнеды не маюць да яе дачынення.
Але, падкрэсліў гісторык, гэтае пытанне вельмі складанае і адназначнага адказу на яго няма.
МГ belsat.eu