Як песні палескіх бабуляў трапляюць у айфоны. Магія Палесся ў новым фільме «Белсату»


Спачатку яны едуць у экспедыцыю ў палескую глуш, а пасля ты танчыш пад гэтую музыку ў модным менскім клубе. Фільм «Беларускія песні: Традыцыя адлегласці» распавядае, як дзякуючы маладым ды апантаным, традыцыйны спеў не памірае разам са старымі палешукамі.

Дакументальна-музычны фільм рэжысёра Арцёма Лобача пабудаваны на творчасці трох маладых беларускіх гуртоў («Vuraj», «Re1ikt» ды «Shuma»), на экспедыцыях па Палессі, размовах з музыкамі ды жыхарамі тамтэйшых вёсак.

Раней абрадавыя песні перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Сёння гэтая традыцыя сыходзіць. Губляюцца зыходныя тэксты ды інтанацыі, страчваецца абрадавы сэнс. Але дзякуючы маладому пакаленню музыкаў, песні працягваюць жыць у новым фармаце.

«У мяне ёсць кроў іранская, азербайджанская, расейская, украінская, габрэйская, а беларускай крыві няма. Але я тут нарадзілася, у гэтым асяроддзі. Я дзяцёнак беларукай культуры, нягледзячы на кроў, – гаворыць адна з гераіняў фільму спявачка Руся. – Я дакранулася да гэтай прыгажосці, і мне вельмі хочацца, каб гэта зразумелі іншыя, адчулі, якая гэта вялікая і моцная культура».

Праўда, не ўсе этнографы ды музыкі цешацца, што сучасныя творцы змяняюць традыцыйны спеў пад сябе. Фільм зняты на мяжы відэаарту, дакументалістыкі і кліпмэйкерства. У ім мы чуем абрадавыя песні ды іх сучасныя аналагі.

Аўтар карціны Арцём Лобач – беларускі кінарэжысёр, кліпмэйкер, дакументаліст. Сярод ягоных працаў – дакументальныя фільмы «Простыя рэчы», «Шлях у Дамаск. Частка першая», мастацкія кароткаметражныя фільмы «Дом», «Змрок», «Бліжэй, чым ты думаеш», музычныя кліпы для «The Toobes», «J: Mors», «Akute», «Vuraj» ды інш.

Аўтар дзякуе Сяргею Доўгушаву і Віталю Чымбару за арганізацыю экспедыцыяў па Палессі. Аксане Багданавай – за магчымасць здымаць у Музеі Азгура. Студыі «DVAcine» – за відэматэрыял з канцэрту «Shuma». Віталю Ухванаву – за відэа з квадракоптару.

Афіцыйная прэзентацыя фільма «Беларускія песні: Традыцыя адлегласці» адбудзецца на 23-м Менскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у пазаконкурсным паказе »Беларуская панарама«. А на нашай старонцы вы можаце паглядзець яго ўжо цяпер (відэа вышэй)!

Стужка навінаў