Як перастаць есці салодкае і ці прымушаць дзіця есці? Псіхолаг — пра расстройствы харчовых паводзінаў


Кожны чацвёрты беларус, старэйшы за 16 гадоў, мае лішнюю вагу, сведчаць апошнія дадзеныя Белстату. Часцяком атлусценне становіцца следствам няправільных звычак, перакананняў і дзіцячых траўмаў, упэўненая Дар’я Альперн-Каткоўская, псіхатэрапеўт, якая ўжо чатыры гады працуе з людзьмі, якія пакутуюць ад расстройстваў харчовых паводзінаў (РХП).

У інтэрв’ю belsat.eu Дар’я распавяла пра тое, як наладзіць сістэму харчавання, прышчапіць дзецям правільнае стаўленне да ежы і чаму часам тым, хто ўпэўнены ў неабходнасці схуднець, не трэба гэтага рабіць.

Дар’я Альперн-Каткоўская. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

– Каб прачнуцца, сёння мне спатрэбіліся 2 кубкі кавы. А за 10 дзён у адпачынку кавы не хацелася ні разу. Гэта сімптом харчовага расстройства?

— Не. У гэтым выпадку кава – гэта не залежнасць, гэта неабходнасць. Кава дапамагае абудзіць арганізм, бо на адпачынку вы напэўна ўставалі пазней, чым у будні. У адпачынку мы і ямо, і п’ем больш. Справа ў тым, што ежа – самы просты і даступны спосаб «прытармазіць», расслабіцца. А ў тым, каб дапамагчы арганізму прачнуцца, няма нічога дрэннага. Напрыклад, свайму малодшаму сыну раніцай я даю што-небудзь салодкае.

– Дарэчы пра салодкае. Многія без яго не могуць пражыць і дня. Як зразумець, што цяга да шакаладу і булачак ператварылася ў залежнасць?

– Калі мы не гаворым пра псіхіятрычныя праблемы, а пра парушэнні харчоваых паводзінаў, то такім сігналам можа паслужыць ўнутраны дыскамфорт. Напрыклад, калі вы разумееце, што салодкае якім-небудзь чынам змяняе вашае жыццё не ў лепшы бок. Яшчэ адзін сігнал – калі вы заўважылі, што карыстаецеся салодкім як спосабам паўплываць на свае эмоцыі. Бывае, што ежа выконвае функцыю суцяшальніка, узнагароды, заспакойвае і г.д. Такія паводзіны не страшныя самыя па сабе, але могуць нашкодзіць, калі ператворацца ў сістэму, у аснову стаўлення чалавека да ежы.

Hавiны
Пах футбольнага полю і сініх матылькоў на далонях. Як беларуска дапамагае хворым дзецям пахамі
2019.08.07 10:27

– Дапусцім, чалавек зразумеў, што ў яго такая праблема, і прыйшоў да вас на прыём. З чаго пачынаецца праца?

– Часцей за ўсё да мяне звяртаюцца з праблемамі лішняй вагі і пераядання. У гэтых выпадках у першую чаргу я адпраўляю кліента на аналізы і да эндакрынолага. Важна выключыць саматычныя праблемы лішняй вагі, таму што змагацца псіхалагічнымі метадамі з саматыкай немагчыма. Таксама правяраюцца гармоны і шчытападобная залоза. Лішняя вага можа узнікаць праз запаволены абмен рэчываў, тады прычыны высвятляюцца ў гастраэнтэролага. Часам я накіроўваю людзей да псіхіятра – магчыма, прычыны пераядання крыюцца ў дэпрэсіі або трывожным расстройстве.

Але калі мы гаворым менавіта пра харчовыя парушэнні, ежа – гэта заўсёды сімптом таго, што адбываецца ў жыцці чалавека, часта не адзіны, але самы яркі. Высветліць, што ж адбываецца і як гэта змяніць – вялікая частка тэрапіі.

Я часта параўноўваю тэрапію з працай на гародзе: спачатку мы доўга ўскапваем, затым нешта выяўляем, і толькі потым працуем з тым, што маем.

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

– Груба кажучы, хтосьці можа запіваць праблемы алкаголем, а хтосьці заядаць?

– Так, прычым у нашым рэгіёне п’юць часцей мужчыны, а пераядаюць – жанчыны. І, дарэчы, не заўсёды менавіта пераядаюць. Калі адна жанчына сапраўды пачне есці усе запар, то другая перастане есці, а трэцяя будзе есці, але затым правакаваць ваніты.

Многія з тых, хто прыходзіць на тэрапію, выраслі ў сем’ях, дзе ежа была адзіным спосабам сказаць пра каханне. Напрыклад, мама ці бабуля могуць ўскосна трансляваць мэсэдж: «Ты павінен гэта з’есці, калі ты мяне любіш. Нельга не даесці тое, што я прыгатавала». Але шмат і тых, каго есці прымушалі наўпрост, бо па ўзроўні ўздзеяння на псіхіку гэта раўнасільна фізічным пакаранням. Прымус часта сканчаецца стратай адчувальнасці: чалавек сам не разумее, калі ён галодны, а калі не. Паколькі ў пачуцця насычэння быў знешні локус кантролю, напрыклад, бабуля, якая паўтарала: «Ты ж галодны, ты яшчэ не пад’еў».

Журавіны. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

–Як удаецца скарэктаваць паводзіны, закладзеныя ў дзяцінстве, і колькі часу на гэта ідзе?

– У большасці выпадкаў, калі кліент выглядае нарматыўна, хапае 20-30 сесій, якія праходзяць раз на тыдзень. Калі ж у пацыента сур’ёзная праблема з лішняй вагой, можа спатрэбіцца некалькі гадоў. Бо бываюць выпадкі, калі да праблемы, якая выклікала харчовае расстройства, даводзіцца падступаць доўга і акуратна. У першую чаргу я маю на ўвазе расстройствы, якія з’явіліся з прычыны сэксуальнага гвалту над дзіцем або падлеткам. Як я ўжо згадвала, у такіх выпадках няма адзінай паводніцкай парадыгмы: адныя дзяўчынкі, якія сутыкнуліся з дамаганнямі, могуць пасля шмат есці, падсвядома імкнучыся зрабіць сваё цела непрыгожым, а іншыя, наадварот, перастаюць есці, як бы заяўляючы: «Я не хачу вырастаць, не хачу мець грудзі і клубы, гэта небяспечна».

Прынцып, які я прапаведую – «Галоўнае, каб высілак не ператвараўся ў гвалт над сабой». Падчас тэрапіі ў пацыента паступова мяняюцца звычкі, прыходзіць ўсведамленне таго, што можна нешта недаесці, што ён не сметнік, каб закідваць у сябе ўсё запар.

А бываюць выпадкі, калі кліентка прыходзіць з жаданнем схуднець, але неўзабаве мы прыходзім да высновы, што гэтае жаданне прадыктаванае стандартамі, навязанымі грамадствам, або жаданнем яе родных, а саму жанчыну яе вага цалкам задавальняе.

– Папулярны допіс пра тое, як на жанчын цісне грамадства, вы як раз нядаўна рэпостнулі ў сябе на Фэйсбуку. А як поўнай жанчыне зразумець, што ёй усё-такі пара худнець, нават калі яе саму усё задавальняе?

Ніяк. Пакуль задавальняе, значыць, худнець не пара. Гэтая «пара» павінна быць толькі ўнутры, і менавіта ў высвятленні прычын гэтага «пара» часта заключаецца тэрапія. Дапусцім, да мяне прыходзіць жанчына з жаданнем схуднець на 10 кг. Нарадзіўшы дваіх дзяцей, яна паправілася да 68 кг, пры гэтым яна выдатна выглядае нават па сучасных канонах прыгажосці.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Мы робім практыкаванне – малюем шкалу, дзе насупраць мінулых гадоў пішам, колькі яна тады важыла, і пазначаем падзеі, якія адбываліся ў той час у яе жыцці. І высвятляецца, што запаветныя 58 кг яна важыла тады, калі была закаханай, у яе яшчэ не было дзяцей атрымліваецца, што па вялікім рахунку яна хоча вярнуць не тую вагу, а адчуванне радасці і закаханасці.

– А калі чалавек усё ж такі разумее, што есць занадта шмат?

Трэба адсачыць механізмы пераядання. Мы схільныя есці, калі стаміліся, злуемся або ўзрушаныя гэта, зноў-такі, следства таго, што ежа ўмее рэгуляваць арганізм, супакойваць і запавольваць яго.

Часам ежа падсвядома папаўняе страту каханага чалавека: скажам, «я буду гатаваць тое, што ўвесь час гатаваў мой нябожчык тата, і такім чынам сама буду да яго бліжэй». Хоць на самай справе трэба перажыць страту, а ежа тут ні пры чым. Яшчэ адна распаўсюджаная звычка есці за кампутарам, тэлевізарам або размовай.

– А як жа кніга «Ніколі не ешце ў адзіночку»?

Яна пра наладжванне сацыяльных сувязяў, а не пра адносіны з ежай. У ідэале калі ясі трэба толькі есці. А калі вы ідзяце з кімсьці ў рэстаран, за размовай старайцеся кантраляваць, ці наеліся вы, ці смачна было.

У цэлым тэрапія схіляе да высілку людзі, якія прайшлі яе, часцей схільныя купляць для сябе добрыя прадукты, гатаваць, клапаціцца пра сябе. Але калі раптам захочацца піцы або чыпсаў, у гэтым няма нічога страшнага: любая ежа легальная. Галоўнае, каб у цэлым адносіны з ёй былі выбудаваныя гарманічна.

ВІДЭА
«Прымушалі есці, а пасля назіралі, як мяне ванітуе». Беларусы ўзгадваюць жахі з дзіцячых садкоў
2019.02.27 16:11

– А як іх выбудаваць правільна з дзяцінства? Што вы параіце бацькам, для якіх дзіцячы абед ператвараецца ў доўгі і пакутлівы працэс, таму што дзіця не хоча есці?

Трэба разумець, што не было выпадку, каб пры наяўнасці ежы ў доме дзіця памерла ад голаду. Частка бацькоў наогул не дае сфармавацца пачуццю голаду ў дзіцяці, у выніку яно нават не разумее, што такое хацець есці. Многія дзеці любяць вельмі абмежаваны спіс прадуктаў, гэта нармальна. У такіх выпадках дастаткова паглядзець, што дзіця есць, і менавіта гэтым яго карміць, выключыўшы толькі салодкае. Хутчэй за ўсё, калі сабраць прадукты, якія дзіця папросіць за тыдзень, там будуць і бялкі, і тлушчы, і вугляводы. З гадамі ў рацыёне прадукты дададуцца. Але нават калі іх будзе не вельмі шмат, нічога страшнага. Не трэба сілком піхаць у дзіця моркву ці брокалі куды важней, каб яно не даводзіла, што любіць маму, з’ядаючы ўсё, што было на талерцы, а пасля не ўспрымала ежу як катаванне.

Hавiны
«Я адчула сябе пасудзінай, з якой вылілі мутную ваду». Тры жанчыны распавядаюць, як змянілася іх жыццё пасля псіхатэрапіі
2019.07.27 17:42

Марына Вашкевіч/АА belsat.eu

Стужка навінаў