Грамадскі актывіст, лідар моладзевай арганізацыі «Zmena» Павел Вінаградаў 12 снежня з’ехаў да бацькі ў райцэнтр Беразіно, што за 100 кіламетраў ад сталіцы.
Прычынамі свайго ад’езду ён назваў сямейныя абставіны і пратаколы «за п’янку». «Міліцыя паабяцала мне, што, калі яны ўступяць у сілу, мяне адправяць на камісію, на якой мяне плануюць зрабіць хранічным алкаголікам і потым накіраваць у ЛПП. І каб гэтага не адбылося, я вырашыў з’ехаць ад граху падалей з горада-героя Мінска ў горад Беразіно», – сказаў Павел.
Журналісты і праваабаронцы, якія сабраліся, каб падтрымаць актывіста, параўналі сітуацыю са ссылкаю з Масквы ў Горкі аднаго з лідараў праваабарончага руху ў СССР Андрэя Сахарава. У 1960-1970-я ў СССР такое практыкавалася ў дачыненні да дысідэнтаў, прычым у шмат якіх выпадках ім інкрымінавалі «дармаедства», якое адраджаюць сёння беларускія ўлады.
[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]
Бацька Паўла Юрый заўважыў, што ў савецкія часы і Беразіно адрознівалася ў гэтым плане: у горадзе некалькі цагляных заводаў, куды на працы высылалі тых, каго прынята называць «асацыяльнымі элементамі».
Рэчы актывісту давялося збіраць у паскораным тэмпе, бо нечакана патэлефанавалі з Маскоўскага РУУС і паведамілі, што ў Беразіно ён павінен з’явіцца ў міліцыю яшчэ перад абедам. Павел спакаваў з сабою камп‘ютар і сувенір уласнага аўтарства – злепленага з мякішу за кратамі мядзведзя.
[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]
Праваабаронцы «Вясны» зрабілі Паўлу сімвалічны падарунак у дарогу – рэпрадукцыю карціны «Ленін у Шушанскім» (як вядома, у гэтай сібірскай вёсцы 27-гадовы ссыльны рэвалюцыянер дарма часу не губляў, агітуючы сялянаў супраць цара) і «Халоднае крыло Радзімы» – кнігу, напісаную ў няволі Алесем Бяляцкім.
За провадамі ў Менску сачылі людзі ў цывільным. Павел Вінаградаў мяркуе, што правядзе ў Беразіно год.
Паводле spring96.org, фота Фота Насты Лойкі, spring96.org