«Гадзіна W»: палякі ўшаноўваюць памяць герояў Варшаўскага паўстання


Сёлета 1 жніўня ў Польшчы адзначаюць 72-ю гадавіну Варшаўскага паўстання. Самы важны момант падзеі – «Гадзіна W»: на вуліцы выходзяць сотні людзей з фаерамі ды сцягамі, а на ўсю польскую сталіцу пачынае выць сірэна. Гэта момант, калі ўсё пачалося.

«Дзе б вы не былі, затрымайцеся, ушануйце хвілінай маўчання тых, хто змагаўся і памёр за вашу свабоду. Выйдзеце з дому, з машыны, адарвіцеся на хвіліну ад працы, каб паказаць іншым, што вы памятаеце», – заклікалі гарадскія ўлады варшавякаў.

Варшаўскае паўстанне выбухнула 1 жніўня 1944 года і стала адной з найбуйнейшых бітваў польскага войска на працягу Другой сусветнай вайны. Яно доўжылася 63 дні і было накіравана супраць нямецкай акупацыі. Гітлер пасля пачатку змагання ў Варшаве даў загад цалкам знішчыць горад.

Фашысцкія войскі жорстка задушылі выступ. У паўстанні загінулі каля 16 тысяч паўстанцаў і 150 тысяч грамадзянскага насельніцтва. Польская партызанская армія тады была адным з самых шматлікіх рухаў супраціву ў Еўропе. Шэраг польскіх палітыкаў заяўляе, што нягледзячы на капітуляцыю, паўстанне ў выніку перамагло – была здабытая «маральная перамога».

А 21:45 глядзіце на «Белсаце» і онлайн наш дакументальны фільм «Гонар гораду. Варшаўскае паўстанне».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў