Як палітыка Джо Байдэна паўплывае на Беларусь


У адной з наймагутнейшых краінаў свету змяніўся лідар. Джо Байдэн склаў прысягу і афіцыйна замяніў на пасадзе прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. У чаканні інаўгурацыі на Нацыянальнай алеі Вашынгтону звычайна – сотні тысяч амерыканцаў. Гэтым разам – ні душы. Карэктывы ў традыцыю ўнесла пандэмія каронавіруса. Што цяпер будзе іначай для амерыканцаў і свету? Якімі могуць быць галоўныя прыярытэты новага лідара? І як праца адміністрацыі Байдэна паўплывае на Беларусь?

За ўрачыстасцю онлайн разам са Злучанымі штатамі назіраў бадай увесь свет. Джо Байдэн не абяцаў зрабіць Амерыку вялікаю зноў, але паабяцаў аб’яднаць яе.

Джо Байдэн, 46-ы прэзідэнт ЗША:

«Гэта наш гістарычны момант крызісу і выклікаў. А адзінства – гэта шлях наперад. І мы павінны сустрэць гэты момант як Злучаныя Штаты Амерыкі. Калі мы гэта зробім, я гарантую, што мы не прайграем. Мы ніколі, ніколі, ніколі не зазнавалі няўдачаў у Амерыцы, калі дзеялі разам. Сёння, у гэты час, у гэтым месцы, давайце ўсё пачнем спачатку».

Гімн ЗША выканала Лэдзі Гага. Адбыліся жывыя выступы іншых зорак: Джэніфэр Лопэс і Джастына Тымбэрлэйка.

Гэтая інаўгурацыя запомніцца небывалым дагэтуль узроўнем бяспекі. Яшчэ напярэдадні прысягі ў раёне абмежавалі рух, тэрыторыю ля Белага дому і Капітолію абнеслі плотам, а на кожным скрыжаванні дзяжурыла Нацыянальная гвардыя. Агулам – 25 тысяч вайскоўцаў. Усё для таго, каб не дапусціць магчымае правакацыі з боку прыхільнікаў Доналда Трампа.

Раней, шостага студзеня, падчас канчатковае сесіі ў падліку галасоў, натоўп пратэстоўцаў уварваўся ў будынак Капітолію. Палата прадстаўнікоў абвесціла Доналду Трампу імпічмент, што чакае разгляду ў Сенаце.

Каментуе Валер Кавалеўскі, беларускі дыпламат, які шмат гадоў жыў у ЗША, а цяпер працуе ў штабе Святланы Ціханоўскай:

«Шмат хто з прэзідэнтаў цярпеў паразу на выбарах, але ўсе прэзідэнты пераступалі эмоцыі і знаходзілі ў сабе сілы, каб павітаць новага прэзідэнта, каб перадаць яму ўладу належным чынам. Не звяртаючыся да асабістых характарыстык Трампа, я магу сказаць, што гэта не спрыяе палітычнаму працэсу, не спрыяе адзінству нацыі».

Падзеі апошніх тыдняў выклікалі ў Трампа напружанасць. Ён пастанавіў не прысутнічаць на інаўгурацыі, адмовіўся ад сімвалічнае перадачы ўлады ў Белым доме ды сустрэчы сем’яў – былога і новага прэзідэнта. Ад былога прэзідэнта прагучала толькі развітальная прамова.

Ганна Любакова, аналітычны цэнтр «Atlantic Counсil», ЗША:

«Доналда Трампа запомняць, як прэзідэнта, якому двойчы выставілі імпічмент у амерыканскай гісторыі. Трамп – гэта чалавек, які асігнаваў бюджэт на ўніверсітэты і каледжы, у якіх традыцыйны вучыліся цемнаскурыя, і гэта падвысіла ягоны рэйтынг. Былі, зразумела, і плюсы, і мінусы, і варта проста цяпер сачыць за тым, якія рэпутацыйныя шкоды прэзідэнцтва Трампа зрабіла Амерыцы».

Hавiны
Серж Харытонаў пра палітыку адміністрацыі Джоў Байдэна ў дачыненні Беларусі
2021.01.19 12:47

Новы лідар нацыі шмат у чым лічыць палітыку адміністрацыі Трампа разбуральнаю для Амерыкі. Першыя дні на пасадзе ён плануе заняцца адменаю некаторых пастановаў свайго папярэдніка. Менавіта ж – Байдэн верне Парыжскае пагадненне ў пытаннях клімату, скасуе забарону на ўезд для выхадцаў шэрагу мусульманскіх краінаў ды іншыя міграцыйныя пастановы. Пад нумарам адзін таксама змаганне з Ковід-19, пра што нагадваюць і ўсталяваныя на Нацыянальнай алеі дзвесце тысяч сцягоў амерыканскіх штатаў – сімвал страчаных падчас пандэміі жыццяў. Што яшчэ ў прыярытэце?

Ганна Любакова, аналітычны цэнтр «Atlantic Counсil», ЗША:

«Мяркую, цяпер вялікія надзеі ўскладае Еўразвяз на супрацу з ЗША. Гэта трансатлантычная супраца, якую Трамп крыху ігнараваў».

Валер Кавалеўскі:

«Таксама з Усходняй Азіяй, з Паўднёвай Карэяй, з Тайванем».

На пасадзе прэзідэнта Доналд Трамп нашаю краінаю мала цікавіўся, пакуль летась Беларусь і Расею не падзяліла нафтавая спрэчка. Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа прыехаў з візітам да Лукашэнкі, прапанаваў амерыканскую сыравіну і нават крэдыт для будаўніцтва нафтаправоду.

Кацярына Шмаціна, адмыслоўца ў аналітыцы Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«Гэта быў такі перыяд намаганняў беларускіх дыпламатаў і пэўных лабісцкіх інтарэсаў у тым, каб прадаць карцінку таго, што Лукашэнка, хоць і не найлепшы палітык, які б паважаў вяршэнства правоў чалавека, – той чалавек, які забяспечвае стабільнасць у краіне і адпаведна не стварае праблемаў ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне».

З пачаткам пратэстаў у Беларусі адміністрацыя Трампа не прызнала вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, увяла персанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў. Пры канцы года быў прыняты Абноўлены Акт аб дэмакратыі для Беларусі. Ці варта Беларусі разлічваць на хуткае падтрыманне, маючы гэткі падмурак?

Валер Кавалеўскі:

«Я думаю, менавіта ўвага Байдэна да пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека ў свеце будзе важным рухавіком амерыканскае вонкавае палітыкі. І разуменне беларускае сітуацыі, добрая інфармаванасць пра беларускую сітуацыю Байдэнам таксама будуць дапамагаць таму, што гэтае пытанне не будзе застойвацца».

Кацярына Шмаціна:

«Ёсць такія рызыкі, што Кітай будзе ўсё ж такі больш важным парадкам дня для Злучаных Штатаў або справы з узмацненнем менавіта трансатлантычнай еднасці, і да Беларусі можа проста не дайсці чарга».

У гэткім разе, адзначае Кацярына Шмаціна, беларускім дэмакратычным сілам варта нагадваць перадвыбарчыя выказванні Джо Байдэна пра неабходнасць увесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Актуальным аднак застаецца і запрашэнне на сустрэчу ад Джо Байдэна для Святланы Ціханоўскай.

Валер Кавалеўскі:

«Мы чакаем, калі прызначаць кіраўнікоў дзяржаўнага дэпартаменту, міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў для таго, каб распрацоўваць праграму візіту ў Вашынгтон. Безумоўна, мы ставім мэтаю зарганізаваць гэткую паездку і разлічваем, што адбудзецца сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША, асабістая сустрэча».

Пакуль вядома, што на пасаду намесніцы Дзяржаўнага сакратара ЗША вылучылі Вікторыю Нуланд. Чыноўніца, чые продкі паходзяць з беларускага Наваградка ды з Украіны, у адміністрацыі Байдэна будзе займацца палітычнымі пытаннямі. Нуланд заявіла пра гатовасць ЗША выпрацаваць план Маршала для нашае краіны.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Democratic National Convention V

 

 

Стужка навінаў