Як палепшыць беларускую эканоміку і не збяднець? Парады ад Сяргея Чалага


Развіццё экспарту

«Прыкладна вызначыць жыццяздольнасць эканомікі краіны можна паводле пераліку тавараў, якія яна экспартуе», – адзначае эксперт. – «І чым бліжэйшы кошык экспартных паслуг нейкай краіны да таго, што экспартуюць багатыя краіны, тым багацейшаю гэтая краіна становіцца». Адпаведна, трэба рухацца ў кірунку багатых краінаў.

Двойчы складаўся спіс экспартных пазіцыяў, у якіх Беларусь магла б пайсці наперад. Было вызначана каля 30-ці пазіцыяў. За апошнія 10 гадоў гэтыя пазіцыі практычна адныя і тыя ж. Гэта так званыя плады, што нізка вісяць, якія нашая краіна чамусьці не хоча «сарваць».

Развіццё сацыяльнага падтрымання працаздольнага насельніцтва

Нашая дзяржава не такая сацыяльная, якою сябе пазіцыянуе. Так, сапраўды, у нас было некалькі інструментаў вельмі эфектыўных у падтрыманні галоўным чынам непрацаздольных грамадзянаў.

Падчас крызісу 2014–2015 гадоў галоўнаю крыніцаю беднасці сталі працаздольныя людзі, якія былі альбо на частковай занятасці, альбо маглі страціць працу. І аказалася, што сацыяльнае падтрыманне працаздольных, якія засталіся без працы, у нас практычна адсутнічае. Адпаведна трэба перадусім развіваць гэты кірунак.

Ліквідацыя непрыбытковых дзяржпрадпрыемстваў

Нашыя ўлады кажуць: давайце мы не будзем выполваць пустазелля, а лепш пасеем туды нешта карыснае. Буйныя непрыбытковыя прадпрыемствы знішчаюць рэсурсы. Яны вырабляюць адмоўны дададзены кошт і тым самым забіраюць рэсурсы ў тых, хто мог бы выкарыстаць іх больш эфектыўна.

Адзін з галоўных фактараў беднасці сям’і – вялікая колькасць дзяцей

Некаторыя семʼі ў рэгіёнах, дзе няма працоўных месцаў з годнай аплатаю працы, у якасці забеспячэння стратэгіі сацыяльнага падтрымання сямʼі выбіраюць стратэгію нараджэння дзяцей. Але гэта працуе, пакуль дзіцяці не споўніцца тры гады. А далей? Яны, паляпшаючы сваё становішча за кошт такой нелагічнай стратэгіі, закладваюць будучы механізм, які гэтую беднасць яшчэ больш павялічыць праз некалькі гадоў.

Сяргей Чалы ў Гомлі. belsat.eu

Разняволенне і развіццё прыватнага бізнесу

У нас дзяржава ўсе гэтыя гады ўмела толькі павялічвацца ў эканоміцы, усё рабіць сама. А цяпер ёй трэба зменшыцца і дазволіць развівацца прыватнаму бізнесу.

Людзям варта не паддавацца цяперашняму спажывецкаму буму

Рызыкі пагаршэння будучых даходаў большыя, чымся шанец таго, што даходы будуць расці. А людзі працягваюць марнаваць грошы, спадзеючыся на далейшы рост даходаў. Нашая эканоміка не здольная далей працягваць тэмпы росту. Таму цяпер як найменш мае сэнс задумацца пра тое, каб сямейны бюджэт сыходзіўся, і не трэба было браць чарговы крэдыт, каб пагасіць стары. Любыя рэформы, калі яны пачнуцца, будуць даваць пагаршэнне сітуацыі. І трэба быць да гэтага гатовым і мець запас, на які можна будзе пражыць некалькі месяцаў без працы.

Сіламі Гомельскага дэмакратычнага форуму ў абласным цэнтры распачаўся шэраг сустрэчаў, прысвечаных мэтам устойлівага развіцця ААН. На першую сустрэчу «Пастка галечы: ці зможа Беларусь стаць багатай?» быў запрошаны эканаміст Сяргей Чалы.

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў