Як паддашша стала «пасткай» для 88-гадовай бабулі і не толькі


Тры кватэры на паддашшы дамка 1926-га году пабудовы ў Горадні ўлады не спяшаюцца ані рассяляць, ані рэмантаваць. Людзі засялілі страху пасля вайны – часова. Так і жывуць дагэтуль.

Дамок на вуліцы Шчаснага, 6 у Горадні мала адрозніваецца ад суседніх. Звычайны стары будынак, які некалі будаваўся для адной сям’і. Хто б мог падумаць, што акрамя двух кватэраў унізе, тут жа ёсць яшчэ тры – на паддашшы. Без аніякіх прыкметаў камфорту і цывілізацыі.

На паддашшы невялічкага будынку 1926-га году месціцца адразу тры кватэры. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Жыльцоў унізе ўсё задавальняе. Там ёсць і каналізацыя, і туалет, і ванная. А вось наверсе няма літаральна нічога. У прыбіральню жыльцы ходзяць на вуліцу, за 50 метраў ад дому. Замест ванны і душа – тазікі. Ацяпленне пячное. Газавыя пліты працуюць ад здаравенных балонаў з прапанам. Тут іх завуць «бомбамі запаволенага дзеяння». Дах цячэ, а сцены б’юцца токам, бо старая ізаляцыя даўно патрушчылася ад часу.

Сціплыя інтэрʼеры адной з трох кватэраў на паддашшы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Нам гэтага ніхто падчас прыватызацыі не тлумачыў!»

«Я ветэран працы! – узрушана кажа Тамара Канстанцінаўна, – Адпрацавала сумленна на дзяржаву. А мяне знялі з чаргі, калі гэта была яшчэ дзяржаўная кватэра. Сказалі, што метражу хапае. А што наконт умоваў? Ацяпленне пячное, балоны газавыя, прыбіральня на вуліцы… Добра, зараз зіма цёплая. А калі па 30 градусаў холаду, паспрабуй уначы туды-сюды пабегаць! Што рабіць?»

Тамара Канстанцінаўна паказвае зямлю, за якую плаціць, але ў якой не мае патрэбы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Жыхары кажуць, што былі вымушаныя ў свой час прыватызаваць кватэры, больш падобныя на шпакоўні, каб не плаціць за арэнду ці не апынуцца на вуліцы. У дадатак, чыноўнікі яшчэ і наблыталі са статусам дому – у дакументах спачатку пісалі, што блакаваны, а ён – шматкватэрны. Праз блытаніну, жыхарам «паддашша» яшчэ і зямлю далі, за якую тыя вымушаныя плаціць. Але патрэбы ў той зямлі, як прызнаюцца, зусім не маюць.

Адкіды сцякаюць наўпрост у Нёман – сярэднявечная каналізацыя ў ХХІ стагоддзі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Пішуць жа, што гэта блакаваны дом, – працягвае Тамара Канстанцінаўна, – А гэта, лічы, прыватная ўласнасць. Катэдж! Да яго далучаецца зямля, якую людзі маюць самі абслугоўваць, даглядаць. Нам гэтага ніхто падчас прыватызацыі не тлумачыў! Пасля калі мы сталі разбірацца і патрабаваць, то прызналі дом шматкватэрным. Але я надалей плачу за непатрэбную мне зямлю 73 рублі! Лепш бы азеляненне зрабілі ды лаўкі тут паставілі».

Жыхары дэманструюць перапіску з чыноўнікамі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Хай бы чыноўнікі так пажылі хаця б год!»

Замест азелянення – садок са старымі пладовымі дрэвамі, якія даўно не родзяць. Прыбіральня з двума ўваходамі. Драўляныя сараі, якія таксама «павесілі» на жыхароў. Адкіды з дому сцякаюць наўпрост… у Нёман. Да рэчкі застаецца каля 100 метраў, таму лайно сплывае ўніз без аніякіх чыстак. Улетку, як кажуць, пах тут стаіць жахлівы.

Мыюцца людзі ў тазіках, побач – балон з прапанам. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Хадзілі мы на сустрэчы да чыноўнікаў, кажуць: «Да пабачэння!», – бярэ слова Ірына Вітальенўна, якая жыве тут ад нараджэння ўжо 53 гады, – Маўляў, людзі яшчэ горш жывуць! А можа я лепш хачу жыць? Да мяне з Германіі, Польшчы прыязджаюць: «Як так можа быць, туалет на двары?.». – пытаюцца. А што я ім скажу? Хай бы чыноўнікі так пажылі хаця б год! Ніхто ж не захоча! Мы трапілі ў пастку на паддашшы…»

Прыбіральня на вуліцы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Заходзім у яшчэ адзін пакойчык. Там на ложку перад тэлевізарам ляжыць 88-гадовая бабуля. Яна ўжо дрэнна чуе і размаўляе з цяжкасцю, але ж – бачыць усё на свае вочы. Яе даводзіцца па любым надвор’і спускаць з лесвіцы і весці ў прыбіральню на двары па пяць разоў на дзень. Мыюць бабулю тут жа – у тазіку…

Hавiны
Замест матэрыяльнай дапамогі шматдзетнаму бацьку даслалі план пошукаў працы
2020.01.22 14:31

«Капітальны рамонт не прадугледжаны»

Жанчыны, на долю якіх выпала жыццё на паддашшы, пачынаючы з 2009-га году звярталіся ўжо неаднойчы ў гарвыканкам, аблвыканкам, пракуратуру, хадзілі на прыёмы. Апошнім крокам стаў зварот да Івана Лаўрыновіча, памочніка прэзідэнта ды інспектара па Гарадзенскай вобласці. Безвынікова.

88-гадовая жыхарка паддашша дрэнна чуе, затое – усё бачыць… Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«…Таксама інфармуем, што перспектыўнай праграмай капітальнага рамонту і цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў па г.Гордні на перыяд 2016-2020 гады капітальны рамонт жылога дому №6 па вул.Шчаснага не прадугледжаны, – зачытвае адказ з Гарвыканкаму ад 10 снежня 2019 г. Тамара Канстанцінаўна, – З прычыны шматлікіх дэфектаў будаўнічых канструкцыяў прынятае рашэнне аб неабходнасці правядзення абследавання спецыялізаванай арганізацыяй, па рэзультатах якога будзе вызначаная мэтазгоднасць рамонту ў вышэйзгаданым доме».

Да лістоў чыноўнікам жыхары звычайна прыкладаюць таксама акт яшчэ 2012-га году, паводле якога зношанасць сценаў ужо тады дасягнула 65%. Зрэшты, у тым жа акце будынак і кватэры на паддашшы прызнаюцца жылымі. Чыноўнікі, як не дзіўна, у адказах спасылаюцца на… той самы акт. Маўляў, калі ў 2012-м прызнаны жылым – значыць жылы.

З вокнаў бачны Нёман і цэнтр гораду, але ад гэтага не лепей. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«У адказах нам пішуць таксама, маўляў, вы ж добраахвотна прыватызавалі гэтае жытло, – кажа Тамара Канстанцінаўна, – Так, а куды нам было ісці? На сметніцу?. Альтэрнатывы ж не было. Адпрацавала ўсё жыццё, а зараз вось – заслужыла… Такое вось сярэднявечча».

Часовыя канструкцыі, якія даўно сталі доўгатэрміновымі… Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў