Як няма мяса, то і грыб закраса: Беларуская армія атрымала дзясяткі мадэрнізаваных БТР


Дэсантнікі ў новых БТР‑70МБ1. Фота – Мінабароны Беларусі

Віцебскія дэсантнікі атрымалі 32 бронетранспарцёра БТР-70МБ1 – машыны сталі лепш абароненымі, мабільнымі і больш камфортнымі.

Аднак чаму Беларусь мадэрнізуе распрацоўкі, якія былі створаныя ў СССР яшчэ ў першай палове 1970-х гадоў, а амаль усе суседзі нашай краіны ўжо пераўзбройваюць сваю пяхоту тэхнікай наступных пакаленняў?

Падзея для беларускіх камандас

БТР‑70МБ1. Фота – Мінабароны Беларусі

Новую тэхніку – 32 бронетранспарцёра пасля мадэрнізацыі і 18 120мм мінамётаў – атрымала 103-я асобная паветрана-дэсантная брыгада Сіл спецыяльнага прызначэння, паведаміла армейская газета «Во славу Родины».

Гэта даволі значная навіна для Сіл спецыяльных аперацый (ССА), адзначыў начальнік узбраення ССА палкоўнік Ігар Залатар. «Гэта першая насколькі маштабная пастаўка тэхнікі ў ССА за апошні час. У будучым мы маем намер пераўзброіць і іншыя вайсковыя часткі», – сказаў ён.

Налета плануецца таксама пераўзброіць 38-ю асобную дэсантна-штурмавую брыгаду.

Новыя мінамёты, якія былі набытыя ў Расеі, падвысілі агнявую моц брыгады – былі сфармаваныя дзве новыя мінамётныя батарэі. Кошт новых мінамётаў – меней чым $200 тысяч за штуку, пісаў раней Belarus Security Blog.

Хітра-мудра і нядорага?

Беларускі 140-ы рамонтны завод закончыў распрацоўку свайго варыянта мадэрнізацыі даволі старых савецкіх бронетранспарцёраў БТР-70 у пачатку 2017 года.

У выніку, як паведамляў Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт, атрымалася «значна палепшыць» хадавыя і абаронныя якасці машыны, а таксама зрабіць яе больш эрганамічнай – то бок камфортнай і зручнай для выкарыстання.

Віцебскія дэсантнікі падчас міжнародных вучэнняў «Славянскае братэрства» у канцы чэрвеня 2018 года. Фота Мінабароны Рэспублікі Беларусь

Бронетранспарцёр атрымаў больш магутны рухавік – 260 л.с. замест двух па 120 л.с. Максімальная хуткасць вырасла да 92 км/г з 80 км/г. Машына атрымала новую беларускую лічбавую радыёстанцыю Р-181-50ТУ «Драфа».

Быў заўважна перароблены корпус машыны – для зручнасці жаўнераў на 14 см падвышаная столь дэсантнага аддзялення. Каб выхад з машыны быў больш зручным, былі зробленыя больш шырокімі бакавыя люкі. Машына таксама атрымала ўстаноўкі для адстрэлу дымавых гранат.

Узбраенне БТР не змянілася – гэта 14,5 мм кулямёт КПВТ і 7,62 мм кулямёт ПКТ. Пра змены ў браніраванні машыны нічога не паведамляецца. Вага бронемашыны вырасла да 13 тон з 11,5 тон.

БТР-70 мадэрнізаваны да «Кобра-К». Фота – 140-ы рамонтны завод

Пры гэтым, адзначым, што гэта хіба адзін з самых танных варыянтаў мадэрнізацыі БТР-70. Уласна 140-ы рамонтны завод прапануе, напрыклад, мадэрнізацыю да варыянта «Кобра-К», у выніку якога машына замест буйнакалібернага кулямёта атрымлівае баявы модуль з 30мм пушкай і супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты, новы рухавік і іншыя прылады. http://www.140zavod.by/uslugi/kapitalnyy-remont-i-modernizatsiya-bronetankovoy-tekhniki/kapitalnyy-remont-i-modernizatsiya-kobra-k.html

Няма грошаў на развіццё войска

Беларусь мадэрнізуе савецкую машыну распрацаваную амаль 50 год таму, замест пераарыентавання на новую тэхніку. У той жа час нашыя суседзі купляюць і вырабляюць для сваіх армій найноўшыя ўзоры бронемашын для пяхоты.

Гэтак, Літва набывае сучасныя нямецкія БТР GTK Boxer з высокім узроўнем браніравання і ўзброеных 30мм аўтаматычнай пушкай. Расея ўжо цалкам зняла з узбраення БТР-70, купляе значна больш сучасныя БТР-82 і распрацоўвае новыя ўзоры БТР на колавай платформе «Бумеранг». Польшча мае бронетранспарцёры Rosomak на базе фінскага БТР Patria AMV, распрацаваныя ў канцы 1990-х гадоў.

Бранетранспарцёр GTK Boxer у варыянце, які пойдзе арміі Літвы. Фота Мінабароны Літвы

Чаму беларусы даюць сваім камандас – эліце войска – мадэрнізаваную, але старую тэхніку? Войска проста не мае грошаў.

Хоць у рыторыцы дзяржаўных СМІ вельмі шмат пра абарону і бяспеку, адна на самой справе дзяржаўны бюджэт аддае на нацыянальную бяспеку даволі нізкі адсотак сродкаў, адзначаюць эксперты.

«У сярэднім 75% сродкаў бюджэту ідуць на ўтрыманне асабовага складу. То бок усё астатняе – баявая падрыхтоўка, даследніцкія мэты, развіццё інфраструктуры, пакупка тэхнікі – застаюцца гэтыя 25%», – адзначаў на канферэнцыі гэтай вясной кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Ці абароніць краіну бедная армія?

Беларусь аддае сваёй прыкладна 60-тысячнай арміі кожны год усяго каля $600-$700 мільёнаў. Пры гэтым Польшча, маючы ўзброеныя сілы прыкладна ў 105 тысяч чалавек выдае на іх каля $9,3 мільярда.

Армія Літвы складаецца прыкладна з 20 тыс. асобаў – на іх літоўцы выдаюць больш за $800 мільёнаў. У іншых балтыйскіх краінах сітуацыя прыкладна такая ж.

Можна прывесці дадзеныя па Украіне (армія ў 250.000 чалавек, абаронны бюджэт больш за $5 млрд), Расеі (армія ў 1 млн чалавек, бюджэт $70 млрд), па іншых краінах рэгіёна.

Савецкая бранятэхніка ў шэрагах беларускай арміі. Фота Мінабароны Рэспублікі Беларусь

Але відавочна, што паўсюль у разліку на аднаго вайскоўца выдаюць грошаў у разы болей, чым у нас.

«Сілавыя структуры ніколі не былі прыярытэтам уладаў. Ім давалі роўна столькі, каб яны выконвалі свае функцыі і цешылі вока», – кажа Паротнікаў.

Прэстыжу войска не дапамагае выкарыстанне вайскоўцаў у якасці таннай працоўнай сілы. Фота Мінабароны Беларусі

Пры гэтым і беларускі жаўнер, і беларускі афіцэр не зарабляюць столькі, колькі трэба для таго, каб служба ў войску, падрыхтоўка да абароны незалежнасці краіны была сапраўды прэстыжнай.

У выніку беларуская армія, якая пакутуе ад яшчэ савецкага ідэалагічнага тлуму, адчувае не толькі дэфіцыт сучаснай тэхнікі, але і значны кадравы голад.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары