Як не звар'яцець падчас самаізаляцыі ў каранціне? Парады псіхолага


Кіно, музеі і тэатры зачыненыя, школы і ВНУ – на хатнім навучанні, працаўнікі і службоўцы – у пазапланавых адпачынках або працуюць з дому.

Каб абмежаваць распаўсюд COVID-19, каранцін афіцыйна абвесцілі не менш як у 35 краінах Еўропы. У Беларусі ж самаізаляцыю зазналі яшчэ не ўсе, хаця некаторыя з нас ужо пачалі працаваць дыстанцыйна. Як перажыць каранцін ды захаваць спакой, мы пацікавіліся ў псіхолагаў Людмілы Мірзаянавай і Таццяны Калгіной.

Чалавеку патрэбныя кантакты

Людзі – сацыяльныя істоты, даводзіць кандыдат псіхалагічных навук і дацэнт Людміла Мірзаянава. Як у плане эмацыйным, гэтак і ў плане інфармацыйным, нам важна атрымоўваць сігналы свету. Калі колькасць гэтых сігналаў памяншаецца, мы сумуем, у нас пагаршаецца настрой. Больш адчувальныя да недахопу камунікацыі – экстраверты. Інтраверты, наадварот, часамі самыя могуць шукаць ізаляцыі, у якой ім больш камфортна і лепш працуецца. Аднак усё ж большасць з нас – цягнецца да людзей, каб атрымаць падтрымку і новую інфармацыю.

Людміла Мірзаянава.
Фота: уласны архіў

Калі мы пазбаўленыя і музеяў, і тэатраў, і непасрэднага ўзаемадзеяння з людзьмі, нам дыскамфортна. Тое, што ва ўмовах афіцыйна абвешчанага ў еўрапейскіх краінах каранціну і ажыятажу на харчы і сродкі гігіены, людзі працягваюць хадзіць у краму, дэманструе нашую патрэбу не толькі ў пакупках, але таксама – у сацыяльных кантактах.

Што рабіць самому ва ўмовах хатняга каранціну?

– Фактычна, штодня ходзячы на працу, чалавек арганізоўвае свой час у адпаведнасці з працоўным графікам. Мы, як правіла, хутка збіраемся і загадзя плануем справы. Калі раптам, для таго, каб працаваць, становіцца неабавязковым выходзіць з дому, арганізм расслабляецца. Мы можам сабе дазволіць падняцца з ложку пазней, чым звычайна, парушаем звыклы рэжым дня, – распавядае псіхолаг Таццяна Калгіна.

Спрацоўвае адчуванне, маўляў, «удома я нікому нічога не абавязаны». Але гэтага не варта баяцца – сцвярджае Таццяна Калгіна. Арганізм адаптуецца і мы зможам выконваць працоўныя абавязкі ўдома гэтак жа эфектыўна, як у офісе.

Таццяна Калгіна.
Фота: уласны архіў

Пра неабходнасць адаптацыі кажа і Людміла Мірзаянава. Цяжэй давядзецца чалавеку на бальнічным, ці ў незапланаваным адпачынку. Гэтак, псіхалагічна варта прыняць стан знаходжання сам на сам з сабою, незалежна ад таго, дзе ты – удома ці ў пакоі шпіталя. Тут дапаможа псіхалагічная ўстаноўка – гатовасць падтрымаць самога сябе ды іншых (можна кантактаваць праз інтэрнэт, размаўляць па тэлефоне), заняць свае думкі і распланаваць вольны час, заняцца па магчымасці фізічнымі практыкаваннямі.

Каранцін – добры час, каб звярнуцца да справаў, якія ўвесь час адкладаў, адзначае Таццяна Калгіна. Можна давесці да ладу дачу ці сад: цяпер акурат добры час, каб апрацаваць зямлю і штосьці пасадзіць. Прыдасца таксама разабраць старыя рэчы.

Абноўлена
Каронавірус ў свеце і Беларусі. Галоўнае
2020.03.23 21:09

Як быць, калі разам усёй сям’ёй 24 гадзіны на содні?

Ці добра мы ведаем сваіх блізкіх? «Ізаляцыя ў сямʼі» нам гэта паказвае, а таксама дазваляе адкрыць самога сябе і блізкіх. Людміла Мірзаянава звяртае ўвагу на тое, што часам людзі ў сямʼі – вельмі розныя, але не заўважаюць гэтага: большасць дня бацькі праводзяць на працы, а дзеці – у адукацыйных установах. А таму каранцін – «добрая магчымасць лепш пазнаць адзін аднаго, даведацца пра інтарэсы сваіх дзяцей». Магчыма, хтосьці пачынае сварыцца, а хтосьці – яшчэ больш прывяжацца адзін да аднога. Нават першы выпадак – гэта нармальна, гэта – жыццёвая сітуацыя, якую трэба вырашыць і вынесці досвед. Таму ў стасунках з блізкімі псіхолаг раіць быць больш цярплівым і тонкім, спакойным ды цвёрдым – то бок, не панікаваць і ўмець дамовіцца адзін з адным.

Юлія Лабанава Belsat.eu

Стужка навінаў