Як не заразіцца каронавірусам? Тлумачым у малюнках


Сусветная арганізацыя здароўя, дактары даюць простыя парады, як не падчапіць заразы: мыць рукі, ветрыць памяшканні, не цалавацца… Belsat.eu сабраў асноўныя парады медыкаў, а мастак Дэ Лёс намаляваў карцінкі. Глядзім, усміхаемся і прытрымліваемся гігіены. Каб ніводны вірус не прайшоў!

Мыйце рукі з мылам

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Сусветная арганізацыя здароўя рэкамендуе мыць рукі з мылам як мага часцей. І не 2-3 секунды. Спачатку наносіце дастатковую колькасць сродку на рукі, а потым пачынаеце намыльваць. Колькі мыць? Праспявайце двойчы ўслых ці пра сябе знакамітую песеньку «Happy Birthday to You»: гэтага часу дастаткова, каб цалкам вымыць рукі. Пасля варта высушыць рукі аднаразовым папяровым ручніком.

Не дакранайцеся да рота і твару нямытымі рукамі

Тут усё проста. Хочаце дакрануцца? Спачатку вымыйце рукі і твар.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Узмацняйце імунітэт

Вітаміны, шпацыры, адсутнасць алкаголю і цыгарэтаў, спорт, дастатковы сон – цяпер акурат той час, каб згадаць звычайныя, але даволі эфектыўныя парады для здаровага ладу жыцця.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Не цалуйцеся і не паціскайце рук

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Лепш проста сказаць «вітаю». На нейкі час варта адмовіцца ад кантакту праз рукапацісканні. Ці вы ўпэўненыя, што ваш калега памыў рукі? Лепш не рызыкаваць. Пагатоў наўрад ці калега пакрыўдзіцца, калі вы яму не падасце рукі, а калі здзівіцца – нагадайце пра парады медыкаў ці дайце спасылку на гэты артыкул.

Пазбягайце кантактаў з хворымі

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Усе візіты да сяброў, калегаў, знаёмых і родных, якія захварэлі, лепш адкласці. Наагул, калі чалавек кепска сябе адчувае, парайце яму звярнуцца да медыкаў. Калі ўжо зусім не можаце не прыехаць да хворага, то прынамсі не заседжвайцеся ў гасцях і папрасіце надзець медычную маску, каб мікробы вас не атакавалі.

Насіце з сабою дэзынфектары

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Калі няма магчымасці памыць рукі, карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове і вільготнымі сурвэткамі.

Ветрыце памяшканні

Удома і ў офісе ветрыце памяшканні. Старайцеся рабіць гэта некалькі разоў за дзень па 20–30 хвілінаў. У замкнёным памяшканні вірус будзе блукаць ад чалавека да чалавека.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Што з маскамі?

Здароваму чалавеку не трэба насіць медычную маску – так кажуць у Сусветнай арганізацыі здароўя. Адзіны выпадак, калі трэба яе надзець, гэта калі вы прыйшлі да хворага. А вось хвораму маска патрэбная – так бактэрыі не пераскочаць на здаровых людзей. І памятайце: выкарыстоўваць маску можна роўна да моманту, пакуль яна не намокла.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Будзьце здаровыя, выконвайце парады медыкаў, захоўвайце спакой і дзяліцеся навінамі belsat.eu – праз спасылкі вірус дакладна не пройдзе.

ВЯ, belsat.eu

Стужка навінаў