Як Нацыянальны парк Прыпяцкі стаў галоўным ворагам палешукоў?


Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як у міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці быў створаны Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Як жа сталася, што прыродаахоўную зону жыхары некалькіх раёнаў успрымаюць як небяспеку?

Як усё пачыналася

Прыпяцкі запаведнік ад самага свайго стварэння ў 1969 годзе накладаў пэўныя абмежаванні на гаспадарчую дзейнасць. Але яны амаль не тычыліся мясцовых жыхароў. Палешукі пасвілі жывёлу, збіралі грыбы і ягады, нарыхтоўвалі сена, зёлкі, дровы, маглі лавіць рыбу ў Прыпяці, поймавых азёрах-старыцах ды малых рэчках. Забараняліся высечкі лесу ды паляванні ў запаведнай зоне. Асаблівая ўвага надавалася менавіта захаванню ўнікальных ландшафтаў і дзівоснай каляпрыпяцкай гідралогіі.

Занаванне запаведніка было такім, каб у наваколлі вёсак людзі маглі ашчадна карыстацца прыродай. Асабліва запаведнымі, дзе забаранялася ўсялякая гаспадарчая дзейнасць, былі старыя натуральныя лясы і розныя тыпы багны ў цэнтры леса-балотнага масіву запаведніка, а таксама амаль два дзясяткі лясных кварталаў каля самой поймы Прыпяці. У апошніх раслі незвычайныя поймавыя дубровы, аналагаў якім няма больш нідзе ў Еўропе.

Гэтыя лясы не падобныя на звыклыя паасобныя кучаравыя дубы ў поймах рэк, якія можна сустрэць шмат дзе. Густыя і гонкія поймавыя дубровы каля Прыпяці штогод на некалькі месяцаў пасля зімы сыходзяць пад ваду на вышыню да двух метраў. Гэта сфармавала ў іх адмысловы свет раслінаў і жывёл. Нават на ствалах дубоў, якія працяглы час знаходзяцца пад вадой, не развіваюцца зялёныя лішайнікі ды імхі, а жывуць іншыя арганізмы. Але для нармальнага функцыянавання ўнікальнай жывой супольнасці вада не мусіць мець перашкодаў, каб увайсці ў дубровы і пасля сканчэння паводкі сысці адтуль.

Як сведчаць былыя навуковыя супрацоўнікі запаведніка, адным з асноўных навуковых напрамкаў дзейнасці ўстановы было даследаванне гідралагічнага рэжыму поймавых дуброваў.

– Калі я працаваў навуковым супрацоўнікам, мы закладвалі пробныя плошчы ў запаведных масівах і ў эксплуатаваных лясах Жыткавіцкага лясгаса, параўноўваючы розныя паказчыкі развіцця ляснога арганізма, – узгадвае былы навуковы супрацоўнік запаведніка Васіль Балбуцкі. – У запаведніку нават леснікі, акрамя таго, што ахоўвалі лес, удзельнічалі ў навуковых працах. Яны вялі дзённікі назіранняў, куды ўносілі ўсе змены.

Вось ужо больш за 20 гадоў навуковыя даследаванні такога кшталту тут не ажыццяўляюцца, а колькасць супрацоўнікаў навуковага аддзелу зведзеная да мінімуму.

Разварот да карыстання

Кардынальная змена скіраванасці дзейнасці былога Прыпяцкага запаведніка адбылася ў кастрычніку 1996 года. Тады «моцным гаспадарнікам» з Ляскавічаў – тром родным братам Бамбізам – удалося пераканаць нядаўна абранага Аляксандра Лукашэнку ў тым, што ахоўваць і вывучаць прыроду – гэта марнатраўства дзяржаўных грошай, а на прыродзе трэба зарабляць. Указам прэзідэнта запаведнік быў перароблены ў Нацыянальны парк з шэрагам гаспадарчых функцыяў, а неўзабаве пры ім была створаная так званая эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка «Ляскавічы».

Старэйшы з братоў Бамбізаў – Мікалай – тады быў генеральным дырэктарам Нацпарку, сярэдняга Сцяпана прызначылі дырэктарам ЭЛПГ «Ляскавічы», а малодшы ачоліў Ляскавіцкае лясніцтва. Цяпер, праўда, сямейны расклад змяніўся – Сцяпан генераліць, пенсіянер Мікола ў яго ў намесніках, а Васілю стварылі прыватнае таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое арандуе 55 тысяч гектараў лясоў, лугоў і балотаў, а таксама 23 кіламетры Прыпяці з прылеглымі азёрамі ды арганізуе платныя паляванні і рыбалкі.

У склад «Ляскавічаў» у 1996-1997 гадах, паводле ўказу Лукашэнкі, перадалі лясы ад іншых суб’ектаў гаспадарання – Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Калінкавіцкага лясгасаў, а таксама палеткі некалькіх сельгаспрадпрыемстваў. У самой вёсцы Ляскавічы пабудавалі вялізны дрэваапрацоўчы завод, які дзеля выпуску дубовага паркету спажывае за содні некалькі соцень кубаметраў каштоўнай драўніны.

Быў час, калі Бамбізы пераканалі Лукашэнку нават у тым, што проста за праезд праз тэрыторыі, аддадзеныя Нацпарку, трэба плаціць грошы. Пост, які спаганяў плату з кіроўцаў машын, пабудавалі тады нават на трасе М-10 (Гомель – Кобрын) каля вёскі Малыя Аўцюкі там, дзе яна перасякае лясны масіў Галявіцкага і Хобненскага лясніцтваў. Гэты ладны кавалак лесу плошчай у 25 тысяч гектараў знаходзіцца ў Калінкавіцкім раёне амаль за 200 кіламетраў ад Ляскавічаў, і аддадзены «Прыпяцкаму» з-за таго, што ў ім тады было шмат дубовых насаджэнняў. Цяпер дуб там амаль не нарыхтоўваецца – скончыўся.

Натуральна, на ўсіх прынятых тэрыторыях уводзіліся абмежаванні. Нягледзячы на тое, што яны не належалі да запаведных, туды не дазвалялі ўваходзіць мясцовым жыхарам не толькі на паляванне альбо па дровы, але і ў грыбы ці ягады. Абмяжоўвалася карыстанне вадаёмамі для рыбалкі.

У той жа час, у самім былым запаведніку пачалі выводзіць з запаведнай зоны ўсё новыя і новыя кварталы. Цяпер у ёй засталіся амаль толькі адны верхавыя балоты, дзе няма чаго высекчы. Не мінуў гэты лёс і ўнікальныя поймавыя дубровы. Усе яны выведзеныя з запаведнай зоны і там вядуцца высечкі. Пры гэтым на ўездзе ва ўнікальны лясны масіў стаіць брама і шыльда, якая хлусліва кажа, што там – запаведная зона, у якой забаронена нават проста знаходжанне.

Усё для абраных

Мясцовыя жыхары бачаць, што рэальнай аховай прыроды нацыянальны парк не займаецца, а толькі прыкрываецца прыродаахоўным статусам для аднаасобнага выкарыстання ўсіх тэрыторыяў. Праз тыя ж поймавыя дубровы правялі насыпную дарогу, каб палегчыць доступ для высечак і драўніну можна было кароткім шляхам праз паром вывозіць на цэх у Ляскавічы. Гэтая дарога перакрыла натуральны вадасток і паскорыла засыханне дубоў, узрост якіх вагаецца ў сярэднім каля 150 гадоў. Унікальныя дубовыя масівы паслядоўна высякаюцца. У іх створаная паляўнічая інфраструктура – вышкі, стралковыя лініі, пасткі для вылаву жывёлаў. Карыстаюцца ўсім гэтым тыя, каго палічаць вартым у кіраўніцтве Нацпарка.

Кіраўнікі нацыянальнага парку гавораць, што мясцовыя жыхары маюць нейкія прэферэнцыі перад заезджымі паляўнічымі і рыбакамі, але людзі аніякімі прэферэнцыямі скарыстацца яшчэ аніводнага разу не здолелі. Побач з Ляскавічамі знаходзіцца адна з рэзідэнцыяў Лукашэнкі. І вельмі часта на паляванні ды рыбалкі на Прыпяць прыязджаюць, калі не сам кіраўнік дзяржавы, дык розныя ягоныя госці ды набліжаныя. Іншыя ж паляванні ды рыбалкі арганізоўваюцца для замежнікаў за вялікія грошы.

Ахоўнікі ці парушальнікі

У пагоні за грашыма, супрацоўнікі нацыянальнага парку не цураюцца анічога. Вядома шмат зафіксаваных, у тым ліку і дзяржаўнымі органамі, выпадкаў парушэнняў самімі «прыродаахоўнікамі» заканадаўства пра ахову прыроды. У 2018 годзе дзяржаўная газета «СБ. Беларусь сегодня» паведамляла пра затрыманне супрацоўнікамі Мікашэвіцкай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету інспектараў Нацпарка, якія вылавілі ў Прыпяці 20 самоў агульнай вагой 138 кг у перыяд забароны вылаву гэтай рыбы. Прычым адзін з мяшкоў з самамі супрацоўнік «Прыпяцкага» паспеў закінуць праз плот у базу адпачынку Нацпарка каля вёскі Дарашэвічы (менавіта там месціцца і прэзідэнцкая рэзідэнцыя).

У 2017 годзе падчас вясновага палявання на вадаплаўную птушку, якім кіравалі супрацоўнікі Нацпарка, паляўнічыя з Італіі і Расеі застрэлілі рэдкіх качак-свіязеў, вясновае паляванне на якіх забароненае. Такія ж выпадкі раней фіксаваліся актывістамі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», але тады супрацоўнікам Нацпарка ўдалося пазбегнуць адказнасці.

А ў 2008 годзе былыя навуковыя супрацоўнікі Прыпяцкага запаведніка сфатаграфавалі ў смеццевым кантэйнеры проста каля канторы Нацыянальнага парка мяшок з выкінутымі птушкамі, якіх адстралялі замежныя паляўнічыя падчас вясновага палявання ў пойме Прыпяці. Там было столькі відаў птушак, што адчуванне, нібыта замежнікі з дазволу егераў Нацпарка стралялі па ўсім, што лётала, у тым ліку і па рэдкім відам.

Фота: greenbelarus.info

У 2014 годзе грамадскім актывістам стала вядома, што на супрацоўнікаў Нацпарка заведзена крымінальная справа за незаконную высечку дубоў. Тагачасны намеснік кіраўніка Дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету Міхаіл Губіч на запыт актывістаў пацвердзіў, што сапраўды нанесены асабліва буйная страта прыродзе і вінаватыя прыцягнутыя да адказнасці, але падрабязнасці не паведаміў.

Апетыт прыходзіць падчас яды

Шматлікія выпадкі парушэнняў не выклікаюць у Менску сумневаў у патрэбе задавальнення кожнага жадання клану Бамбізаў. На многіх перададзеных калісьці Нацпарку тэрыторыях ужо практычна няма чаго секчы. Значна збяднелы жывёльны свет не дазваляе рабіць па-ранейшаму раскошныя паляванні. Таму кіраўніцтва павялічвае свае апетыты за кошт новых тэрыторыяў.

Апошні запыт з Ляскавічаў – перадаць ім усё возера Чырвонае і прылеглыя землі ў радыусе трох кіламетраў. Гэта пры тым, што траціну возера і вялізны лясны масіў Вятчынскага лясніцтва Нацпарк загроб пад сябе ад Жыткавіцкага лясгасу яшчэ ў дзевяностыя.

Вестка пра тое, што трэцяе па велічыні возера Беларусі і найбуйнейшае на Гомельшчыне можа цалкам перайсці пад юрысдыкцыю Нацпарка «Прыпяцкі» выклікала супраціў жыхароў наваколля Чырвонага, Жыткавічаў, Турава і прылеглага да возера з поўначы Любанскага раёну Менскай вобласці. Ужо некалькі месяцаў людзі збіраюцца на ўзбярэжжы возера і гатовыя бараніць сваю малую радзіму вельмі адчайна. Бачачы тое, што адбываецца на тэрыторыях, якія ўжо належаць «Прыпяцкаму», яны не вераць прыгожым абяцаннямі ні Сцяпана Бамбізы, ні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якому падначалены Нацпарк і якое распрацавала праект указу Лукашэнкі пра перадачу возера.

Андрусь Гаёвы, фота аўтара, Анатоля Дамашкевіча, Ларысы Шчыраковай belsat.eu

Стужка навінаў