Як насамрэч вызвалялі Менск у 1944 годзе? Трэцяга ліпеня з «Белсатам»



Афіцыйны Дзень Незалежнасці ў Беларусі з сярэдзіны 1990-х гадоў адзначаюць у дзень, калі савецкія войскі вызвалілі Менск ад немцаў. Ці слушна ўлады спалучылі два дзяржаўныя святы? Дапамогуць разабрацца гістарычныя праграмы пра падзеі лета 1944 года. Таксама 3 ліпеня на «Белсаце» – фільмы беларускіх рэжысёраў, узнагароджаныя на сусветных кінафестывалях, і стрым з вайсковага параду ў Менску.

Гісторык Леанід Лыч: «Дзень Незалежнасці 3 ліпеня – гэта вялікая недарэчнасць»

Гісторык Леанід Лыч. Кадр з праграмы «Даты праўды»

Наконт вызвалення сталіцы ды ўсёй Беларусі ў гісторыкаў няма адзінага меркавання. Адныя думаюць, што немцы супраціўляліся, іншыя – што яны пакінулі горад самыя, а савецкая авіяцыя працягвала яго бязлітасна бамбаваць, забіваючы цывільнае насельніцтва і ператвараючы Менск у руіны. Дык дзе праўда? Экспертам аўтарскай праграмы Вячаслава Ракіцкага «Даты праўды: 1944. Вызваленне Менску», якая выйдзе а 19:35, выступае найстарэйшы беларускі гісторык, які бачыў Менск адразу пасля яго вызвалення, доктар гістарычных навук Леанід Лыч:

«Тое, што 3 ліпеня стаў днём незалежнасці, – гэта вялікая недарэчнасць. Яна не стыкуецца ні з якою храналогіяй. Трэцяга ліпеня павінен быць увесь час днём вызвалення, і ніякіх іншых дзён нельга спалучаць з ім. Але гэта велізарнае злачынства супраць гісторыі. Ніводная рэспубліка так не зрабіла: у іх ёсць дні незалежнасці і дні вызвалення ад нямецкай акупацыі».

«Загадкі беларускай гісторыі» Аляксандра Краўцэвіча пра крывавае вызваленне Горадні ў 1944 годзе

Прафесар Алесь Краўцэвіч разам з гісторыкам Дзмітрыем Люцікам распавядуць, наколькі афіцыйная дата вызвалення Горадні адрозніваецца ад фактычнай. Чаму немцы так зацята бараніліся на Нёмне, і як памылкі савецкага камандавання выпраўляліся вялікаю крывёю жаўнераў? Падрабязнасці глядзіце ў праграме «Загадкі беларускай гісторыі. Горадня. Крывавы ліпень 1944 года» а 13:10.

Эратычны танец і савецкія ідэалы

Канфлікту савецкага пакалення з постсавецкім, у якім увасабляецца вобраз сучаснай Беларусі і ўсёй постсавецкай прасторы, прысвечаныя два нашумелыя фільмы ад маладых беларускіх рэжысёраў. Іх тэлеканал «Белсат» пакажа ў сераду 3 ліпеня.

А 22:55 глядзіце дакументальную стужку «Стрыптыз і вайна» рэжысёра Андрэя Куцілы.

Кадр з фільму «Стрыптыз і вайна». Фота Андрэя Куцілы

Фільм – пераможца фестывалю «goEast» у Вісбадэне (Нямеччына), а таксама ўдзельнік фестываляў у Таронта (Канада) і Гданьску (Польшча).

Стужка распавядае гісторыю двух Анатоляў. Старэйшы з іх – падпалкоўнік у адстаўцы, які жыве савецкімі ідэаламі: у святы завязвае піянерам гальштукі і вучыць школьнікаў маршаваць. Малодшаму Анатолю піянерскі гальштук служыць сцэнічным аксесуарам. Хлопец здабыў адукацыю інжынера, але праца паводле спецыяльнасці не вабіць яго. Юнак – стрыптызёр, ён марыць стварыць уласны тэатр эратычнага танцу. Палкоўнік і стыптызёр – дзед і ўнук.

А 21:20 у эфіры – мастацкі фільм «Крышталь» рэжысёркі Дар’і Жук.

Кадр з фільму «Крышталь», «Crystal swan», рэж. Дар’я Жук, Беларусь–Нямеччына–ЗША–Расея, 2018 г.

На дварэ 1996 год. Галоўная гераіня стужкі Эвеліна жыве ў Менску. У яе юрыдычная адукацыя, але марыць стацца дыджэйкай у ЗША. Праз памылку ў сфальшаванай даведцы на візу яна апынаецца ў правінцыйным мястэчку, дзе лёс зводзіць яе з сям’ёй, якая рыхтуецца да шлюбу.

Гэтую гістарычную драму Расейская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў назвала найлепшым фільмам СНД.

Ток-шоу «Кожны з нас», прысвечанае Пятру Машэраву, партызану, які кіраваў савецкаю Беларуссю 15 гадоў, выйдзе раніцаю а 11:15.

А 15:20 не прапусціце тэлеспектаклю «З жыцця інсектаў» на музыку Валерыя Воранава і на словы расстралянага ў 1937 годзе паэта Мікалая Алейнікава ў межах праграмы «Belsat Music Live».

А 18:20 выйдзе паўтор другой серыі з цыклу «Лабірынты» пра драматычную гісторыю кахання паэта Максіма Танка.

А 20:45 «Белсат» ладзіць стрым з вайсковага параду ў Менску. Яго можна будзе глядзець онлайн ці праз нашыя сацыяльныя сеткі: у «YouTube», «Фэйсбуку»,«уКантакце» і «Аднакласніках». Не прапусціце!

Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4») або онлайн.

Стужка навінаў