Як наркаспажыўцам дапамагаюць на фестывалях у Польшчы. Вялікі рэпартаж


Пакуль у Беларусі непаўналетніх садзяць у турмы на 9 гадоў за «распаўсюд» псіхаактыўных рэчываў, у Польшчы грамадскія арганізацыі могуць адкрыта дапамагаць спажыўцам на фестывалях. Журналістка «Белсату» Ксенія Тарасевіч улетку з’ездзіла на тэхна-фестывалі ў Польшчу ў складзе каманды валанцёраў арганізацыі «Грамадская ініцыятыва наркапалітыкі». Як адбываюцца кансультацыі наконт правільнага ўжывання кантраляваных рэчываў, што такое «зніжэнне шкоды», і чаму Беларусь можа павучыцца ў палякаў – рэпартаж ніжэй.

Псіхалагічная дапамога і супраца з польскай арганізацыяй

На гадзінніку другая гадзіна ночы. Дзякуючы процьме выпітых «энергетыкаў» мне не хочацца спаць. На матрац, які ляжыць побач, плюхаецца маладая дзяўчына. У яе чорныя валасы, і, падаецца, яна вельмі ўзбуджаная тым, што адбываецца навокал. Ейныя зрэнкі памерам з талерку. Я працягваю ёй жуйку, каб было чым заняць сківіцу, ды прапаноўваю выпіць мультывітамінны комплекс. Яна радасна пагаджаецца і гучна кажа мне: «Ты такая мілая!»

Я ўсміхаюся і працягваю ёй келіх з шыпучай вадкасцю. Мы пачынаем размаўляць пра тое-сёе. Праз паўгадзіны ёй хочацца патанцаваць, а ейнае месца на матрацы займае іншы чалавек – малады хлопец з Аўгустава, што каля мяжы з Літвою.

Фестываль UpToDate. Фота Міхась Варанцоў

Усе гэтыя замалёўкі я раблю на вядомым фестывалі UpToDate, які ўжо 10 гадоў праходзіць у Беластоку. Туды я прыехала не проста слухаць музыку тэхна, але працаваць як валанцёрка польскай арганізацыі «Грамадская ініцыятыва наркапалітыкі» (Społeczna Inicjatywa Narkopolityki або SIN).

Арганізацыя была заснаваная ў 2012 г. Галоўная ідэя SIN – дэкрыміналізацыя наркатычных рэчываў для ўласнага ўжытку, забяспечванне лячэння для залежных, а таксама зніжэнне шкоды. SIN – адзіная арганізацыя ў Польшчы, якая адстойвае навуковы падыход да наркапалітыкі і актыўна працуе з моладдзю. Яны даволі вядомыя сярод польскай моладзі. Напрыклад, у іх старонцы на «Фэйсбуку» больш за 5 тыс. падпісантаў. Зніжэннем шкоды арганізацыя і займаецца на фестывалях і ў клубах – там, дзе шмат людзей ужываюць стымулятары.

Hавiны
«Запісала зварот на тэлебачанні, атрымаўся крык душы». З чым маці-328 ідуць у дэпутаткі
2019.10.21 18:26

Зніжэнне шкоды – гэта падыход, пры якім чалавеку не адмаўляюць у праве спажываць псіхаактыўныя рэчывы, але даюць магчымасць спажываць іх з мінімальнаю шкодаю для ўласнага здароўя і грамадскага парадку. Напрыклад, калі мы п’ем ваду падчас ужывання алкаголю – гэта практыка зніжэння шкоды. Датычна нелегальных рэчываў гэта можа быць выдача чыстых шпрыцаў, каб знізіць рызыку заражэння ВІЧ-інфекцыяй і гепатытам С. Для «клубных» рэчываў – экстазі, амфетаміну – гэта тэставанне рэчываў, выдача чыстых трубачак для нюхання.

Праца валанцёраў на імпрэзе. Фота Міхась Варанцоў

Як можна «зніжаць шкоду» ад псіхаактыўных рэчываў

Мы трапілі на два вельмі розныя фестывалі. Адзін – FreeQ – праводзіцца ўпершыню каля мястэчка Лазы за 60 км ад Варшавы. Тэматыка – духоўныя практыкі, веганства, «zero waste», самапазнанне. Вельмі камерны, невядомы і псіхадэлічны. Другі – ужо згаданы вышэй беластоцкі UpToDate – значна больш камерцыйны, на ім каля 3 тыс. чалавек, ён праходзіць на стадыёне пад гукі бадзёрага тэхна. На фестывалях у SIN тры сферы працы.

Першая – гэта інфармацыйны пункт. Там раздаюць улёткі пра дзеянне розных рэчываў, там жа можна даведацца пра спалучэнне наркотыкаў і купіць тэсты, якія пакажуць, з чаго складаюцца субстанцыі. Праз тое, што рынак нелегальны, якасць і колькасць вядомыя толькі са словаў дылера. Такія тэсты дазваляюць зразумець, што ты ўжываеш, і разлічыць дозу. Адзін тэст каштуе 10 злотых. Такія тэсты SIN робяць самі ва ўласнай лабараторыі. Арганізацыя зарэгістраваная як юрыдычная асоба, таму можа прадаваць тэсты праз інтэрнэт па ўсёй Польшчы. Разыходзяцца яны як гарачыя піражкі.

Месца псіхалагічнай дапамогі. Фота Міхась Варанцоў

Другая сфера – пункт псіхалагічнай дапамогі. Гэта вялікі намёт з матрацамі, дзе можна прылегчы адпачыць і пагаварыць з прыемнымі людзьмі. П’яным асобам уваход забаронены, бо «яны збіваюць атмасферу». Калі табе кепска, з табой пабудуць валанцёры SIN. Яны ж прапануюць наведнікам жуйку для сківіцы (падчас прыёму стымулятараў, напрыклад, экстазі ці амфетаміну, якія папулярныя на такога кшталту імпрэзах, адбываецца бруксізм – сцісканне сківіцы), наліюць вады з кальцыем, які вымываецца ў выніку ўжывання стымулятараў, ды проста пагавораць. Акурат там мяне напаткала тая самая чарнявая дзяўчына.

Трэцяя частка – гэта «патруль». Валанцёры шпацыруюць па фестывалі і шукаюць тых, каму можа спатрэбіцца дапамога. Калі некаму кепска, выклікаюць дапамогу. Калі нехта агрэсіўна паводзіцца, намагаюцца развязаць канфлікт.

Актывіст арганізацыі Ежы Афанасьеў кажа, што некалькі гадоў таму SIN сутыкнулася з недахопам паслуг для зніжэння шкоды ад стымулятараў. Прыкладна ў той жа час да іх пачалі звяртацца арганізатары транс- і электронных фестываляў, дзе традыцыйна прынята спажываць такія рэчывы.

Моладзь заклікаюць не рызыкаваць ужываць рэчывы, склад якіх яны не ведаюць. Фота Міхась Варанцоў

– Так адбылося, бо да нас пачалі звяртацца людзі нашага ўзросту і нашага светапогляду. Яны ў сваім уласным жыцці сутыкаюцца з праблемамі, якія выклікае рэпрэсіўная наркапалітыка. Напрыклад, невядомая колькасць невядомых субстанцыяў. У іх няма ведаў, як пачаць з гэтым працаваць, а ў нас ёсць. Так мы і наладзілі супрацоўніцтва.

Ежы зазначае, што пазіцыя SIN у тым, што калі нехта захацеў штосьці пакаштаваць, то варта зрабіць гэта найбольш адказным чынам:

– Наша актыўнасць на такіх фестывалях – гэта не прапаганда наркотыкаў, а папулярызацыя рацыянальнага і адказнага падыходу да псіхаактыўных субстанцыяў.

Інфармацыйны пункт дзе раздаюць улёткі пра дзеянне псіхаактыўных рэчываў. Фота Міхась Варанцоў

Дзейнасць SIN абсалютна легальная. Яны не заклікаюць да спажывання, не прадаюць і не захоўваюць нелегальных субстанцыяў. У Польшчы за захоўванне рэчываў для ўласнага спажывання існуе крымінальная адказнасць, але яна, як правіла не практыкуецца.

Урокі для Беларусі

У Польшчы караюць толькі за распаўсюд рэчываў, і няма практыкі пераследаваць спажыўцоў. Таму людзі пачуваюцца бяспечна і не баяцца ўжываць наркотыкі, якія былі нелегальна набытыя або вырашчаныя. У той жа час у арганізацыяў і медыкаў ёсць шанец дапамагчы і пракансультаваць людзей, каб знізіць рызыкі кепскага развіцця падзеяў.

Калі некаму робіцца блага, сам чалавек або ягоныя сябры могуць выклікаць хуткую дапамогу і не трапіць за краты. Гэткай медычнай дапамогі вельмі не стае ў Беларусі, дзе моладзь да апошняга намагаецца самастойна «адкачаць» сябра, а толькі потым звяртаецца па дапамогу.

Фестываль FreeQ, сёлета праводзіўся ўпершыню каля мястэчка Лазы

Падаецца, у Польшчы ўжо зразумелі, што людзі заўсёды будуць нешта спажываць: алкаголь, тытунь або канабіс. У некаторых месцах, такіх як тэхна-вечарыны, спажыванне пэўных рэчываў ёсць часткаю культуры. Таму важна не забараняць, а дапамагаць рабіць спажыванне больш асэнсаваным і бяспечным для чалавека і грамадства. Акурат таму на фестывалях поруч з арганізацыямі накшталт SIN размяшчаюцца медычныя пункты, дзе можна праверыцца на ВІЧ або гепатыт C.

Hавiны
19-гадовая дзяўчына памерла праз спажыванне псіхатропу
2018.08.06 14:33

Нягледзячы на тое, што чыноўнікі беларускага МУС працягваюць сцвярджаць, што жорсткія захады спрыяюць паляпшэнню сітуацыі, яны насамрэч не развязваюць праблемы, а толькі ствараюць атмасферу запалоханасці і страху. І замест эфектыўнай рэабілітацыі для залежных у нас з’яўляюцца тысячы спажыўцоў, якія трапляюць за краты на сур’ёзныя тэрміны.

Наркотыкі падрыхтаваныя для закладак. Фота minsk.mvd.gov.by

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая кажа, што грамадскі ціск і ўвага да беларускай наркапалітыкі адыгралі сваю ролю, і ўлады пайшлі на саступкі. Канапацкая сцвярджае, што разам са сваякамі асуджаных яны ўсімі сіламі намагаліся прасунуць змены ў заканадаўстве.

– Асноўная задача была не проста зменшыць тэрміны для пэўных асобаў, але ўзняць праблему і паказаць на прыкладзе арт. 328 усю недасканаласць беларускай судовай сістэмы і следчых органаў. Спатрэбілася тры гады, каб праблема дайшла да прэзідэнта, – распавядае дэпутатка.

Аб’ектыў
9 і 10 гадоў зняволення для няпоўнагадовых. Тры новыя прысуды па наркатычным артыкуле 328
2019.08.13 22:00

Ганна Канапацкая кажа, што ў любым выпадку будзе працягваць працу за змены ў заканадаўстве. На ейную думку, трэба дакладна замацаваць умовы, пры якіх мусіць быць крымінальная адказнасць.

– Толькі калі грамадства будзе працягваць змагацца і не апусціць рукі, змены будуць, – кажа дэпутатка. – У Палаце прадстаўнікоў ёсць людзі, якія разумеюць праблему. Яны не могуць казаць пра гэта гучна, як гэта раблю я ці сваякі асуджаных, але яны разумеюць, што праблема існуе. І яны гатовыя размаўляць і ісці на дыялог. Можа, не так радыкальна і прынцыпова, але гэта таксама вельмі важна, – кажа Канапацкая.

Ксенія Тарасевіч, фота: Міхась Варанцоў belsat.eu

Стужка навінаў