«Як «на аддалёнцы» даіць кароў?» Лукашэнка патлумачыў, чаму ён супраць каранціну

Лукашэнка на ферме ў Смалявіцкім раёне. Фота: president.gov.by

Наведваючы Смалявіцкі раён 3 красавіка, кіраўнік Беларусі заявіў, што ўвядзенне жорсткага каранціну і каменданцкай гадзіны ў Беларусі не палепшыць сітуацыі з каронавірусам. Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

«Вось нас заўтра пасадзілі ў кватэры і зачынілі. Сям’я па пяць-сем чалавек, і хтосьці адзін з іх хворы – мы яго зачынілі ў кватэру з усімі. І што адбылося? Каронавірус распаўсюджваецца на працягу некалькіх гадзін сярод усіх. І калі ты быў адзін, хадзіў на паветры, дыхаў, на нагах пераносіў каронавірус, ты заўтра ў гэтай застаялай кватэры перадасі гэты вірус усёй сямʼі», – заявіў кіраўнік краіны.

Лукашэнка думае працягнуць школьныя вакацыі на тыдзень

Паводле яго, у выніку ўся сям’я патрапіць на штучную вентыляцыю лёгкіх.

«Нас заўсёды вучылі: калі чалавек захварэў, вострая рэспіраторная інфекцыя ў яго – у гэты перыяд на вуліцу. Прадышыся, дзетак пакліч у лес, парк, а не загані ў кватэру і зачыні. Мы гэтым шляхам не пайшлі», – сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што адмаўляецца ад масавага каранціну не таму, што, бравіруючы, ацэньвае сітуацыю. На яго думку, недапушчальна расколваць грамадства на фоне барацьбы з каронавірусам.

«Скажыце, як там на аддалёнцы даіць кароў або выходны абвясціць? Гэта нерэальна. А нехта будзе сядзець удома без працы, і ім зарплату захоўваць. Гэта што, справядліва? Мы расколваем грамадства. Гэтага рабіць нельга», – падкрэсліў кіраўнік краіны.

Больш за тое, што, паводле яго, « пры гэтым псіхозе, што ў нас тут мруць і паміраюць, у нас ідзе агульнае падзенне смерцяў і агульнае падзенне захворвання па лёгкіх».

Разам з тым, сказаў Лукашэнка, апошнія падзеі прымусілі ўсіх больш звяртаць увагі на гігіену ды страсянуць сістэму аховы здароўя.

Плюс 51 чалавек. Лукашэнка даў новыя звесткі пра каронавірус у Беларусі

Паводле апошніх звестак, у Беларусі пацверджаны 351 выпадак заражэння каронавірусам. Не менш за 5 чалавек памерлі.

МГ belsat.eu

Hавiны