Як мы шукалі малако ад кароў Лукашэнкі

Падчас наведвання Ваеннай акадэміі Аляксандр Лукашэнка распавёў пра сваю ферму, цяжкую працу на зямлі і касьбу а пятай раніцы, а таксама і пра малако ад сваіх кароў, якое ўжо нават ёсць у продажы. Паводле Лукашэнкі, кароў пры ягоным двары ажно 10, каб забяспечыць усю краіну малаком.

Летась жа, на нарадзе «Аб развіцці сяла і падвышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны Рэспублікі Беларусь», Лукашэнка распавядаў, што Кабякоў з урадам і адміністрацыяй паспяхова паядаюць тое малако, ніхто не захварэў, і нават хваліўся:

«Дзе б я ні быў, апошні раз – у Грузіі, першае, пра што мяне спыталі за межамі нашых перамоваў: «Дапамажыце з племянной скацінай». Плоцяць шалёныя грошы ў валюце. Напэўна, хочуць развіваць сельскую гаспадарку».

Карэспандэнты «Белсату» вырашылі адшукаць тое малако ад Лукашэнкі, якое нібыта свабодна прадаецца. З пытаннем «Ці ёсць у продажы малако ад Лукашэнкі?» мы звярнуліся ў некалькі сеткавых крамаў. У гіпермаркеце «Карона», пачуўшы нашае пытанне, доўга смяяліся. Не чулі пра такое малако таксама ў «Гіппа», «Еўраопце», «Радзівілаўскім» і «Алмі».

А ўвогуле, ці магчыма запусціць цэлую лінію такога малака, якое даюць усяго дзесяць кароў? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да эксперта ў сельскагаспадарчай галіне Віталя Кручко. Па ягоных словах, у сярэднім у Беларусі адна карова дае 4500-5000 літраў малака ў год. Калі падключыць матэматыку і веды ў тэхналагічных працэсах, вынікае, што нават самыя лепшыя прэзідэнцкія каровы не здольныя забяспечыць беларускія крамы такой колькасцю малака, каб яго хаця б на паліцах можна было адшукаць. Іншая справа, калі малако ад лукашэнкаўскіх кароў змяшаць з малаком ад звычайных, калгасных – то бок, ад «кароваў з народу». Адно толькі пытанне: наколькі гэта лагічна і каму патрэбна?

У інтэрнэце ж трэці дзень не спыняюцца жарты пра тое, ці зарэгістраваў Лукашэнка свой бізнес, як будзе сплочваць падаткі, ці паспеў падаць дэкларацыю і хто ўвогуле выдойвае з тых кароў такія неверагодныя паказчыкі.

Марыя Арцыбашава/Belsat.eu

Глядзі таксама