Як мы хацелі бясплатна пасадзіць дрэвы ў двары і што з гэтага выйшла


У 2019 годзе ў Менску з’явіўся цудоўны, на першы погляд, праект «Зялёны двор разам», для якога нават стварылі сайт з электроннаю рэгістрацыяй усіх добраахвотнікаў. Але скарыстацца магчымасцю бясплатна азеляніць свой двор аказалася не так проста. Падрабязнасці – у нашым матэрыяле.

На пачатку красавіка Менгарвыканкам прэзентаваў праект «Зялёны двор разам». Мэта праекту – упрыгожыць дрэвамі і кусцікамі двары жылых дамоў. Як усё павінна было працаваць? Жыхары Менску маглі зайсці на адпаведны сайт, абраць там месца для высадкі раслінаў, іхны сорт і чакаць, калі запросяць высаджваць дрэвы ці кусцікі. Усё цалкам – абсалютна бясплатна, то бок за бюджэтныя сродкі. Журналісты «Белсату» вырашылі паўдзельнічаць у праекце.

Месяц чакання – ніхто не патэлефанаваў

Амаль адразу пасля прэзентацыі праекту мы зарэгістраваліся на адмысловым сайце. Выбралі матэрыял – туі, і месца – двор сярэдняй школы №11. Чакаем тыдзень, месяц – ніхто не піша і не тэлефануе. Пачынаем перажываць, бо вядома, што лепшы час для высадкі дрэваў вясной – па красавік, калі лісткі толькі пачынаюць з’яўляцца на галінках. А тут паўсюль дрэвы ўжо зялёныя стаяць, а некаторыя і заквітнець паспелі. Што цікава, на сайце ў раздзелі статыстыкі яшчэ тыдзень таму было пазначана: прынялі 688 заявак, а вось высадзілі ў сталіцы ў межах праекту нуль дрэваў і нуль кусцікаў.

Колькасць заявак і колькасць высаджаны дрэваў праз месяц пасля старту акцыі. Скрыншот з сайту gorod.gov.by

Тэлефануем арганізатарам, якія пазначаны на сайце – гэта Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Менгарвыканкаму.

– Што з праектам «Зялёны двор разам»?

– Мы распрацоўвалі толькі сайт, а што там далей – не ведаем. Падаецца, нешта высаджвалі. Гэта трэба запытваць у ЖКГ асобных раёнаў, бо адказнасць па азеляненні нясуць яны.

– А чаму інфармацыя на сайце не абноўленая? То бок там зафіксаваныя толькі колькасць прапанаваных тэрыторыяў і запісаных на іх азеляненне. Але ж колькасць высаджаных раслінаў адсутнічае. Вы ўпэўненыя, што праект працуе?

– Інфармацыя не абнаўлялася, бо арганізацыі ЖКГ дадзеныя нам яшчэ не сабралі і не даслалі. Не можам сказаць, што ў іх там з азеляненнем на сёння, бо самі ў гэтым не ўдзельнічаем.

Але на гэтым супакоіцца не можам. Тэлефануем у ЖКГ Кастрычніцкага раёну Менску, дзе з прыёмнай нас адразу скіроўваюць у Аддзел па добраўпарадкаванню.

– Скажыце, ці будзе адказ на заяўку па азеляненні?

– Усе працы па азеляненні ўжо прайшлі. Наступны этап адбудзецца ўжо толькі ўвосень.

– Але на маю заяўку ніхто так і не адказаў, як і на заяўку знаёмых.

– Вы падавалі заяўку на азеляненне школьнай тэрыторыі, але Міністэрства адукацыі ўзяло гэтыя працы на сябе. Што датычна вашых знаёмых, то мы праверым заяўкі і патэлефануем вам. Чаму не было адказу на іх – не ведаем.

Бацькі самі скінуліся на кусты і кветкі

Каля менскай школы №11 так і не зʼявілася аніводнага новага дрэўца – толькі кветкі ды кусты, прычым намаганнямі адміністрацыі самой школы, якая сабрала грошы з бацькоў на азеляненне тэрыторыі.

Школьны двор засадзілі кусцікамі і дрэвамі самастойна.
Фота: Марыя Арцыбашава / «Белсат»

Таму сказаць, што Міністэрства адукацыі паклапацілася аб школах з дзяржаўнага фінансавання – прынамсі, на прыкладзе адной з іх – нельга. Ну, і канечне, да восені мы займелі поўнае расчараванне ў такім цудоўным праекце.

Школьны двор засадзілі кусцікамі і дрэвамі самастойна.
Фота: Марыя Арцыбашава / «Белсат»

Кожны мянчук высадзіў больш за 5 кустоў ці дрэваў

Праз тыдзень пасля нашых тэлефанаванняў камунальнікам на сайце «Зялёны двор разам» усё ж такі аднавілі інфармацыю па колькасці пасаджаных дрэваў і кустоў.

Скрыншот з сайту gorod.gov.by

Гэтак, за вясновы перыяд былі высаджаны 1655 дрэваў і 2065 кустоў. Заявак пры гэтым гэтым падалі 691. Калі выказаць здагадку, што кожную заяўку апрацавалі, то адзін мянчук (з тых, хто запісаўся на сайце) высадзіў больш за 5 дрэваў ці кустоў.

Марыя Арцыбашава / belsat.eu

Стужка навінаў