Як можна было ўратаваць Шарамета. Распавядае баявы медык


Сільвестр Вінярскі, вайсковы ратаўнік з досведам працы ў Афганістане – пра тое, што пасля выбуху аўта Шарамета маглі зрабіць мінакі, а што – медыкі.

Пры правільных дзеяннях сведкаў здарэння, пры выкарыстанні любых прадметаў як жгутоў, вялікі крывацёк з канечнасцяў можна было затрымаць і не дапусціць да развіцця гіпавалемічнага шоку. Кожны б мог зрабіць гэта ў межах першай дапамогі, ужываючы не толькі рамень, але таксама гальштук або любы іншы даўгі прадмет з шырынёю 2–3 сантыметраў. Рэшту б выканалі пазней ратаўнікі.

Праз тое, што ніхто са сведкаў не аказаў параненаму дапамогі, справа лягла на плечы медычнай брыгады, якая мусіла заняцца гэтым у першую чаргу.

На відэа з месца здарэння бачна, што працэдуру затрымання крывацёку не правялі ані сведкі, ані медыкі.

Поўная страта крыві ў выніку пашкоджанай сцегнавой артэрыі наступае цягам 45 секундаў – гэта быў той час, што мелі сведкі здарэння на ўратаванне пацярпелага. Нягледзячы на гэта, паранены быў усцяж жывы на момант прыбыцця «хуткай». То бок, артэрыя не была перавязаная жгутом яшчэ мінімум 2 хвіліны.

Калі нарэшце прыбылі ратаўнікі, яны былі ўзрушаныя сітуацыяй, што дзіўна: той, хто выклікаў «хуткую», напэўна апісаў здарэнне па тэлефоне, а аператар перадаў інфармацыю брыгадзе.

Медыкі не засяродзіліся на забеспячэнні адарванай канечнасці і спыненні сур’ёзнага крывацёку, што прывяло да паглыблення шоку.

Згодны, што месца было небяспечнае праз імавернасць новага выбуху аўта. Эвакуацыя да карэткі была абавязковай, але толькі пасля спынення вонкавага крывацёку.

Добра, што ратавальнікі выкарысталі артапедычную дошку, але здзіўляе, што яны не ўжылі артапедычнага каўнеру ды не забяспечылі галаву стабілізатарамі, якія былі прымацаваныя да дошкі. Гэтыя дзеянні робяцца абавязкова, каб падчас эвакуацыі пацярпелы не атрымаў новыя пашкоджанні, звязаныя з траўмамі хрыбетніцы і грудной клеткі ў выніку выбуху.

Паводле статыстык з раёнаў баявых дзеянняў, страта крыві – найбольш распаўсюджаная на полі бою прычына смерці, якой можна пазбегнуць.

З майго досведу працы ў гарачых кропках, магу сказаць, што наступствамі другасных пашкоджанняў у выніку выбуху – ад выбуховай хвалі або дэталяў аўта, што разлятаюцца як аскепкі – можна заняцца пазней, нават у шпіталі.

Падчас транспартавання параненага ў шпіталь варта распачаць пераліванне вадкасцяў (напрыклад, раствору Рынгера), што павінна падвысіць ціск і абмежаваць развіццё шоку, але гэта можна рабіць толькі пасля перавязкі ранаў і спынення крывацёку. У іншым выпадку, кроў выльецца праз раны, а ў жылах застанецца вада.

Апошнія даследаванні ў зоне канфліктаў даводзяць, што найлепшы лек для параненага, які страціў мноства крыві, – кроў. Паўстаюць праекты «жывых пакетаў крыві» і яе пералівання ў палявых умовах, але гэта пакуль усцяж будучыня ратавальнай медыцыны. На сёння пераліць кроў можна толькі ў шпіталі. Куды трэба даставіць параненага. Жывога.

Сільвестр Вінярскі – баявы медык Асобнай паветрана-штурмавой групы 9-й змены ў Афганістане, інструктар «Defendu Military Corp.»

Запісалі Сяргей Пеляса і Дзяніс Дзюба

Паводле судова-медычнай экспертызы, прычынай смерці Паўла Шарамета стаў траўматычны шок і страта крыві.

«Смерць наступіла цягам дзесяці хвілінаў пасля выбуху», – заявіў у лютым 2017-га намеснік старшыні Нацыянальнай паліцыі Украіны Аляксандр Вакуленка.

Пра забойцаў Шарамета, якія трапілі ў камеры відэаназірання, чытайце ў расследаванні Анджэя Мрочэка і Сяргея Пелясы:

Стужка навінаў