Як Магілёў змагаўся з беспрацоўем амаль 100 гадоў таму


«Хто яны, нашыя беспрацоўныя?» – задаецца пытаннем журналіст газеты «Звязда» ад 1 чэрвеня 1924 года. Паводле ягонай інфармацыі, са студзеня да лістапада 1923 года ў Магілёўскім павеце налічвалася 2014 беспрацоўных, сярод іх 1014 мужчын і 990 жанчын. Пры гэтым біржа на працу накіравана 4313 чалавек.

Журналіст, які падпісаны «С. П.», вядзе пералік беспрацоўных: служачыя – 32 %, чорнарабочыя – 10 %, швейная прамысловасць – 10 %, дамашнія служачыя – 9 %, медыка-санітарныя працоўныя – 8%, культурна-асветніцкія працаўнікі – 5 % і іншыя (26 %). Пры гэтым асноўны кадр беспрацоўных – савецкія служачыя і некваліфікаваныя рабочыя.

Артыкул у газеце «Звязда» ад 01.06.1924 г.
Фота: архіў калекцыянера Алега Давіда Лісоўскага

Скан артыкула з газеты «Звязда» за 1924 год выклаў у агульны доступ калекцыянер Алег Давід Лісоўскі. Сам ён магілёвец, але пераехаў жыць у Нямеччыну. Цяпер калекцыянуе гістарычныя дакументы, фотаздымкі: Алег Давід з сябрамі шукае гістарычныя артэфакты на інтэрнэт-аўкцыёнах і набывае іх за ўласныя грошы. І ўсё гэта з адной мэтай – каб зрабіць гэтыя дакументы агульнадаступнымі. У Алега Давіда ёсць свой сайт – «Архіў гісторыі Магілёва», куды ён выкладае здабытыя каштоўнасці.

Фота: архіў калекцыянера Алега Давіда Лісоўскага

– Канкрэтна гэтыя газеты я не набываў. Іх выставіла, здаецца, нацыянальная бібліятэка ў вольны доступ. Мой калега, Аляксандр Капёнкін, прагартаў усе нумары за пазначаныя гады і вычапіў усе да апошняга магілёўскія артыкулы. І яшчэ адзін мой знаёмы сабраў даведнікі тэлефонных нумароў: абаненты БССР 1925 году і абаненты Магілёва 1926 году. А я ўсё гэта сабраў у файлы і выставіў, – кажа Алег Давід Лісоўскі.

Артыкул у газеце «Звязда» ад 24.02.1925

Алег Давід Лісоўскі абнавіў свой архіў адразу некалькімі публікацыямі газеты «Звязда», а таксама тэлефонных даведнікаў. Там кожная старонка – цікавая. Напрыклад, у газеце за 24 лютага 1925 году прыводзіцца артыкул «Вынікі выбараў у гарадскі савет». У артыкуле вядзецца пра «Перавыбары гарадскога савету Магілёва». Аўтар І. Збуржінскі паведамляе пра вялікую колькасць працоўных, якія прынялі ўдзел у выбарах. Журналіст падкрэслівае, што колькасць жанчын, абраных у гарсавет, павялічылася з 12 да 15 %. А на першым пленуме новага савету былі зацверджаны наступныя напрамкі працы: камунальны, кааператыўны, падатковы, народнай адукацыі, здароўя, працоўна-сялянскія інспекцыя і секцыі дапамогі Чырвонай арміі.

Пазнаёміцца са зместам усіх артыкулаў можна па спасылцы.

Вольга Васільева/Belsat.eu

Стужка навінаў