Як кухар-каталік стаў рабінам


Фота: Паўліна Сліва

Польскія юдэі выкрылі хрысціяніна, які выхваляўся псеўдаіўрытам. Пра гэта паведамляе газета «Głos Wielkopolski».

Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Познань, што на захадзе Польшчы. Паводле прадстаўніцы мясцовай габрэйскай грамады Аліц’і Кобус, мужчына заваяваў давер познанскіх юдеяў. Ён называў сябе Якавам бэн Ністэлем і распавядаў усім, што прыехаў у Польшчу з гораду Хайфа.

Якаў-самазванец (на фота першы злева) пёк традыцыйны святочны хлеб на Дзень незалежнасці Ізраілю, даглядаў за магіламі на габрэйскіх могілках і размаўляў на прыдуманым ім іўрыце (паводле экспертаў, яго іўрыт нагадваў незразумелае мармытанне, аднак нікога з познанскіх габрэяў гэта не насцярожыла). Кажуць, што ён слухаў ізраільскае радыё, ведаў усе малітвы і нават чытаў лекцыі па гісторыі юдэяў.

Нават галоўны равін Польшчы Міхаэль Ёосеф Шудр прызнаўся, што не раз сустракаўся з псеўдарабінам, які, на яго думку, быў усмешлівым і абаяльным чалавекам.

Бэн Ністэля выкрылі выпадкова. Жыхар з ягонага роднага гораду Цеханаў пазнаў земляка падчас тэлетрансляцыі экуменічнай сустрэчы з удзелам каталіцкіх і мусульманскіх святароў. Мужчына паведаміў, што сапраўднае хлуса – Яцэк Нашчота, што той – каталік і да нядаўняга часу працаваў кухарам.

Даведаўшыся пра выкрыццё, асеўдарабін знік у невядомым кірунку. Польскія журналісты знайшлі мабільны махляра і патэлефанавалі, той, падняўшы слухаўку, на ламанай расейскай назваўся Ігарам.

Мясцовая юдэйская грамада цяпер спрабуе высветліць, ці паспеў Нашчота нанесці якую-кольвек шкоду яе іміджу. У Польшчы жыве каля 80 тысяч габрэяў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў