Як кальцуюць буслоў у Гарадзенскім Заапарку. Фотарэпартаж


Арнітолагі і супрацоўнікі заапарку ў Горадні працуюць над рэабілітацыяй пары буслоў, якія атрымалі траўмы, несумясцімыя з жыццём у дзікай прыродзе.

Нягледзячы на «інваліднасць», у буслоў, як кажуць адмыслоўцы, добры генетычны матэрыял, таму іх дзетак збіраюцца выпускаць на волю. Але папярэдне – акальцаваць.

Працэс акальцоўкі наагул нагадвае спецаперацыю. Арнітолагі адмыслова просяць зайсці на тэрыторыю вальера аператара з трыногай. Усё тлумачыцца проста: «Пакуль стаіць трынога, самец баіцца, а так мог бы і галаву дзюбай прабіць…» Калі бацькі-буслы адступаюць, малыя прыкідваюцца …мёртвымі, не робячы аніякіх рухаў. Гэта акурат і спрашчае працэс: справа ўжо толькі за кольцамі ды пасаціжамі.

Кожнаму буслу – па дзве «цэпкі»

«Кальцаванне патрэбнае, каб адсочваць міграцыю птушак, – тлумачыць намеснік дырэктара заапарку Віталь Гуменны, – іх перасоўванне, месцы зімоўкі ды тэрыторыю гнездавання. Каб не адлоўліваць птушак зараз існуе сістэма прэзентацыйных кольцаў, якія арнітолаг можа ўбачыць ды расчытаць здалёк».

Віталь Гуменны

Такім чынам, побач з алюміневым кальцом, дзе выбітая краіна і своеасаблівы код птушкі, у дадатак чапляецца яшчэ і каляровае пластыкавае кальцо. Арнітолагі пераконваюць, што «цэпкі», як яшчэ называюць кольцы, не ствараюць для птушак якіх-кольвек нязручнасцяў.

Калі чарада прыме – паляцяць разам у Афрыку

Для буслянятаў ёсць два сцэнары на жнівень-верасень. Або яны паляцяць разам з іншымі птушкамі на поўдзень (у Заходнюю і Паўднёвую Афрыку), або іх, прыкладам, не прымуць і яны застануцца тут. Тады для іх ладзіцца падкормка на халодны час, а ўлетку яны сабе шукаюць ужо іншую групу дзікіх буслоў.

Адна з галоўных праблемаў для малых, як адзначае Віталь Гуменны, гэта давер да людзей, значна большы, чым у дзікіх буслоў. Такая неасцярожнасць для птушак, на жаль, можа скончыцца фатальна.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў