Як інжынер-праграміст стаў адным з першых краязнаўцаў Горадні


«Галоўнае ў жыцці – не здраджваць самому сабе», кажа Алесь Госцеў, які выхаваў цэлае пакаленне гісторыкаў.

Гарадзенскаму краязнаўцу, калекцыянеру, настаўніку і проста выдатнаму чалавеку Алесю Госцеву споўнілася 70 гадоў.

Для Горадні Алесь Госцеў асоба не проста знакавая. Акрамя цэлага легіёна вучняў, якім Алесь Пятровіч больш за дваццаць гадоў аддана прывіваў любоў і павагу да свайго гораду, яго ведае кожны гісторык, экскурсавод, калекцыянер і журналіст. 4 траўня ў Цэнтры гарадскога жыцця былыя вучні, сябры і калегі сабраліся, каб павіншаваць спадара Алеся з юбілеем. Разам з імі ўзгадваем некаторыя старонкі пакручыстага жыцця гарадзенскага краязнаўцы.

«Лічу сябе русінам»

Алесь Пятровіч Госцеў нарадзіўся 2 траўня 1948 г. у Калінінградзе, аднак праз некалькі месяцаў, яго бацькі пераехалі на стала ў горад над Нёмнам, дзе і склаўся далейшы лёс гарадзенскага краязнаўцы. Бацька – рускі, маці – украінка выхавалі сапраўднага беларускага патрыёта, цалкам адданага гісторыі свайго гораду.

«Увогуле я б сказаў у сённяшнім такім разуменні, што я «русін». Бацька ў мяне з Тульскай губерні, а маці ўкраінка. Русінка амаль стоадсоткавая. Жонка ў мяне беларуска, таму дзеці і ўнукі лічаць сябе безумоўна беларусамі», – распавядае спадар Алесь.

У школе гісторыя як прадмет давалася малому Алесю вельмі лёгка, таму больш высілкаў юнак прыкладваў да матэматыкі і фізікі. Спадар Алесь закончыў інстытут і атрымаў дыплом настаўніка фізікі, хоць у выніку выкладаў яе ўсяго восем месяцаў. Потым была служба ў войску, а пасля 20 гадоў працы інжынерам-праграмістам хімпрамысловасці. Пры гэтым спадар Алесь увесь час няспынна даследаваў горад, у якім вырас.

«Вельмі хацелася адказаць на пытанне, што гэта за край у сэрцы Еўропы»

«Было вельмі цікава, чаму гэты край такі незвычайны. Ужо тады моцна грымела Вольга Корбут, Быкаў ужо набіраў сілу, як вядомы пісьменнік, ды іншыя. І мне вельмі хацелася глыбей адказаць на пытанне, што гэта за край такі ў самым сэрцы Еўропы», – кажа краязнаўца.

Гісторык і суаўтар «Кронана» Вячаслаў Швед побач з Алесем Госцевым

Цягам жыцця гісторыя для спадара Алеся стала хобі, якое ў выніку кардынальна змяніла прафесійны кірунак дзейнасці. У сярэдзіне 1980-х гадоў Алесь Госцеў пачаў публікаваць краязнаўчыя артыкулы ў газеце «Гарадзенская праўда», а на пачатку 1990-х разам з гісторыкам Вячаславам Шведам удалося выдаць «Кронан» – сапраўдны букіністычны сімвал Горадні, па якім вучыліся некалькі пакаленняў гарадзенцаў.

«Гэта была фактычна першая краязнаўчая кніжка пра Горадню новай хвалі. Калі казаць пра першыя краязнаўчыя выданні да часоў «Кронана», то гэта былі афіцыйныя выданні, дзе было трошкі пра гісторыю пад адмысловым соусам, трошкі пра гаспадарку і прамысловасць і г.д. Гэта былі афіцыйныя альбомы, а такой жыццёвай гісторыі не было. Мы тады даведаліся, што гэта горад з велізарным масівам гісторыі. Увогуле, калі б не Алесь Пятровіч Госцеў, мяне дакладна не было б як гісторыка», – распавядае былы вучань Алеся Госцева, гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.

«Маладым гісторыкам сёння цяжка зразумець, як цяжка тады было выдаць гэтую кнігу. Сёння ёсць выдавецтвы, былі б толькі грошы. У нас не было такіх магчымасцяў, але мы зрабілі гэтую кнігу. Гэта ідэя была Госцева. У Беларусі такога не было раней. Па сутнасці мы яе сваймі рукамі рабілі, склейвалі. Я прыводзіў студэнтаў, якія нам дапамагалі. Абяцаю, што ў гэтым годзе падобная кніжка выйдзе ў новым фармаце», – кажа суаўтар «Кронана», гісторык Вячаслаў Швед, які больш за 30 гадоў сябруе з Алесем Госцевым.

Вяртанне ў педагогіку

Выкладаць у школу спадар Алесь вярнуўся ў 1992-м годзе, калі ў Горадні ствараўся Першы Беларускі гуманітарны ліцэй.

Алесь Госцеў

«Калі ў нас утвараліся беларускія гуманітарныя класы, я адчуў патрэбу працаваць са школьнікамі, асэнсаваў, што ў мяне гэта атрымліваецца. Я краязнаўца і яшчэ тады я не меў дыплома гісторыка. Хацелася данесці сваё стаўленне да рэчаіснасці, сваю методыку і, галоўнае, дапамагчы вучням вызначыцца, хто яны ёсць: самапазнанне, самавызначэнне і так да самарэалізацыі. І вось у мяне такіх самарэалізатараў цэлы легіён. Астраномію пачаў выкладаць ужо пазней. Ліцэй мы стваралі як беларускі гуманітарны, а ў выніку аказаўся агульнаадукацыйны. Рускамоўны дарэчы, на жаль. Але ўсё роўна ён таксама дае нейкі плён, які можна прасачыць па маіх былых вучнях. Яны мне ўсе сябры. Я думаю, што ў гэтым мае самыя вялікія заслугі. Я ганаруся гэтым і думаю, што не беспадстаўна», – распавядае спадар Алесь.

Не зважаючы на свой паважаны ўзрост, спадар Алесь не перастае выкладаць у Ліцэі №1 у Горадні.

«Самы галоўны жыццёвы вынік і тое, чаму вучу сваіх дзяцей: пазнай самога сябе і ніколі сабе не здраджвай, заставайся самім сабой, што б ні было», – кажа Алесь Госцеў.

Спадар Алесь у будучыні плануе выдаць не меней за 15 кніг. Зараз Алесь Госцеў не перастае працаваць над генеалогіяй гарадзенскіх князёў, а таксама над сямейнай гісторыяй Максіма Багдановіча.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў