Як «гаманец» баевікоў ДНР звязаны з Беларуссю. Новыя факты пра бізнес на вайне


Дзмітрый Аўтаномаў. Фота - facebook.com/dmitriy.avtonomov

Belsat.eu выявіў усе звёны бізнес-схемы, праз якую беларускія прадпрыемства гандлявалі з кампаніямі, падкантрольнымі данецкаму бізнесоўцу Дзмітрыю Аўтаномаву. Служба бяспекі Украіны вінаваціць Аўтаномава ў фінансаванні тэрарызму і лічыць «гаманцом» баевікоў ДНР.

31-гадовага Дзмітрыя Аўтаномава арыштавалі баевікі пры канцы снежня 2018 года. Афіцыйна прадстаўнікі групоўкі ДНР нічога пра арышт бізнесоўца не паведамлялі і сітуацыі не каментуюць. Аднак мясцовыя блогеры сцвярджаюць: Аўтаномава вінавацяць у эканамічных злачынствах, а разам з ім арыштавалі яшчэ 10 кіраўнікоў падкантрольных яму прадпрыемстваў.

Дзмітрый Аўтаномаў раней ужо трапляў у поле зроку belsat.eu: у 2017-м мы распавядалі, як звязаныя з ім фірма ТАА «Белсвіт» вырабляла на прыватным беларускім заводзе «Слаўпрадукт» у Шуміліна гарэлку прэміум-класу пад уласнай гандлёвай маркай «Belsweet». Цяпер belsat.eu даведаўся, што гандлем са «Слаўпрадуктам» сувязі Аўтаномава з Беларусі не вычэрпваюцца.

Анатомія бізнесу

Наша крыніца ў бізнес-асяроддзі Данецку паведаміла, што адным з гандлёвых партнёраў ААТ «Белсвіт» у Беларусі з’яўляецца завод вінаградных вінаў «Пяць кантынентаў» холдынгу «ОП НИИ ПКД». Уладальнік холдынгу – Іван Буракоўскі -традыцыйна ўваходзіць у топ-200 самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў краіны паводле версіі «Ежедневника». Яму таксама належыць сетка вінных крамаў «Штопар». У 2011 годзе «ОП НИИ ПКД» стаў афіцыйным спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі (праўда, сёлета ў спісе спонсараў НАК холдынг ужо не фігуруе).

Завод “Пяць кантынентаў”. Фота – 5kontinentov.by

Каб высветліць, як афармляецца супраца «Пяці кантынентаў» з «Белсвіт», журналіст belsat.eu звязаўся з беларускім прадпрыемствам пад выглядам бізнесоўца з ЛНР, які хоча набываць беларускую прадукцыю і шукае партнёраў заводу ў рэгіёне. На «Пяці кантынентах» пацвердзілі, што алкаголь у ЛДНР яны сапраўды пастаўляюць і далі асабісты нумар кіраўніка аддзелу ВЭД «Белсвіт», які адказвае ў фірме за супрацу з Беларуссю. У працэсе далейшых перамоваў пад выглядам «луганскага бізнесоўца» атрымалася выявіць усе дэталі бізнес-схемы, паводле якой «Пяць кантынентаў» гандлюе з «Белсвіт»:

  • «Белсвіт» вядзе перамовы непасрэдна з «Пяццю кантынентамі», аднак наўпрост з Беларуссю данецкая фірма разлічыцца не можа, бо Менск не прызнае ДНР і, адпаведна, банкаўскую сістэму ДНР. Таму для разлікаў абодвум бакам патрэбная фірма-пракладка ў РФ, якую можна пазначыць у афіцыйных дакументах і праз рахункі якой можна разлічыцца з беларускім прадпрыемствам.
  • У супрацы «Белсвіта» і «Пяці кантынентаў» такую функцыю выконвае ТАА «Квазар», зарэгістраванае ў Растове. «Белсвіт» праз ЦМР-банк (банкаўская ўстанова, якая была адмыслова створана пасля пачатку вайны для разлікаў расейцаў з ЛДНР) пералічвае грошы «Квазару», а «Квазар» – на рахунак «Пяці кантынентаў». Прычым беларусы працуюць выключна па папярэдняй аплаце.

  • Менавіта з «Квазарам» беларускі завод заключае кантракт на пастаўкі сваёй прадукцыі, аднак ідзе яна не ў Растоў, а наўпрост у Данецк. Прычым наўпроставыя пастаўкі на падкантрольныя баевікам тэрыторыі прапісваюцца ў кантракце. У праекце тыповай дамовы, якую прадэманстравалі ў кампаніі «Пяць кантынентаў» адзначаецца: «Тавар вырабляецца за межамі Расейскай Федэрацыі і ідзе транзітам праз тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, не прызначаны для абароту на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Грузаатрымальнікам тавару з’яўляецца…. (тут мусіць быць пазначана назва фірмы, што атрымае тавар – заўв. belsat.eu); пункт разгрузкі: Украіна, г. Данецк».
Скрыншот праекту тыповай дамовы для працы з ДНР

Гэтая бізнес-схема актуальна і для іншых беларускіх прадпрыемстваў, што працуюць з фірмамі ў ЛДНР. Belsat.eu раней ужо адзначаў, што без фірмаў-пракладак такі гандаль проста немагчымы. Аднак упершыню атрымалася даведацца назву адной з такіх фірмаў – ТАА «Квазар». Прычым дырэктарам ТАА «Квазар» з’яўляецца Яўген Цяплоў – чалавек, таксама звязаны з Дзмітрыем Аўтаномавым.

Адбельванне праз Растоў

Эмблема “Белсвіт”. Фота – instagram.com/belsweet_dn/

Паводле СБУ, Яўген Цяплоў фігураваў у схеме незаконнага гандлю вугалем з падкантрольных баевікам тэрыторыяў. Пасля продажу вугалю фірмы Аўтаномава пералічвалі грошы на адрас кампаніі «Гандлёвыя сістэмы» ў Растове, заснавальнікам і дырэктарам якой быў Цяплоў. Пасля гэтага, паводле ўкраінскіх спецслужбаў, грошы абнаяўліваліся і перавозіліся ў ДНР, дзе ішлі непасрэдна на фінансаванне баевікоў. У вызначэнні Кастрычніцкага райсуду Марыупалю ад 11 жніўня 2015 года адзначаецца, што «з ліку валавых паступленняў у бюджэт тэрарыстычнай арганізацыі ДНР» доля фінансавання Дзмітрыя Аўтаномава складае не менш за 20%.

Мяркуючы па ўсім, Яўген Цяплоў мінімум з 2015 года выконвае важную ролю ў адбельванні бізнес-схемаў Аўтаномава. Цяпер на яго імя зарэгістравана тры фірмы на тэрыторыі РФ – дзве ў Растове і адна ў Маскве. Усе яны былі створаныя ў 2015-2016 гг., імаверна, з канкрэтнай мэтай – абслугоўванне фінансавых аперацыяў з ЛДНР. Паводле Федэральнай падатковай службы РФ, ТАА «Квазар», якое працуе непасрэдна з Беларуссю, у 2017 годзе агулам атрымала даход у памеры больш за $ 2.650 млн (выдаткі – $ 2.584 млн).

Фірмы, заснавальнікам якіх зараз з’яўляецца Цяплоў. Скрыншот з сайту zachestnyibiznes.ru

Дырэктар «Пяці кантынентаў» Павел Вінцэнтовіч у каментары belsat.eu афіцыйна пацвердзіў, што ягонае прадпрыемства працавала з ТАА «Квазар». Праўда, ён дадаў, што апошні раз пастаўкі па кантракту з «Квазарам» адбыліся яшчэ вясною 2018 года.

«Больш заказаў не было – не ведаю, што ў іх адбылося», – адзначыў дырэктар.

На заўвагу журналіста, што прадукцыя «Пяці кантынентаў» наўпрост ішла ў ДНР транзітам праз РФ, Вінцэнтовіч адказаў унікліва: «Ну, можа быць». Ён таксама сцвярджае, што назву кампаніі «Белсвіт» нібыта чуе ўпершыню.

Хто такі Аўтаномаў

Дзмітрый Аўтаномаў. Фота – dnr-online.ru

У сепаратысцкай арганізацыі «Аплот Данбасу», з якой шчыльна супрацоўнічаў Аўтаномаў, belsat.eu распавялі, што бізнесовец дагэтуль знаходзіцца пад арыштам, але адзначылі, што больш ніякіх дэталяў ягонай справы не ведаюць.

Між тым, belsat.eu паспеў узяць каментар наконт сувязяў з Беларуссю і ў самога Дзмітрыя Аўтаномава да ягонага арышту. Аўтаномаў катэгарычна адмаўляў сваю датычнасць да кампаніі «Белсвіт»: у апошнія гады ён нібыта наогул не займаецца бізнесам, а ўсе ягоныя інтарэсы абмяжоўваюцца дабрачыннай дзейнасцю. Пры гэтым Аўтаномаў прызнаўся: пасля пачатку вайны ён неаднаразова прыязджаў у Беларусь быццам бы па справах ягонага дабрачыннага фонду «Адраджэнне Данбасу», прычым фонду аказвалі дапамогу «беларускія камерцыйныя структуры».

«Я прытрымліваюся прарасейскіх поглядаў. Ведаю, што беларусы ў асноўным таксама, і яны ўсяляк адклікаюцца на просьбу аб дапамозе. Называць беларускія камерцыйныя структуры не буду, але факт такі ёсць – некаторыя з іх нам дапамагаюць», – адзначыў ён. Аўтаномаў дадаў, што ў Беларусі ён неаднойчы меў сустрэчы па справе фонду, у тым ліку нібыта з прадстаўнікамі ўлады, аднак усе яны мелі «прыватны характар».

Бацька Дзмітрыя бізнесовец Ігар Аўтаномаў быў у свае часы шчыльна звязаны з атачэннем экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. З цягам часу кіраўніцтва ягонай бізнес-імперыяй перайшло ў рукі сына Дзмітрыя, якому, у прыватнасці, належаць прадпрыемствы «Донбассуголь» і «Востокуглемет». Пры гэтым усе яны аформленыя на падстаўных асобаў. Праваахоўныя органы Украіны падазраюць Аўтаномава-малодшага разам з ягонай маці Тацянай у фінансаванні тэрарызму. СМІ называюць Аўтаномава «вугальным каралём» і «гаманцом» баевікоў.

Трэба сказаць, што Дзмітрый Аўтаномаў нават у асяроддзі баевікоў лічыцца адыёзным бізнесоўцам, які незаконна ўзбагаціўся на гэтай вайне. Былы палявы камандзір ДНР Аляксандр Хадакоўскі ў каментары belsat.eu ахарактарызаваў Аўтаномава як асобу, якая «нажылася на крыві і пакутах людзей». Лічыцца, што Аўтаномаў быў чалавекам Александра Цімафеева (пазыўны «Ташкент») – былога «міністра па даходах і зборах» ДНР і правай рукі экс-лідара групоўкі Аляксандра Захарчанкі.

Аляксандр Цімафееў (“Ташкент”). Фота – dnr-online.ru

У Данецку кажуць: дзякуючы «крыше» Цімафеева Аўтаномаў і зарабіў мільёны падчас вайны на Данбасе. Аднак пасля забойства Захарчанкі і прыходу да ўлады ў ДНР Дзяніса Пушыліна «Ташкент» трапіў у апалу, быў вымушаны ўцячы з Данбасу. Як пішуць мясцовыя блогеры, цяпер у Аўтаномава спрабуюць «отжать» ягоны бізнес – менавіта ў гэтым сапраўдная прычына арышту. Тое, што адбываецца, паплечнік былога палявога камандзіра Ігара Стралкова-Гіркіна Міхаіл Палынкоў назваў у каментары belsat.eu «разрабаваннем разрабаванага».

На афіцыйны запыт belsat.eu Служба бяспекі Украіны паведаміла, што дзейнасць ТАА «Белсвіт» расследуецца ў межах крымінальнай справы паводле ч.2 арт. 258-5 (фінансаванне тэрарызму) Крымінальнага кодэксу. Высветлілася, што ў фінансаванні тэрарызму падазраецца яшчэ адзін фігурант мінулых расследаванняў «Белсату» – данецкая фірма «Мастер-торг», якая з 2017 года вырабляе на вытворчых магутнасцях заводу «Крыніца» піва пад уласнай гандлёвай маркай «Юзбір» (праўда, «Мастер-торг» да Аўтаномава не мае дачынення). Што тычацца справы супраць асабіста Дзмітрыя Аўтаномава, то ўкраінскія спецслужбы дэталі расследавання не раскрываюць.

Адказ на запыт “Белсату” наконт стану справы Аўтаномава

Гісторыя супрацы

У 2015 годзе СБУ распачала крымінальную справу ў дачыненні да яшчэ адной фірмы, якая падкантрольна Дзмітрыю Аўтаномаву – ПП «Содействие» з падкантрольнага баевікам гораду Тарэз. З 2016-га і, як мінімум, да сярэдзіны 2017 года гэтая фірма выступала ў ролі афіцыйнага імпарцёра гарэлкі з шумілінскага заводу «Слаўпрадукт» на Віцебшчыне. «Слаўпрадукт» па замове «Белсвіта» вырабляў гарэлку прэміум-класа пад аднайменнай гандлёвай маркай «Belsweet». Пра гэта belsat.eu паведамляў у сваіх папярэдніх расследаваннях.

На этыкетцы гарэлкі Belsweet можна пабачыць дадзеныя імпарцёры – ПП «Содействие», г. Тарэз. Здымак 2017 года

Як распавядала нам у 2017 годзе галоўны тэхнолаг «Слаўпрадукту» Валянціна Салдатава, акрамя эксклюзіўнай маркі Belsweet, завод пастаўляў у ДНР і сваю звычайную прадукцыю – гарэлку «Сяброўка» і «Новая». У 2018 годзе супраца «Слаўпрадукта» з «Белсвітам» пашырылася на новыя маркі гарэлкі – «Чаромушкі» і «Хмельная крыніца». Данецкая кампанія актыўна рэкламуе гэтую беларускую прадукцыю ў сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках.

Гарэлка “Слаўпрадукт” у ДНР. Фота са старонкі “Белсвіт” у VK – vk.com/belsweet_dn

Між тым, як стала вядома belsat.eu, сёлета «Слаўпрадукт» змяніў імпарцёра – цяпер партнёрам заводу ў ДНР з’яўлецца фірма ТАА «Донэксім» з Данецку. З ПП «Содействие» шумілінскае прадпрыемства больш не працуе. Ці звязаны «Донэксім» з Дзмітрыем Аўтаномавым і ці скончылася супраца «Слаўпрадукта» з кампаніямі «гаманца» баевікоў – высветліць не атрымалася.

***

У 2017 годзе belsat.eu упершыню апублікаваў журналісцкае расследаванне пра тое, як беларускія прадпрыемствы гандлююць з кампаніямі, што знаходзяцца ў так званых «ДНР» і «ЛНР».

Летась у лістападзе намеснік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар заявіў, што пасля расследавання журналістаў «Белсату» ў МЗС Беларусі была накіраваная афіцыйная нота. Украінскія ўлады папрасілі беларускі бок папярэдзіць вытворцаў аб адказнасці і правесці расследаванне нелегальных паставак. «Нас, натуральна, не задавальняе ўзаемадзеянне якіх-кольвек беларускіх суб’ектаў прадпрымальніцтва з акупаванымі тэрыторыямі, гэта пярэчыць нашаму заканадаўству і разглядаецца як парушэнне нашага суверэнітэту. Калі факты наўпроставых паставак будуць даказаныя, мы пойдзем на такі крок як меры абмежавання», – распавёў Васіль Боднар.

Сакрэты «неафіцыйнага гандлю». Як прадукцыя МАЗу трапляе ў ДНР

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары