Як ездзіць у галалёд і не забіць сябе ды іншых?


На беларускіх дарогах пасля «ледзянога дажджу» і марозу запанаваў галалёд. ДАІ раіць кіроўцам быць асцярожнымі і нават устрымацца ад паездак. Інструктарка па экстрэмальным кіраванні Марыя Вашкевіч дзеліцца з наведнікамі belsat.eu парадамі: як усё ж ездзіць у галалёд і пры гэтым змінімізаваць небяспеку.

Як правільна тармазіць?

Марыя Вашкевіч раіць ездзіць у галалёд нашмат павольней і акуратней.

«Трымаць большую дыстанцыю. Для тармажэння у аўтах без ABS прымяняць прыём ступеньчатага тармажэння.

Нагу на педалі трэба расслабляць. Кожны наступны націск на педаль павінен быць больш моцным чым перадапошні».

Дзе трэба быць больш уважлівым

Паводле эксперткі, найбольш увагі трэба надаваць скрыжаванням, прыпынкам, пешым пераходам, зʼездам і заездам на трасы.

«То бок, трэба звяртаць увагу на ўсе месцы, дзе людзі разганяюцца і тармазяць», – кажа Марыя Вашкевіч.

  1. Павароты праязджаць гэтак жа, як і ў сухое надворʼе.
  2. Тармазіць толькі на прамых колах, перад паваротам.
  3. У павароце, калі пярэдні прывад, можна дадаваць газ.
  4. На заднім прывадзе праязджаць на роўнай хуткасці.
  5. Тое самае датычыць поўнага прываду. Таксама праязджаць на раўнамернай хуткасці, толькі газ можна дадаваць пры выхадзе з павароту.

Што рабіць на абледзянелым участку?

Па правілах трэба тармазіць да поўнай затрымкі, кажа Марыя. Аднак ёсць нюансы па перадухіленню ДТЗ.

«Калі чалавек дасведчаны, то ён можа звярнуць, каб не трапіць у ДТЗ. Але толькі ў выпадку, калі ён пазбегне больш буйнога выпадку. Калі чалавек недасведчаны альбо не паспявае зарыентавацца, лепш тармазіць. Калі чалавек тармазіць на прамых калёсах, ён часцей за ўсё паспявае затрымацца. Машына тармазіць добра на прамых колах Аўтамабіль на павернутых колах тармазіць неэфектыўна. Вялікія аўтамабілі ўвогуле не манеўруюць на вялікай хуткасці. Інерцыя нясе аўтамабіль у той бок, куды яна едзе».

Парады для пешаходаў

Марыя Вашкевіч раіць не выходзіць на дарогу, не пераканаўшыся, што аўтамабіль цалкам спыніўся.

«Гэта датычыць і рэгуляваных скрыжаванняў, тым больш пры нерэгуляваных. Лепш карыстацца падземнымі і наземнымі пераходамі. У цёмны час пры пераходзе ўключаць ліхтарык на тэлефоне і накіроўваць у бок аўтамабіля. Таксама ўключаць яго, калі ідзеш па абочыне», – дадае эксперт.


Глядзіце таксама: «Прыват з Валярынай Куставай»: Яны руляць! Госця студыі – інструктарка па экстрэмальным кіраванні Марыя Вашкевіч


ДР belsat.eu

Стужка навінаў