Як эстонскі паліцыянт, беларускі пекар ды іншыя кулікоў ратавалі. Рэпартаж з Турава


На Тураўскім лузе ў жнівеньскую пятніцу ці не грамчэй, чым на Зыбіцкай. Птушкі, вецер у лістоце, конікі, а яшчэ – бензапілы. Эстонскія валанцёры разам з беларусамі высякаюць хмызняк, каб птушкам было дзе гняздзіцца наступнай вясной.

У час павадку кожнай вясной ўвесь Тураўскі луг аказваецца пад вадой, акрамя невялікіх купкаў, на якіх кулікі і іншыя птушкі будуюць свае гнёзды і гадуюць птушанят у бяспецы ад драпежнікаў і людзей. Паступова луг зарастае хмызняком і лазою, і ўсё менш застаецца месцаў для гнёздаў. Замест кулікоў на Тураўскім лузе пачалі сяліцца вароны.

Тураў з Тураўскага лугу.

У бліжэйшых вёсках амаль не засталося кароваў. Менавіта яны раней вытоптвалі гэтую тэрыторыю і не давалі зарастаць кустарнікам. Сёлета функцыю кароваў узялі на сябе валанцёры з Беларусі і Эстоніі. Сярод іх – паліцыянт, арганізатар фестываляў, повар, банкаўскі служачы, працаўніца сацыяльнай службы. З беларусаў – супрацоўніца EPAMпекар-прадпрымальнік, музыкант, ды іншыя людзі, звычайнае жыццё якіх ніяк не звязана з аховай навакольнага асяроддзя.

«Мы прыехалі, бо ведаем, што тут у Беларусі на Тураўскім лузе выводзяцца птушкі, якія потым лятуць да нас у Эстонію, таму для нас гэта важна», – кажа Крысціна з Эстоніі. У звычайным жыцці яна працуе з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі .

Ранішняя гімнастыка перад працай

Сім, арганізатар фестываляў у Эстоніі, упершыню прыехаў у Беларусь і адразу трапіў у дзве непрыемныя сітуацыі. Спачатку банкамат БПС-Банку ў Жыткавічах «з’еў» ягоную банкаўскую картку. Потым па дарозе з Жыткавічаў фотарадар схапіў яго на перавышэнні хуткасці. Стаяў знак абмежавання 40, а Сім ехаў звычайныя для эстонскіх населеных пунктаў каля 50 км/г. Але Сім папрасіў нічога кепскага не пісаць, бо «яму вельмі тут падабаецца, а супрацоўніца банку была вельмі ветлівая». Картку, дарэчы, вярнулі хутчэй, чым у звычайныя для банку тэрміны.

Сім, удзельнік талакі. У Эстоніі ён займаецца арганізацыяй фестываляў кіно і музыкі

Камісар дарожнай паліцыі Вало ўвосень стане камандзірам брыгады. У Беларусі ён праводзіць свой адпачынак – з бензапілой на Тураўскім лузе.

«Для мяне гэта магчымасць пабываць у такіх месцах, куды ніколі проста так не заедзеш, не трапіш», – кажа Вало. Ён таксама ў Беларусі ўпершыню.

Вало, камісар дарожнай паліцыі ў Эстоніі, кажа, што ў Беларусі яму ўсё даспадобы, акрамя таго, што прадаўцы ў краме не ўсміхаюцца

Усе эстонскія валанцёры – 9 чалавек прыехалі на Палессе на мікрааўтобусе арганізацыі «ELF», якая арганізуе падобныя прыродаахоўныя талокі ў Эстоніі. Там іх праводзіцца ажно да 60 за сезон – пачынаючы з вясны і да маразоў. Эстонцы кажуць, што гэта вельмі папулярна – удзельнічаць у талоках па прыборцы смецця, або яшчэ па забалочванні штучна высушаных тэрыторый. Беларуская грамадская арганізацыя «Багна» пачала супрацоўнічаць з эстонскай «ELF» і разам яны правялі ў гэтым годзе дзве талакі ў Беларусі – на балоце Ельня і на Тураўскім лузе.

Настя и Сим из Эстонии. Настя начала участвовать в толоках благодаря своим дочерям
Настя из Эстонии пытается произнести слова «дождь» и «день» на белорусском языке
Общее фото природоохранной толоки на Туровском лугу. Последний день
Пятиминутный отдых. Конфеты, вода, чай
Толока на Туровском лугу
В Эстонии проводится до 60 природоохранных мероприятий на год
Бензопилы и все прочее оборудование (секаторы, перчатки) привезли с собой эстонские участники толоки на Туровском лугу
Сим проходил специальное обучение по работе с бензопилой, которое проводила для своих волонтеров природоохранная организация «ELF» в Эстонии. Друзья по команде на Туровском лугу в шутку называют его «министром бензопил»
Тураўскі луг мае міжнародны статус «Тэрыторыі, важнай для птушак», з’яўляецца біялагічным заказнікам і знаходзіцца пад кіраваннем грамадскай арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны».
Прыпяць, Тураўскі луг.
На Тураўскім лузе гняздуюцца каля 50 відаў птушак.

Сярод беларусаў на талацэ ёсць тыя, хто і раней прымаў актыўны ўдзел у беларускім зялёным руху. Юля Кашапава арганізоўвала «Гарадскі агарод» каля галерэі «Ў» у 2016 годзе. Яна шкадуе, што ідэя не пайшла далей, і мала хто выкарыстоўвае ў горадзе зямлю, каб вырасціць нейкую зеляніну, або кветкі. На Тураўскі луг яна прыехала, бо адчувае патрэбу быць карыснай.

«Мне здаецца, што мы шмат чаго робім у жыцці, што абсалютна не нясе нікому карысці, а сілы сыходзяць на тое, каб проста зарабіць грошы на існаванне. А на такіх валанцёрскіх працах я адчуваю сябе карыснай», – кажа Юля.

Дзіма, музыкант, і Юля, стваральніца «Гарадскога агарода»

«Ты адразу бачыш вынік сваёй працы. Гэта не тэкст напісаць і потым лайкі падлічыць. Тут трэба дрэвы паваліць – і адразу бачна, колькі зрабіў», – кажа Вольга Палевікова, журналістка.

Канстанцін Чыкалаў, намеснік старшыні ГА «Багна» і Воля Палевікова, журналістка

Ілья Прохараў, пекар і саўладальнік пякарні Bro Bakery ў Менску таксама апынуўся ў свой адпачынак з бензапілой у руках на беразе Прыпяці.

«Каб памяняць асяроддзе, сустрэцца з людзьмі, з якімі я б ніколі ў маім рэальным жыцці не сустрэўся. Жывеш у сваім коле знаёмстваў з аднымі і тымі ж прыкладна, людзьмі. А тут я нікога не ведаю. І так, я адпачыў. Спаць да 8-й раніцы! Я ў Менску кожны дзень падымаюся а шостай!».

Ілья Прохараў, саўладальнік пякарні Bro Bakery ў Менску.

Сваю справу па выпечцы хлебу Ілья таксама лічыць экалагічнай, бо яны не выкарыстоўваюць хімічных дадаткаў і сумесяў, толькі цэльныя натуральныя прадукты, а таксама трымаюцца ХАССП (прынцыпы харчовай бяспекі).

«Усе кажуць – пачні з сябе. Можа, гэта і не такі вялікі ўнёсак, што я пайшоў і кусты пасек разам з 20 іншымі людзьмі, але нешта ж я зрабіў. Беларусы проста такія людзі, што рэдка атрымаеш падтрымку. Але трэба проста нешта рабіць, кожнаму, і тады ўсё будзе добра. Нас 9 мільёнаў, калі кожны хаця б кавалак смецця падбярэ, то ўжо будзе мінус 9 мільёнаў кавалкаў смецця».

Праца на Тураўскім лузе выглядала наступным чынам: з дапамогай бензапілаў і секачоў высякаліся кусты і дрэвы. Потым другая частка ўдзельнікаў складала галіны ў купы. Вялікія дрэвы адкладаліся на дровы

Па дарозе з Турава абмяркоўваем, ці не супярэчыць такое актыўнае ўмяшальніцтва у натуральны працэс экалагічным прынцыпам. Зарастае луг, кулікоў становіцца менш, варонаў – больш. Прырода заўсёды ведае, што робіць, чаму ж мы хочам змяніць ход падзеяў? Патлумачыў Канстанцін Чыкалаў, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Багна», якая з’яўлялася арганізатарам прыродаахоўнай талакі на Тураўскім лузе з беларускага боку.

«Ёсць два тыпы кіравання прыроднымі рэсурсамі. Першы – неўмяшальніцтва і назіранне. Гэты тып кіравання прымяняецца ў запаведных зонах, дзе забаронена любая гаспадарчая дзейнасць. Другі тып – актыўнае кіраванне, дзе чалавек можа змяняць біялагічныя ўмовы з той ці іншай мэтай. Тураўскі луг – як раз прыклад такога актыўнага кіравання, каб захаваць тут куліковых», – кажа Канстанцін.

Гаспадарчае выкарыстанне Прыпяці: водны шлях Е40

На беразе Прыпяці, Тураўскі луг

Іншае пытанне, што непакоіць ахоўнікаў навакольнага асяроддзя на Палессі – планы міністэрстваў Беларусі і Польшчы па будаўніцтве міжнароднага воднага шляху для перавозкі грузаў. Па тэрыторыі Беларусі гэты шлях павінен прайсці па Прыпяці. Дзеля гэтага патрэбна будзе ў некаторых месцах паглыбіць дно ракі, а таксама перакладаць яе рэчышча. Праект выклікае вельмі шмат заўвагаў у беларускіх ахоўнікаў навакольнага асяроддзя. На іх думку, будаўніцтва Е40 – гэта катастрофа для экалогіі ўсяго Палесся.

«Аднойчы рэчышча Прыпяці ўжо выпрастоўвалі пры будаўніцтве моста па дарозе на Тураў. Цяпер рака намагаецца ўвайсці ў свае былыя межы, цячы так, як цякла раней, і праз гэта дамы мясцовых жыхароў усё больш падтоплівае», – распавядае Канстанцін Чыкалаў.

Сонца хаваецца за Прыпяццю. Вёска Крэмнае, каля Турава.

Найстрашнейшае ж, што звязана з будаўніцтвам суднаходнага шляху, – гэта частка ракі Прыпяць, што пралягае па Палесскаму радыелагічнаму запаведніку. Калі спатрэбіцца паглыбляць дно, то разам з ілам падымуцца і радыеактыўныя рэчывы, што аселі там пасля аварыі на ЧАЭС, і паплывуць ўніз па плыні, акурат у Кіеўскае вадасховішча.

«Нармальнай ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе зроблена не было, – кажа Канстанцін. І тое, што зроблена, датычыцца, ў асноўным, польскай тэрыторыі. Пра Беларусь там мала што ёсць».

У хуткім часе беларускія грамадскія арганізацыі будуць праводзіць сваю ацэнку экалагічнага ўплыву будаўніцтва Е40 для беларускай часткі воднага шляху.

Беларусь – гэта экзотыка

Старыца Прыпяці, вёска Крэмнае, каля Турава.

Удзельнікі талакі пасля працы не гублялі часу і паспелі пабачыць ваколіцы Турава. Эстонцы нават пазнаёміліся з мясцовай бабуляй, якая запрасіла іх на вячэру з бульбай і салам. А ў апошні дзень валанцёры завіталі на мясцовы рынак за памідорамі, агуркамі і мёдам.

– Гэта экзотыка! – кажа Вірге, удзельніца талакі.

–Экзотыка?

– Так, экзотыка. Я шмат падарожнічаю па свеце, але ў такія мясціны вельмі цяжка трапіць. Калі гэта не нейкі спецыяльны праект, як тут, то гэта практычна немагчыма.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў