Як сам дэкан не цураецца ўпрошваць студэнтаў галасаваць датэрмінова – гэтую гісторыю журналісту Belsat.eu распавёў студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту, які пажадаў застацца невядомым.
У Беларусі працягваецца датэрміновае галасаванне – феномен, якому складана знайсці аналагі ў еўрапейскіх краінах.
– У сярэдзіне мінулага тыдня ўсю нашую групу сабраў намеснік дэкана факультэту, – распавядае студэнт БНТУ. – Казаў пра тое, што ВНУ патрэбна 80-адсоткавая яўка на папярэдняе галасаванне, за што нам паабяцалі выходныя ў пятніцу і панядзелак. Затым ён даў зразумець, што калі вельмі трэба і вельмі хочацца (хоць адкрытым тэкстам і не сказаў), то можна і ў сераду, і ў чацвер не прыходзіць. Потым, ужо на гэтым тыдні, з намі гутарыў сам дэкан, які папрасіў: маўляў, хлопцы, трэба прагаласаваць. І сказаў, што калі яўка будзе ўжо 90 %, то ў гонар юбілею БНТУ (які адзначаецца ў гэтым годзе), ВНУ дадуць пэўныя ільготы.
– Як студэнты адрэагавалі на гэта?
– Толькі адзін чалавек не пайшоў галасаваць. Але ён наагул ісці на выбары не збіраўся. Усім астатнім усё адно. Яны пайшлі і аддалі свае галасы ў адмысловым пункце, які знаходзіцца блізу студэнцкіх інтэрнатаў. Матывацыя ў іх такая: «Калі я нарадзіўся, Лукашэнка ўжо быў ва ўладзе, я другога нікога не ведаю». Думаю, большасць з іх прагаласавала менавіта за яго.
– Ці былі намёкі на тое, за каго трэба прагаласаваць?
– Не, нічога такога не было нават і блізка.
Глядзіце яшчэ >>> Фота дня: Галасаванне на голую нагу
Belsat.eu вырашыў разабрацца, ці ёсць у краінаў-суседзяў нейкія аналагі беларускаму этапу папярэдняга галасавання?
Польшча
Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, якія прайшлі сёлета ў траўні, адзначыліся перамогай Анджэя Дуды. Выбары ў Польшчы прайшлі ў два туры (што для Беларусі амаль неймаверна), бо ніводзін з кандыдатаў не набраў тады больш за 50% адсоткаў галасоў. Папярэдняе ж галасаванне ў Польшчы наагул не прадугледжана.
Літва
Аналагічная сітуацыя была і ў суседняй Літве ў 2014 годзе – на выбарах, якія, як і польскія, не прадугледжваюць папярэдняга галасавання, пераможца быў выяўлены толькі ў другім туры. Даля Грыбаўскайце, не дацягнуўшы да адзнакі ў 50 % галасоў у першым туры, у наступным яе перакрочыла.
Украіна
Спантанныя прэзідэнцкія выбары на Украіне, якія прайшлі 25 траўня 2014 года, таксама абышліся без папярэдніх этапаў. Перамогу ў першым туры святкаваў Пётр Парашэнка.
«Нічога падобнага, каб за некага агітавалі, не было, – узгадвае студэнтка Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту Аляксандра Нікалаенка. – Ды і на самыя ўчасткі нас ніхто не заклікаў. Гэта асабістая справа кожнага, а інстытут – навучальная ўстанова, а не агітацыйная кампанія».
Гутарка са студэнткай філасофскага факультэту скончылася тым, што мы паспрабавалі растлумачыць ёй, што значыць «датэрміновае галасаванне», чаго яна, па ўсёй бачнасці, так і не зразумела, сказаўшы толькі, што ў сваёй краіне ніколі пра такое не чула.
ЯБ, belsat.eu