Як Берасце недалічылася амаль 48 тысяч чалавек: кандыдат у дэпутаты абвінаваціў улады ў фальсіфікацыі спісаў выбарнікаў


Каардынатар руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк сцвярджае, што ў Берасці ўлады сфальсіфікавалі спісы выбарнікаў: агульную колькасць патэнцыйных выбарнікаў у горадзе зменшылі амаль на 48 тысяч чалавек, а ў выбарчай акрузе актывіста – больш чым на 700. Цяпер Дзяніс Турчаняк вырашыў звярнуцца ў суд.

«Паводле дадзеных з афіцыйнага сайта галоўнага статыстычнага ўпраўлення Берасцейскай вобласці, на 1 студзеня 2017 года ў Берасці было прыблізна 271 387 людзей, якія валодаюць выбарчым правам, але берасцейскі гарвыканкам і берасцейская выбарчая камісіяй па выбарах дэпутатаў у Берасцейскі гарадскі савет дэпутатаў неабгрунтавана зменшылі колькасць выбарнікаў, паказаўшы ўсяго 223 546 чалавек, што на 47 841 менш, чым павінна быць. Я лічу, што звесткі аб 47 841 выбарнікаў былі незаконна не ўключаны ў рашэнне Берасцейскага гарвыканкаму ад 21.11.2017 г. № 1827, як следства ў рашэнне №2 ад 22.11.2017 Берасцейскай гарадской выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў. Тым самым гарадская камісія незаконна зменшыла звесткі пра колькасць жыхароў Берасця, якія валодаюць выбарчым правам», – кажа Дзяніс Турчаняк у інтэрв’ю belsat.eu.

Адпаведна істотна былі зменшаны звесткі пра колькасць выбарнікаў і ў выбарчай акрузе №17, дзе балатуецца сам Дзяніс Турчаняк:

«На маёй выбарчай акрузе №17, у параўнанні з мінулымі выбарамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў, колькасць выбарнікаў паменшылася з 6335 да 5616 чалавек, на 719 чалавек, хоць для гэтага не было ніякіх перадумоў».

Дзяніс Турчаняк звярнуўся ў Берасцейскую гарадскую камісію па выбарах дэпутатаў з просьбай даць інфармацыю, чаму змянілі склад выбарнікаў на акрузе №17, а менавіта – выключылі з яго складу 9 дамоў і дадалі 11.

Дзяніс Турчаняк распавядае берасцейскім журналістам пра маніпуляцыі пры ўтварэнні акругаў

Пасля скаргі Турчаняка некаторыя праўкі выбарчая камісія ўсё ж унесла: да прыкладу, ліквідавала недакладнасці з межамі ўчастка. Але кандыдату ў дэпутаты так і не паведамілі колькасці выбарнікаў на яго акрузе.

«Мне падзякавалі за праведзеную працу і прызналі, што «сапраўды былі дапушчаныя апіскі і недакладнасці пры апісанні межаў участкаў для галасавання». Аднак мае пытанні і мае разлікі па колькасці выбарнікаў у 40 акругах засталіся без адказу. Іх не зняпраўдзілі, і не пацвердзілі. Так, у маёй акрузе № 17, паводле афіцыйных дадзеных, як было 5616 выбарнікаў, так і засталося. Але ў акругу дададзеныя яшчэ два шматпавярховых жылых дома па вуліцы Гогаля. Гэта ж нонсэнс», – адзначае ён.

Турчаняк звярнуўся ў гарвыканкам, дзе яму паведамілі, што гарадскія ўлады не валодаюць інфармацыяй па колькасці выбарнікаў. «Хоць гэтую інфармацыю атрымаць вельмі проста, дастаткова зрабіць запыт у ЖРЭУ, дзе на кожнага чалавека заведзена ўліковая картка», – кажа ён.

Актывіст напісаў у аблвыканкам скаргу на гарвыканкам, але атрымаў адказ, што адпаведна выбарчаму кодэксу яму не абавязаны даваць інфармацыю пра колькасць выбарнікаў на яго выбарчай акрузе. Тады Турчаняк звярнуўся ў суд: «Прашу суд абавязаць берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт ліквідаваць дапушчанае парушэнне і даць мне запытаныя звесткі ў поўным аб’ёме».

Дзяніс Турчаняк дае інтэрв’ю нашаму тэлеканалу

«Ідзе спаборніцтва: кожны рэгіён намагаецца, каб у іх была большая яўка»

Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі адзначае, што сітуацыя ў Берасце не з’яўляецца выключнай для Беларусі – пытанні наконт дакладнасці спісаў выбарнікаў паўстаюць рэгулярна.

«Падчас выбараў назіральнікі бачаць такую карціну, што колькасць людзей у спісах для галасавання меншая, чым колькасць людзей, якія пражываюць на акрузе. А калі людзі прыходзяць галасаваць, ім кажуць, што адбылася памылка і ўносяць іх у спісы для галасавання. Дакладныя лічбы па ўсей краіне сказаць складана, бо такой статыстыкі, наколькі я разумею, ніхто не публікаваў. Але як тэндэнцыя такое назіраецца апошнія 5 год. З аднаго боку на мясцовых выбарах парогу яўкі няма, з другога боку ідзе спаборніцтва, кожны рэгіён намагаецца, каб у іх была большая яўка. У выніку ў апошнія гады назіральнікі фіксуюць, што ў спісах ёсць вялікая колькасць людзей, якіх не было ў спісах для галасавання, а яны прыйшлі галасаваць», – кажа ён у размове з belsat.eu.

Быкоўскі адзначае, што ўлады мусяць рэгулярна ўдакладняць спісы выбарнікаў і гэта вялікая праца.

«Але здаецца са спісам выбарнікаў у нас як след не працуюць. Сустракаюцца такія гісторыі, што пасля мясцовых выбараў у спісах для галасавання на парламенцкіх выбарах аказваюцца грамадзяне Расеі, якія тут стала жывуць. Падчас мясцовых выбараў яны могуць галасаваць, падчас парламенцкіх выбараў у іх такога права няма. Я ўжо не памятаю калі ў раёне, дзе я жыву, прыходзілі і ўдакладнялі спісы выбарнікаў, і гэта шмат аб чым кажа», – адзначае палітычны аглядальнік.

«Улада мае задачу зрабіць дэпутатам канкрэтнага чалавека»

Трэба адзначыць, што выбары 2018 года не першыя для Дзяніса Турчаняка – ў розных ролях (назіральнік, кандыдат у дэпутаты) ён удзельнічае ў выбарах з 2006 году. Падчас кожнай выбарчай кампаніі актывіст фіксуе парушэнні выбарчага кодэксу. Напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года Дзяніс Турчаняк правёў эксперымент, дзякуючы якому праславіўся на ўсю краіну:

«На мінулых выбарах прэзідэнта, я паставіў мэту даказаць, што скрыні для датэрміновага галасавання ўскрываюцца незаконна да заканчэння галасавання, змесціва гэтых скрыняў мяняецца. Даказаць гэта было вельмі проста. Фальсіфікацыя была даказаная і тады я патрабаваў, каб пракуратура распачала крымінальную справу. Але крымінальная справа не была распачатая. Як бачым, на выяўленыя парушэнні органы ўлады не рэагуюць, яны іх проста ігнаруюць».

Дзяніс Турчаняк праводзіць назіранне на выбарчым участку на мінулых выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў

Аднак ў выбарчай кампаніі 2018 года актывіст усё роўна вырашыў прыняць удзел.

«Удзельнічаю ў выбарах, таму што, як кандыдат я магу абскардзіць парушэнні і вынікі – кажа Турчаняк. – Калі на гэтых выбарах я зафіксую парушэнні, яны будуць абскарджаны. Звычайны грамадзянін ніяк не зможа гэта зрабіць, а ў кандыдата такое права ёсць. Зразумела, што фальсіфікацыі ўсё роўна будуць. Улада мае задачу зрабіць дэпутатам канкрэтнага чалавека, і яны запускаюць розныя механізмы не заўсёды законныя, каб гэтыя людзі гарантавана сталі дэпутатамі».

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава, belsat.eu

Стужка навінаў