Як беларусу легалізавацца ў Польшчы? Пакрокавая інструкцыя


Пашпарт грамадзяніна Беларусі, карта побыту і карта жыхара Варшавы.
Фота: «Белсат»

Рэвалюцыя прыносіць разам з сабою не толькі перамены, але і эканамічную ды сацыяльную нестабільнасць. Магчыма шмат беларусаў захочуць пераехаць у суседнія краіны. Разбіраемся, як грамадзяне Беларусі могуць легальна пераехаць у Польшчу.

Дапамога ад Польшчы

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі абвесціў, што Польшча распачынае праграму дапамогі беларусам. Сярод асноўных прапановаў: спрашчэнне ўезду для беларусаў, аднаўленне стыпендыяльных праграмаў, падтрыманне беларускіх незалежных медыяў і грамадскіх арганізацыяў.

«У сітуацыі, калі на карту пастаўленыя здароўе, жыццё і бяспека нельга цягнуць. Таму мы запрапануем падрабязны пакет, які ўключае ў сябе адмену збораў, а таксама ў асаблівых выпадках абавязку мець дакументы, што значна спрасціць доступ да рынку працы», – сказаў Матэвуш Маравецкі.

Прэм’ер Польшчы Маравецкі агучыў план дапамогі Беларусі.
Фота: Сейм Польшчы

Тыпы легалізацыі

У Польшчы замежнікі могуць жыць на падставе:

  • нацыянальнай візы
  • карты часовага побыту (часовае пасведчанне на жыхарства)
  • карты сталага побыту (сталае пасведчанне на жыхарства)
  • карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ (від на жыхарства)
  • пашпарту якой-небудзь з краінаў ЕЗ

У чым розніца паміж імі?

Візы

Нацыянальная віза дазваляе жыць у Польшчы ад 3 месяцаў да году, і выдаецца яна «пад пэўную мэту». Гэта можа быць праца, вучоба, валанцёрства. Візу трэба рабіць у Беларусі ў адным з консульскіх цэнтраў.

Вучэбную нацыянальную візу можна атрымаць, калі вы вучыцеся ў Польшчы (неабавязкова ВНУ). Працоўную візу вы можаце зрабіць толькі на падставе запрашэння ад працадаўцы.

Важна: па візе Шэнген вы можаце знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы не даўжэй за 90 дзён на паўгода. Яны не дае вам права вучыцца або працаваць.

Віза шэнген.
Фота: «Белсат»

Карты побыту

Карта побыту ня толькі дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, але і паралельна з’яўляецца дакументам, які пацвярджае вашую асобу. Карта часовага побыту звычайна выдаецца ад працы, вучобы, або праз шлюб з грамадзянінам Польшчы.

Калі вы заканчваеце ўніверсітэт або мяняеце працу, то мусіце мяняць і карту часовага побыту, бо яны прывязаны да вашай мэты знаходжання ў Польшчы. Таксама карты часовага побыту маюць абмежаваны тэрмін дзеяння – ад 3 месяцаў да 3 гадоў.

Карта сталага побыту выдаецца на падставе ўладання карты паляка, або польскага паходжання, шлюбу з грамадзянінам Польшчы або асобаў, якія маюць у краіне палітычны прытулак. КСП не мае тэрміна годнасці.

Карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ прызначаная для легалізацыі тых замежнікаў, якія жылі і працавалі ў Польшчы цягам мінімум 5 гадоў і не маюць падставы для атрымання карты сталага побыту.

Карта паляка

Карта паляка – дакумент, які пацвярджае польскае паходжанне чалавека і дае яму або ёй вялікія перавагі пры эміграцыі ў Польшчу.

Карта паляка дазваляе працаваць у Польшчы без адмысловых дазволаў, а таксама бясплатна вучыцца і атрымоўваць дзяржаўныя стыпендыі. Падчас пандэміі людзей з картаю паляка пускалі ў Польшчу разам з тымі, хто меў карты побыту.

Маючы гэты дакумент, вы можаце адразу падавацца на карту сталага побыту. А праз год пасля атрымання КСП – на польскае грамадзянства.

Карта паляка.
Фота: belsat.eu

Як легальна працаваць у Польшчы?

Каб працаваць у Польшчы (на падставе візы або часовага побыту) трэба абавязкова мець дазвол на працу. Ён бывае двух відаў: zezwolenie i oświadczenie.

Oświadczenie – гэта паўгадавы дазволу на працу. На ягонай падставе можна адкрыць працоўную візу на паўгода, або на год. Праўда, працаваць па ёй вы зможаце толькі цягам 6 месяцаў. Oświadczenie робіць цягам двух тыдняў.

Zezwolenie – гэта гадавы дазвол на працу. Ён робіцца да 3 месяцаў.

Пры афармленні дазволу на працу працадаўца мусіць указаць дзе чалавек будзе працаваць, у якім месце, пасаду і ўзровень заработнай платы. Калі нейкая з умоў змяняецца, неабходна аформіць дазвол наноў.

Вы можаце самастойна шукаць працадаўцу, або скарыстацца паслугамі адмысловых агенцыяў. Баяцца агенцыяў не трэба, але варта праверыць, як доўга яны існуюць і прачытаць водгукі. Вялікая рызыка напаткаць махляроў.

Дакументы, якія даюць права на прыбыванне ў Польшчы падчас эпідэміі.
Фота: «Белсат»

Каму не патрэбны дазвол на працу ў Польшчы?

Не ўсім патрэбна атрымоўваць дазвол на працу ў Польшчы. Некаторыя грамадзяне могуць адразу прыступаць да працы ў Польшчы.

Гэта датычыць:

  • Уладальнікаў карты паляка
  • Уладальнікаў карт сталага побыту або карт доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ
  • Мужэй або жонак грамадзяніна/грамадзянкі Польшчы
  • Уладальнікаў карт часовага побыту на падставе вучобы
  • Асобаў, якія вучыліся ў Польшчы
  • Маюць карту часовага побыту на падставе ўз’яднання сям’і

Як пераехаць у Польшчу ўсёй сям’ёй?

Калі вы пераязджаеце ў Польшчу ўсёй сям’ёй, то візы дзецям можна зрабіць на падставе запрашэння са школы або садка.

Атрымаць часовы побыт на падставе ўз’яднання з сям’ёю можна, калі ваш блізкі сваяк мае сталы побыт, часовы побыт цягам 2 гадоў. Сваяком лічыцца муж або жонка і дзеці.

Сцяг Польшчы.
Фота: pixabay.com

Статус уцекача

Калі ў Беларусі вы сутыкнуліся з пераследам праз свае палітычныя погляды, рэлігійную, этнічную або сацыяльную прыналежнасць, то вы можаце папрасіць прытулак у Польшчы.

Падавацца на статус уцекача вы мусіце на мяжы – пра гэта трэба сказаць супрацоўніку памежнай службы або падчас знаходжання ў Польшчы. Для гэтага трэба прыйсці ў аддзяленне памежнай службы.

Каб атрымаць прытулак у Польшчы, трэба будзе даказаць факт пераследу ў Беларусі. Вярнуцца ў Беларусь уцякач не можа, пакуль не атрымаецца грамадзянства Польшчы або пакуль не знікне пагроза для жыцця.

Калі заяўка будзе ўхвалена, то ўцякач атрымлівае карту часовага побыту на тэрмін тры года. У Польшчы ўцекачы могуць працаваць. Таксама ім аказваецца фінансавая дапамога.

Карысныя спасылкі

Старонка Кіравання ў пытаннях замежнікаў https://udsc.gov.pl/ru/

Умовы атрымання дазволу на працы ў Польшчы https://www.gov.pl/web/rodzina/zezwolenie-na-prace2

Палітычны прытулак у Польшчы https://udsc.gov.pl/ru/uchodzcy-2/

Перасячэнне мяжы ў сувязі з COVID-19

Трэба памятаць, што пандэмія каронавіруса ўсцяж не дазваляе беларусам выехаць у краіны Еўрапейскага звязу па звычайных турыстычных візах. Трэба мець на ўвазе, што зараз у Польшчу можна ўехаць толькі калі вы маеце карту паляка, від на жыхарства ў Польшчы, працоўную візу, мужа / жонку / дзяцей з польскім грамадзянствам, таксама з Беларусі ў Польшчу ўезд дазволены навучэнцам і студэнтам, якія ўжо залічаныя ў польскія школы ці ўніверсітэты.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў