Як беларуска ў 55 гадоў пачала займацца балетам


Алена Леснеўская ўсё жыццё марыла займацца класічнымі танцамі, але атрымалася толькі пасля выхаду на пенсію.

«Я жыла ў маленькім пасёлку, не было ні танцаў, ні спартовых секцыяў, а балет гэта была такая мара, я нават пуанты спрабавала сабе шыць. Час ішоў, магчымасці займацца не было. Я вельмі перажывала, бо разумела, што гэта ніколі не здзейсніцца. І мабыць бліжэй да 30-ці я прыняла гэта, што з балетам ужо ўсё», – узгадвае жанчына. Цяпер ёй 57 гадоў.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Два гады таму ёй трапілася абвестка ў газеце пра набор у балетны клас незалежна ад узросту. Алена наважылася і прыйшла. Гэтак і засталася ў балеце. Адметна тое, што дагэтуль жанчына танцамі не займалася.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Было складана напачатку, але гэта настолькі супала з маім унутраным жаданнем, што мяне толькі натхняе. Тут яшчэ было вельмі важнае падтрыманне з боку мужа, усё ж такі траціна пенсіі сыходзіць на заняткі. Акрамя таго, я ведала, што муж і сын смяяцца не будуць, а пра астатніх я не думала»

Алена вядзе актыўны лад жыцця. 10 гадоў таму яна пачала ўдзельнічаць у веламарафанох. Неаднаразова займала першае месца ў сваёй катэгорыі. Аднойчы праехала нават 200 кіламетраў на ровары. На сёлетнім веламарафоне ў Налібоках – 100 кіламетраў за 8 гадзін. Алена таксама спрабавала ныраць з аквалангам і каталася на горных лыжах. Цяпер хацела бы паспрабаваць скокнуць з парашутам. Пры ўсім пры гэтым Алена не лічыць сябе вельмі спартовай і не прытрымліваецца адмысловай дыеты.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Салодкае я ў прынцыпе не вельмі люблю, магу хіба што марозіва з’есці. Усяго трэба есці ў меру, а з узростам і колькасці ежы патрэбна меней, бо і актыўнасці меней. Часам, калі раблю хатнія справы, то адчуванне такое, быццам я ў запаволеным фільме. Калі раней падавалася, што справы зраблю і яшчэ поўдні вольныя, то цяпер з раніцы да вечара занятая».

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Два разы на тыдзень жанчына ходзіць у балетную студыю і нараўне з трыццацігадовымі жанчынамі выконвае складаныя «гран батман» ды «па бе буре сюеві». Пра сваё рашэнне прыйсці ў балет ні разу не пашкадавала і раіць усім не баяцца ажыццяўляць свае мары незалежна ад узросту.

НР, belsat.eu

Стужка навінаў