Як Беларусь гандлюе з ДЛНР: новыя факты


Каму вайна, а каму новыя рынкі збыту. Улады Беларусі хоць і не прызналі самаабвешчаных рэспублікаў ДНР і ЛНР юрыдычна, дэ-факта наладзілі буйныя пастаўкі тавараў падкантрольным Маскве сепаратыстам. Раней «Белсат» расследаваў продаж у Данецк і Луганск мясных і малочных харчоў, шакаладу, гарэлкі і піва.

Пасля публікацыі з намі звязаліся людзі з гандлёвых структураў

Паводле асобы, якая хоча захаваць ананімнасць, з 2015-га года гандаль наўпрост з ДНР і ЛНР распачалі беларускія вытворцы касметыкі і побытавай хіміі – каб скампенсаваць страты ад моцнага падзення попыту на расейскім рынку.

«Продажы ішлі за расейскія рублі ці іншую валюту. Амаль заўжды перадаплатаю, часта праз афшор на Кіпры», – паведаміла крыніца.

У гандлі з сепаратыстамі ўдзел бралі вядомыя беларускія брэнды. «БЕЛІТА-ВІТЭКС», «БЕЛКОСМЕКС», «МОДУМ» і «ФЛОРЕАЛЬКОСМО» пастаўлялі касметыку, барысаўскі «БАРХІМ» і асіповіцкая фабрыка «СОНЦА» – пральныя парашкі, сродкі для мыцця ды іншую побытавую хімію.

Гандлявалі без пасярэднікаў, найбольш з Луганскам

Бізнесоўцы, якія плоцяць падаткі прарасейскім баевікам, дасылалі ў Беларусь замову на тавар, атрымлівалі рахунак-фактуру, плацілі грошы – часта з кіпрскіх рахункаў – ды ў дамоўлены дзень дасылалі грузавік на пагрузку.

«Яны практыкуюць зборку. Фура на расейскіх нумарах едзе грузіцца, напрыклад, на «Беліту-Вітэкс», потым на «БелКосмекс», потым на «Бархіме» дагружаецца цалкам. І едзе праз Расею ў Луганск. А ў міжнародных накладных CMR напісаны луганскі адрас», – зазначыла ананімная крыніца «Белсату».

Пра зборку ведалі ўсе

Накладныя CMR ды іншыя дакументы на груз бачылі беларускія памежнікі на мяжы з Расеяй. Пра зборку ведалі ўсе прадпрыемствы-пастаўнікі. Але ад размоваў з журналістамі яны ўхіляюцца пад рознымі нагодамі. Затое ў Луганску спакойна запрашаюць прыйсці і набыць беларускія тавары.

Гандаль беларусаў з часова акупаванымі тэрыторыямі не парушае міжнароднага права, але парушае ўкраінскае заканадаўства, кажа адмысловец Уладзімір Яворскі.

«Гэта пытанне прызнання гэтых тэрыторыяў, што яны належаць іншай дзяржаве. Калі вы гандлюеце з гэтымі тэрыторыямі, то вы іх прызнаеце. Менавіта на гэта рэагуе Україна», – тлумачыць юрыст-міжнароднік.

Справу расследуе амбасадар Украіны ў Беларусі ды ўкраінскія праваахоўнікі

«Калі гэта падцвердзіцца, то Украіна часцей за ўсё ўносіць гэтыя прадпрыемствы ў свой санкцыйны спіс. Гэта значыць, што такія прадпрыемствы не змогуць прадаваць сваю прадукцыю на тэрыторыі Украіны. Пасля гэтага Украіна перадасць інфармацыю ў Еўразвяз, а там вырашаць, ці ўносіць прадпрыемствы ў санкцыйны спіс», – дадае спадар Яворскі.

Свой санкцыйны спіс ёсць і ў Злучаных Штатаў

Але ні беларускія прадпрыемствы, ні кіраўніцтва краіны, падобна, раней не бачылі гэтых рызыкаў.

«Беларускім заводам без розніцы, куды прадаваць. Хоць чорту лысаму, абы за валюту! Ад іх райвыканкамы штомесяц патрабуюць станоўчую статыстыку продажаў. Пра наступствы, нейкія санкцыі яны не задумваюцца», – распавяла нашая крыніца ў гандлёвай сферы.

Варта задумацца, якія рынкі для Беларусі важнейшыя – украінскі ды еўрапейскі ці данецкі і луганскі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў