Двойкі, пяцёркі і... дванаццаткі! Якія ацэнкі ставяць у школах суседніх краінаў


З усіх суседзяў Беларусі толькі Расея выкарыстоўвае 5-бальную сістэму ацэньвання ведаў, да якой збіраецца вярнуць айчынную сістэму адукацыі беларускі ўрад.

На мінулым тыдні пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам віцэ-прэм’ер Васіль Жарко заявіў, што ў Беларусі разглядаецца магчымасць вяртання на 5-бальнай сістэмы ацэньвання ведаў. Дзесяцібальную сістэму Жарко назваў «больш субектыўнай».

З 1991 па 2002 год у Беларусі выкарыстоўвалася 5-бальная сістэма, якая захавалася яшчэ з савецкіх часоў. Апошнія 15 гадоў беларускія школьнікі вучыліся ўжо па 10-бальнай сістэме.

«Белсат» спраўдзіў, якія сістэмы ацэньвання ведаў выкарыстоўваюць суседзі Беларусі.

Літва і Латвія

У Літве і Латвіі на сённяшні дзень выкарыстоўваецца тая ж шкала, што і ў Беларусі – 10-бальная. Пераход на 10-бальную сістэму ў балтыйскіх краінах пачаўся значна раней, чым у Беларусі – яшчэ падчас рэформаў адукацыі на пачатку 90-х.

Гэтак жа, як і ў Беларусі, «0» школьнікам не ставяць, а найменшай здавальняючай ацэнкай з’яўляецца «4». Ацэнкі ад «1» да «3» мусяць выпраўляцца – вучань з такімі вынікамі не можа быць пераведзены ў наступны клас.

Украіна

Ва Украіне 5-бальная савецкая шкала выкарыстоўвалася да 2000 года. Прычым з 1993 года сістэма де-факта была 4-бальная, бо «1» ставіць вучням забаранялася.

З 2000 года ў сярэдняй адукацыі ўкраінцы выкарыстоўваюць 12-бальную шкалу (загад Міністэрства адукацыі 04.09.2000 № 428/48), дзе «12» = «5+», «11» = «5» і г.д. 12-бальная сістэма пачынае дзейнічаць з другога класа пачатковай школы, у першым класе настаўнікамі даецца толькі вербальная ацэнка ведаў і навыкаў вучняў.

Дарэчы, Украіна – адзіная краіна Еўропы, якая выкарыстоўвае 12-бальную шкалу.

Польшча

У сярэдняй адукацыі Польшчы выкарыстоўваецца 6-бальная сістэма ацэнкі ведаў. Да 2004 года 6-бальная сістэма выкарыстоўвалася і пры здачы экзаменаў, якія ацэньваюць веды вучняў пасля сканчэння сярэдняй школы, але цяпер выніковыя экзамены ацэньваюцца па працэнтнай шкале.

Расея

З усіх суседзяў Беларусі толькі Расея цяпер выкарыстоўвае 5-бальную шкалу ацэнак. Пяцібальная сістэма была ўведзена яшчэ падчас Другой сусветнай вайны – 11 студзеня 1944 года згодна з пастановай Савета народных камісараў РСФСР.

З 1944 года шкала ацэньвання ў расейскіх школах перажыла толькі адну змену – у Расейскай Федэрацыі, у адрозненні ад савецкіх часоў, вучням нельга ставіць ацэнку «1».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў