Як утаймаваць эмоцыі падчас выбараў? Парады псіхолагаў


Фото: Таня Капитонова / «Белсат»

Выбарчая кампанія праходзіць пад знакам затрыманняў і рэпрэсіяў. Як у гэтым віры трымаць у парадку свой псіхічны стан? Псіхолагі падрыхтавалі парады, якія дапамогуць палітычна актыўным беларусам перажыць гарачае лета-2020.

Зразумейце, што вас хвалюе

У віры эмоцыяў людзі часта не адрозніваюць ці не спрабуюць аналізаваць, якія менавіта эмоцыі перажываюць. Калі вас захапілі пачуцці, вы ўзбуджаныя і надзвычай нервуецеся, трэба прыпыніцца і знайсці, што гэта за эмоцыя. Калі вы разабралі эмоцыі, сярод іх вылучыце тыя, якія вас турбуюць. Напрыклад, страх. Прагаварыце сабе, каб усвядоміць, чаго канкрэтна баіцеся. Магчыма – фізічнага гвалту, рызыкі трапіць на содні ці зазнаць праблемы на працы праз сваю грамадзянскую пазіцыю. А можа нейкія словы ці падзеі выклікалі ў вас пачуцці, якія датычаць раней перажытых вамі падзеяў. Калі вы ўжо перабіралі ў галаве страшныя сцэнары – гэты тэкст для вас.

«Рабіце тое, што можаце, на што маеце рэсурс. Не рабіце таго, чаго баіцеся і на што не адчуваеце сілу. Не трэба рабіць болей, чым ты можаш. Бо ёсць небяспека згубіць матывацыю і расчаравацца», – падкрэслівае псіхолаг Марына Качановіч.

Псіхолаг Марына Качановіч. Фота з архіву гераіні

Натоўп мае аблічча

Гвалт заўсёды спараджае гвалт. Таму калі вы кінецеся з кулакамі на АМАПаўца (не ў спробах самаабароны), будзьце гатовыя на адпаведны адказ. Агрэсія для сілавікоў, што чырвоная ануча для быка.

«Калі вы адчуваеце, што вам хочацца нематывавана ўдарыць прадстаўніка АМАПу, то варта разабрацца са сваімі ўнутранымі праблемамі, – кажа Марына Качановіч. Няма аніякай чалавечай прычыны, якая магла б цябе змусіць ударыць іншага чалавека. Толькі калі гэта не самаабарона».

Лёгка чыніць гвалт у дачыненні абязлічанай масы людзей. Таму натоўпу варта здабыць твары, перастаць быць гэтаю аднароднаю масаю. Кожны іншадумец можа паказаць, што ён жывы добразычлівы чалавек, а не частка абстрактнай і небяспечнай хвалі дэманстрантаў.

«Таму не агрэсія, а заклікі «міліцыя з народам» і дарэнне кветак АМАПу дапамагае вярнуць натоўпу твар», – звяртае ўвагу адмыслоўца.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Слоніме.
Фота: «Белсат»

Клапаціцеся пра сябе

У пераходныя перыяды больш схільныя да трывогі і турботаў тыя людзі, у якіх і без таго ў жыцці не было шмат апораў і ў чыім жыцці было шмат трывогі.

«Важна стасавацца з тымі, хто цябе падтрымлівае і не асуджае. Беражыце рэсурсы – не бярыце новыя задачы. Вы можаце адысці ад палітычных падзеяў і паклапаціцца пра сябе. Паранены змагар ваяваць не можа. Высыпайцеся, адпачывайце, нармальна харчуйцеся, адмаўляйцеся ад тых відаў дзейнасці, на якія не маеце рэсурсаў», – раіць Марына Качановіч.

Калі вы эмацыйна рэагуеце на навіны, то можаце стварыць графік іхнага чытання, вылучыць сабе пэўны час. Лепей не сачыць за абнаўленнямі перад сном. Не спрачацца з тымі, у каго іншае меркаванне. І, бадай, самае галоўнае – не спыняць свае эмоцыі.

«Калі эмоцыі ўзялі над вамі верх – не ўстрымлівайцеся, вашая рэакцыя апраўданая. Пакрычыце, пабіце ў подушку. Пасля сядзьце ў зручны фатэль, глыбока ўздыхніце і палічыце да 10. Гэта дапаможа вам супакоіцца», – кажа псіхолаг Інна Панчкоўская.

Псіхолаг Інна Панчкоўская.
Фота: архіў гераіні

Марына Качановіч заклікала спрабаваць вылучыць канкрэтныя эмоцыі, якія вы перажываеце:

«Напрыклад, я адчуваю, што спалохалася пад час чытання навінаў. Наступны крок – зразумець, чаму менавіта спалохалася. Знайсці канкрэтную фразу, за якую зачапілася свядомасць. Магчыма гэтая навіна актуалізавалася з маімі нейкімі перажываннямі».

Калі ў вас нізкі ўзровень асэнсавання эмоцыяў, то можаце загугліць спісы пачуццяў. Дыхайце, чытайце спіс і параўноўвайце з вашымі эмоцыямі. Важна асэнсаваць і перажыць гэтыя пачуцці, не ўцякаць ад іх. Адмыслоўцы таксама раяць не забывацца, што ў навіны трапляе найбольш вострая інфармацыя.

Hавiны
Невядомыя падпалілі сцэну ў парку Дружбы народаў
2020.08.04 11:50

Аднак дзякуючы гэтым складаным падзеям яднаюцца тысячы людзей па ўсёй Беларусі.

Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Петрыкаве. 2 жніўня 2020 г.
Фота: «Белсат»

Як перажыць затрыманне або содні?

Падчас атрымання псіхалагічнай траўмы арганізм затарможваецца пад уздзеяннем адрэналіну. Калі вас цягнуць у аўтазак, імаверна, у вас не будзе нейкіх моцных эмоцыяў на гэты конт. Ужо праз некаторы час чалавек «размарожваецца» і пачынае асэнсоўваць, што адбылося. Важна не правальвацца ў негатыўныя эмоцыі, а намагацца сябе падбадзёрваць. Нават калі вы сядзіце на соднях: шукайце рэсурсы, намагайцеся бавіць час як мага больш пазітыўна.

«Не трэба рабіць выгляд, што вы такі герой і вам усё ні па чым. Вельмі важна сумленна зазірнуць унутр сябе і паглядзець, што там засталося: трывога, страх, парушаны рэжым сну, стрэс», — нагадвае Марына Качановіч.

Далей важна працаваць з гэтым «шлейфам» – пагаварыць з кімсьці, памаляваць, апісаць словамі свае пачуцці.

«Усе содні на Акрэсціна, затрыманні – гэта траўматычны досвед. Не варта гэта адмаўляць», – падкрэслівае Марына Качановіч.

Затрыманне журналістаў.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Перажыць і апрацаваць эмоцыі магчыма толькі, калі сітуацыя скончылася і вы ўжо знаходзіцеся ў бяспецы. А пад час адбыцця содняў важна пратрымацца. Клапаціцца аб сабе, наколькі гэта магчыма, рабіць усё каб захоўваць максімальна нармалёвы фізічны і псіхічны стан. А па выхадзе звярнуцца па прафесійную дапамогу да псіхолага ці паразмаўляць з добрым сябрам.

Калі вы трапляеце на содні, то варта не супраціўляцца і прызнаць, што на пэўны час вы абмежаваныя ў сваіх дзеяннях.

«Намагайцеся забіць гэты час чымсьці максімальна карысным. Думайце пра тое, што кожны дзень толькі ўзмацняе дух і вучыць спраўляцца з жыццёвымі складанасцямі», – кажа Інна Панчкоўская.

Парады
«Дзяржава ставіцца да цябе як да скаціны». Як правільна сядзець на «соднях»?
2020.07.03 11:30

Калі чалавек адчувае падтрыманне звонку, гэта можа дапамагчы яму «вывезці» цяжкія сітуацыі. Калі на твой суд прыходзіць шмат людзей, калі ты чуеш феерверкі пад ЦІПам або песні – гэта вельмі дапамагае.

Калі праз даволі працяглы тэрмін пасля непрыемных падзеяў вы сталі кепска спаць, маеце панічныя атакі, флэшбэкі – вашая траўма не загаілася і размоваю з сябрам не абысціся – звяртайцеся да псіхолага.

Падтрымлівайце, але памятайце пра свой камфорт

Калі вашыя блізкія цяпер былі рэпрэсаваныя, то намагайцеся іх падтрымаць, аднак не забывайцеся на ўласны камфорт. Вы таксама перажываеце траўматычны досвед і падтрымліваючы іншых, апускаецеся ў іхныя эмоцыі. Пасля акту падтрымання важна добра паспаць, з’есці, супакоіцца.

«Перадусім захоўвайце спакой. Калі будзеце панікаваць і мітусіцца, то вы пазбавіцеся магчымасці ясна мысліць і дзейнічаць. У такім стане ад вас не будзе аніякай карысці. Падбадзёрвайце сябе думкаю, што ваш спакой і падтрыманне ў гэты момант патрэбныя таму, хто знаходзіцца ў вязніцы», – раіць Інна Панчкоўская.

Адмыслоўцы раяць прыняць тое, што вы не ўсёмагутныя. Рабіце тое, што зараз можаце: насіце перадачы, звязвайцеся з адвакатамі і забяспечце цёплы прыём, калі чалавек будзе на волі.

Артыкулы
«Спрабуюць наладзіць іншых супраць палітычных». Як айцішнік адседзеў 11 содняў на Акрэсціна
2020.07.31 11:00

Высокія чаканні

Калі 10 жніўня нічога не атрымаецца, асабліва моцна могуць параніцца людзі, якія маюць высокія чаканні.

«Калі маеце надзею, што 10 жніўня ў Беларусі мусіць усё змяніцца, то вас можа чакаць вялікае расчараванне. Рабіце, што мусіце, і няхай будзе, што будзе».

Марына Качановіч прапаноўвае радавацца таму ўсплёску нацыянальнай свядомасці, які ёсць ужо зараз і не згасне потым. Гэта неабавязкова прывядзе да нейкага прамежкавага выніку.

«Калі мы абясцэньваем нейкія вынікі нашых намаганняў, яны не не маюць працягу, атрымліваюць адпаведны ярлык і быццам знікаюць. Вельмі важна бачыць усе прамежкавыя вынікі, а не толькі адзін вялікі. Гэта дае энергію і матывацыю працягваць», – кажа яна.

***

Калі вы або ваш блізкі чалавек сталі ахвяраю рэпрэсіяў, то ініцыятыва «Салідарныя» прапаноўвае бясплатныя кансультацыі ў псіхолагаў. Падрабязнасці – на старонцы ў Facebook.

https://www.facebook.com/solidaryteamby/posts/205069661122261

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў