Як Андрэй Дзмітрыеў гуляў па Пінску разам з выбарнікамі. Рэпартаж


Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Дзмітрыеў разам з даверанымі асобамі днём 6 жніўня наведаў Пінск. Акцыя прайшла ў форме прагулкі па гораду з раздачай улётак і размовамі з гараджанамі.

На пачатку маршруту Андрэя Дзмітрыева чакала некалькі чалавек, якія даведаліся аб прыездзе кандыдата ў прэзідэнты з сацыяльных сетак.

«Мне не падабаецца тое, што адбываецца ў нашай краіне. Я супраць Лукашэнкі. А прыйшоў я на сустрэчу з Дзмітрыевым, каб асабіста перадаць свае меркаванні на будучае Беларусі», – распавёў карэспандэнту Belsat.eu Анатоль, які прыйшоў на сустрэчу з кандыдатам.

Фота: Belsat.eu

Таццяна, каб сустрэцца з кандыдатам прыехала са Столінскага раёну.

«Мой муж назірае за галасаваннем у нашай вёсцы. Ён проста ў шоку ад таго, што людзі масава ідуць галасаваць датэрмінова. Прыехала на сустрэчу, каб распавесці кандыдату пра ціск на людзей і пра адсутнасць інфармацыі аб альтэрнатыўных кандыдатах у вёсках. Сама канчаткова яшчэ не вырашыла за каго аддам свой голас. Вось паслухаю Дзмітрыева і буду мець больш інфармацыі. За Лукашэнка галасаваць не буду», – сказала Таццяна.

Дзмітрыеў са сваімі даверанымі асобамі пачаў кантактаваць з пінчукамі з раздачы ўлётак. Мінакі прыпыняліся, пазнавалі кандыдата, задавалі пытанні. Людзей цікавілі самыя розныя бакі жыцця. Дзмітрыеў распавядаў пра сваё бачанне вырашэння шматлікіх праблемаў, казаў пра неабходнасць змены ўлады, бо інакш нашу краіну чакаюць вельмі цяжкія часы. Таксама кандыдат прасіў прыходзіць галасаваць толькі ў асноўны дзень і з белай стужкай на руце.

Фота: Belsat.eu

Ад першапачатковага месца Андрэй Дзмітрыеў разам з мінакамі рушылі да цэнтру гораду, па дарозе раздавалі ўлёткі. На рынку «Зорным» прадпрымальнікі спачатку не асмельваліся падыходзіць да каманды кандыдата, але потым пераадолелі страх і пачалі задаваць пытанні. Трэба аддаць належнае Дзмітрыеву: ён спакойна і даступна ўсё тлумачыў.

Фота: Belsat.eu

Некалькі прадпрымальніц падзяліліся з Belsat.eu сваімі ўражаннямі ад сустрэчы.

«Я ні воднага разу не галасавала за Лукашэнку. Але ж такіх як я была меншасць. Зараз гляджу на людзей і радуюся. Значная большасць хоча пераменаў. Не ведаю, ці буду галасаваць за Дзмітрыева. Галоўнае – людзі ў жывую бачаць чалавека, які гаворыць простыя і зразумелыя словы, чалавека разумнага і не злога», – кажа Валянціна.

Яе суседка Ларыса дадала:

«Добра, што прыехаў. Хай людзі пабачаць і паслухаюць. Тут ёсць і тыя, хто за Лукашэнку. Можа яны задумаюцца. Вось глядзіце, якія спачатку яны былі агрэсіўныя. А зараз моўчкі стаяць».

Фота: Belsat.eu

Скончыў сваю двухгадзінную прагулку Дзмітрыеў на пешаходнай вуліцы Пінску. Людзей у гэты час было не шмат. Пасля Пінску Дзмітрыеў з камандай рушыў на Мікашэвічы. Перад ад’ездам адказаў на некалькі пытанняў.

– Што вы, як кандыдат у прэзідэнты, хочаце давесці людзям падчас сустрэчаў?

– Галоўнае, што я хачу давесці да людзей: у Беларусі павінен быць новы прэзідэнт. Гэтага не трэба баяцца, ніякай пагрозы няма. Патрэбныя новыя магчымасці дзеля таго, каб людзі маглі годна жыць у Беларусі, а не шукаць шчасця ў іншых краінах. Я лічу, што ў мяне атрымліваецца. Сустракаюцца многа людзей, якія сумняюцца. Пры асабістай сустрэчы, калі размаўляеш з чалавекам і глядзіш яму ў вочы, выклікаеш давер, людзі пераадольваюць свае страхі. Ніхто не жадае развальваць краіну, а наадварот – рабіць яе лепей і лепей.

Фота: Belsat.eu

– Як вы ацэньваеце першыя дні датэрміновага галасавання? Ці можна параўнаць тое, што адбываецца на гэтых выбарах з падзеямі на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах?

– Гэтыя выбары беспрэцэдэнтныя нават для Беларусі. Пасадзілі прэтэндэнтаў задоўга да пачатку галасавання, не зарэгістравалі моцных кандыдатаў. Мы бачым, што Лукашэнка ўсімі сіламі спрабуе рэалізаваць зразумелы для яго сцэнар – фальсіфікацыя выбараў. Іншага ў яго не засталося. Нават па сваіх законах ён прайграе выбары, мы перамагаем. А тое, што адбываецца з назіральнікамі, – поўнае беззаконне. Толькі як іх законы не дапамогуць ім перамагчы, гэтак і іх маніпуляцыі і дзеянні супраць назіральнікаў не дапамогуць схаваць ад людзей праўду. Народ такое не забудзе. Лукашэнка прайграў!

Фота: Belsat.eu

– Што чакае краіну і Лукашэнку пасля выбараў?

– Мяне не цікавіць, што будзе з Лукашэнкам. Для мяне галоўнае, каб мы перамаглі, і краіна пачала жыць спакойна і па новаму. Каб наша моладзь заставалася ў Беларусі. Гэта залежыць ад усіх – ад народа, ад назіральнікаў, ад сяброў камісій, ад сілавікоў. Я веру, што ўсё атрымаецца!

ВЯ, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў