Як адзначаў і што еў у Святы вечар класік беларускай літаратуры?


У праваслаўных вернікаў сёння Раство Хрыстова. Учора ў іх быў Святы вечар або Куцця – ад галоўнай стравы на стале. Як апісвае святочную вячэру ў «энцыклапедыі» даўнейшага беларускага жыцця – «Новай зямлі» – Якуб Колас?

«Новая зямля» – паэма біяграфічная. Прататыпамі галоўных герояў твору сталі сам аўтар, ягоныя бацькі ды сваякі. Каб даведацца, як беларусы святкавалі Куццю і Каляды ў канцы XIX–пачатку XX стагоддзяў, варта разгарнуць старонкі нашага нацыянальнага эпасу.

Калядаў, піша Якуб Колас, найбольш чакалі дзеці. Гэта быў для іх час ласункаў і адпачынку ад навукі. Адмыслова для дзяцей ставілі дома ялінку:

«Ялінка ў хаце так прыгожа!
І колькі радасці і ўцехі!
На ёй валоскія арэхі,
А з пазалочанай паперкі
Глядзяць панадныя цукеркі;
І больш на ёй няма нічога,
Ды хіба ж дзецям трэба многа?
Даволі з іх і той прынады –
Яны давольны, яны рады».

Звычайна перад Раством забівалі вепручка, каб на свята былі кілбасы і вяндліна. Шмат хто з гаспадароў, аднак, нягледзячы на піліпаўскі пост, каштаваў свежанінку яшчэ перад Калядамі.

Пост захоўваўся і ў Святы вечар, таму адмыслова да Куцці лавілі ў палонках свежую рыбу.

У перадкалядавы вечар усё мела сваё значэнне і прадказвала будучыню:

«Куцця. Марозна. Хмурнавата.
Сняжок падкідвае заўзята;
Снег на Куццю – грыбы на лета,
Такая матчына прымета,
А сцежкі чорны – ягад многа;
Ну, і за гэта хвала Богу».

На стале рассыпалі духмянае сена, на якім некалі нарадзіўся Сын-Бог, засцілалі яго белым абрусам. Гаршчок з куццёю – пшанічнаю кашаю – быў у Святы вечара нібы «цар даўнейшаю парою», які ставілі на самае пачэснае месца на стале – пад абразамі, «багамі», паводле класіка.

Да стала падыходзілі ўсе прыбраныя і з «зачасанымі чупрынамі». На вячэру малодшыя сямейнікі прыходзілі са сваёй стратэгіяй:

«За стол садзяцца ўсе ў парадку
І прад сабой кладуць аладку,
Відэльцы, лыжкі разбіраюць
І стравы першае чакаюць.
– Ты, брат, глядзі не ашукайся:
Не надта зразу накідайся,
Бо потым шчыра пашкадуеш,
Калі жывот свой напіцуеш:
Чым дальш – смачнейшыя патравы,
І многа іх, і ўсе цікавы;
Я знаю хітрасць гэту ўсю, –
Алесь гаворыць Кастусю».

Адною з галоўных і самых смачных страваў на Святы вечар быў квас, прыгатаваны паводле старадаўняга рэцэпту з сушанай рыбы і грыбоў:

«Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы –
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!»

Частаваліся падчас святочнай вячэры таксама верашчакаю, блінцамі на маку, ламанцамі-праснакамі, разнастайнымі кампотамі, кісялём з мядоваю сытою і гэтак далей. Куццю ж елі ў самым канцы:

«Вячэру скончылі куццёю,
Але ўжо елі без ахвоты,
Абы падатак той аддаць,
Стары звычай ушанаваць.
І после гэтакай вячэры
Жывот выпучваўся без меры,
А з-за стала як уставалі,
То нават трохі і стагналі».

 

Стравы са стала прыбіралі на заўтра – у першы дзень Калядаў. Сена даставалі з-пад абруса і па жмені давалі каню, валу і карове.

«А на стале, ў драбнюткім сене
Здавён-даўна вялося й гэта –
Уважна зернетак шукалі
І па тых зернетках гадалі,
Які зародзіць хлеб налета».

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў