Як адзначыць 25 сакавіка пасля забароны ўладаў? «Бескампрамісны план» у Статкевіча, «пазітыўны сцэнар» у Губарэвіча


Апазіцыянеры пракаментавалі belsat.eu забарону Менгарвыканкамa на правядзенне шэсця і канцэрту на Дзень Волі ў Менску.

Старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч распавёў, што ўсе планы будуць падрабязна агучаныя падчас прэс-канферэнцыі, якую збірае частка аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР. Яна адбудзецца ў 15:00 па менскім часе. «Белсат» ладзіць онлайн-трансляцыю.

«Вядома было яшчэ некалькі дзён таму, што так магло атрымацца, што ўлады забароняць. Але акрамя негатыўнага далейшага сцэнару, ёсць і пазітыўны», – сказаў Губарэвіч.

На думку лідара «Народнай грамады», экс-палітвязня Міколы Статкевіча, улады зрабілі прадказальны крок.

«Апошнім часам публіка чамусьці ўзбудзілася нейкім нефармальным прапановам уладаў. Аказалася, што ўвесь лямант быў дарэмны. Мы ж пагадзіліся заявіць кампрамісны варыянт: шэсце, мітынг і канцэрт на Плошчы Свабоды, а не на Незалежнасці, як планавалі раней. Аднак улады гэтага не ацанілі», – кажа Статкевіч.

Паводле слоў палітыка, свята на Дзень Волі адбудзецца ў любым выпадку.

«Цяпер мы пакідаем за сабой права на першы, бескампрамісны план. Маецца на ўвазе шэсце па праспекце Незалежнасці. Улады павінны разумець, што святкаванне ўсё адно адбудзецца», – заявіў ён.

Як вядома, раней меркаванні апазіцыянераў датычна адзначэння 100-годдзя БНР падзяліліся.

Гэтак, Зміцер Дашкевіч падтрымаў ідэю правесці святочны канцэрт без шэсця. Увечары 27 лютага падчас стрыму на сваёй старонцы ў фэйсбуку ён сказаў:

«Прапанова Менгарвыканкама (нефармальная – рэд.) – гэта магчымасць нам разам сабрацца, незалежна ад таго, хто каго любіць, мы не дзяцей хрысцім, ніхто ні к кому ў сваты не ідзе, мы хочам адзначыць годна вялікі дзень у гісторыі беларускага народу. Ці гэта праблема? Ці гэта канец свету, што рэжым, якому дзясяткі год даказвалі, што БНР нешта азначае, пайшоў насустрач? Да гэта перамога!»

Мы патэлефанавалі Дашкевічу, аднак ён сказаў, што заняты па працы. На просьбу пракаментаваць адмову Менгарвыканкама, ён адказаў лаканічна:

«Датрындзеліся».

Каго канкрэтна Дашкевіч меў на ўвазе – ён не патлумачыў.

Каця Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў