Як абараніць сваё права на мову? 5 лайфхакаў ад Ігара Случака і Аліны Нагорнай


«Говорите на нормальном языке», – з гэткімі рэплікамі не раз сутыкаюцца беларусы, якія ўжываюць беларускую мову штодзень. Аднак мала хто задумваецца, што за такія «парады» у свой адрас можна прыцягнуць чалавека да адміністрацыйнай адказнасці і пакараць штрафам да 10-ці базавых. Пра тое, як гаварыць па-беларуску і ставіць на месца тых, хто вас абражае, высвятляем разам з «моўнымі інспектарамі».

«Няма ў Беларусі ніякай «мяккай беларусізацыі». Проста апошнім часам жорсткую русіфікацыю спынілі і ўсё. І дзяржава зараз не так душыць тыя парасткі беларушчыны, якія знішчаліся раней. Нашая «мяккая беларусізацыя» грунтуецца толькі на канкрэтных людзях, якія беларускую мову прасоўваюць у жыццё. Калі нам бракуе беларускай мовы, мы павінны самыя яе абараняць і дамагацца яе наяўнасці», – мяркуе Ігар Случак, які разам з Алінай Нагорнай завітаў у Горадню.

На сустрэчы 4 верасня ў этна-краме «Цудоўня» сябры грамадскай ініцыятывы «Умовы для мовы», больш вядомыя як «моўныя інспектары» распавялі прысутным, як змагацца за сваё права гаварыць па-беларуску.

1 – Прыгадвайце закон

Грамадская актывістка Аліна Нагорная на сустрэчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Ваш «жалезны» аргумент, якім можна карыстацца, прапісаны ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэта Артыкул 9.22 – Парушэнне заканадаўства аб мовах, дзе мы чытаем: «Публічная абраза, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкодаў і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе – караюцца штрафам у памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічыняў».

Усім вядомая сітуацыя «разговаривайте на человеческом языке» – гэта і ёсць парушэнне гэтага артыкулу. Прадавачка ў краме не абавязана вам адказваць па-беларуску, але яна павінна вас разумець і трымаць сваё меркаванне пры сабе. Тое ж самае міліцыянт. Хоць кожны грамадзянін Беларусі абавязаны ведаць толькі адну з дзвюх дзяржаўных моў, але калі ён знаходзіцца на службе, беларускую мову, ён павінен разумець на столькі, каб выконваць свае прафесійныя абавязкі.

2 – Пішыце звароты і скаргі

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Калі вы адчулі, што вашыя правы парушаны, пішыце скаргі і накіроўвайце іх не ў пракуратуру, не ў міліцыю і суд, а адразу ў гарвыканкам ці райвыканкам. Справа ў тым, што ёсць толькі два месяцы на прыцягненне парушальніка да адміністрацыйнай адказнасці. Калі вы адразу не напішаце куды трэба, вашая скарга на жаль можа страціць тэрмін важнасці. Але гэта ўжо форма «жорсткай беларусізацыі». «Мяккая беларусізацыя» – гэта звычайныя звароты з прапановамі і скаргамі ў адміністрацыю гораду. Калі мы кажам пра пісьмовыя звароты, то яны рэгулююцца Законам аб зваротах грамадзян або юрыдычных асоб, артыкул 18. Там прапісана, што адказ на пісьмовы зварот павінен быць на той самай мове, на якой чалавек звяртаецца.

Калі чыноўнік адказвае на ваш зварот, напісаны па-беларуску на рускай мове, гэта ўжо падстава, каб прыцягнуць яго да адказнасці па артыкуле 9.22.

Аднак гэтая сістэма дзейнічае і ў адваротны бок. Калі да прыкладу прыходзіць зварот у Таварыства беларускай мовы па-руску, то і адказ мусіць быць па-руску.

Гэты закон распаўсюджваецца толькі на пісьмовую камунікацыю. Аднак усё роўна паводле закону чыноўнікі павінны валодаць дзяржаўнай мовай у межах, якія дазваляюць ім выконваць свае службовыя абавязкі. Калі вы прыходзіце да чыноўніка і размаўляеце па-беларуску, а ён з вамі пачынае па-руску, то гэта таксама падстава праверыць яго на кампетэнтнасць, на тое, ці адпавядае ён патрабаванням Закону аб дзяржаўнай службе. Хоць сённяшні закон не рэгламентуе вусную камунікацыю, але вам ніхто не забараняе зрабіць адпаведны запіс у кнізе заўваг і прапаноў і апісаць сітуацыю. Ніхто з чыноўнікаў не захоча, каб з’яўляліся нейкія запісы, таму звычайна яны пераходзяць на беларускую мову.

3 – Рабіце пісьмовыя петыцыі

Ігар Случак на сустрэчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Групавыя петыцыі ў пісьмовым выглядзе нашмат больш дзейсныя. Таму, калі заўважаеце праблему ў сваім горадзе, да прыкладу расклад на вакзале па-беларуску напісаны з памылкамі або нешта яшчэ, зрабіце прыклад звароту, раздрукуйце яго і ідзіце да сваіх сяброў, у ТБМ, у беларускія незалежныя арганізацыі збіраць пісьмовыя подпісы. Гэтыя подпісы дасылайце пазней па некалькі разоў у адміністрацыю гораду.

Онлайн-петыцыі – гэта добра, але малаэфектыўна. Таму, калі вам сапраўды на нечым залежыць, не пашкадуйце часу на збор рэальных подпісаў.

4 – Патрабуйце перакладчыка ў судзе

Закон дазваляе мець бясплатнага перакладчыка ў часе судовага працэсу, калі суддзя адмаўляецца весці справу па-беларуску. Прымусіць суддзю гаварыць на беларускай мове, мы не можам. Аднак можам заявіць, што дрэнна разумеем судовую тэрміналогію па-руску і, каб лепш разумець судовы працэс, вам патрэбны перакладчык.

5 – Запаўняйце рускамоўныя заявы, бланкі і фармуляры па-беларуску

У сітуацыі адсутнасці бланкаў або фармуляраў па-беларуску варта абазначыць сваю цвёрдую пазіцыю і патрабаваць, каб яны з’явіліся. На жаль гэта не атрымліваецца лёгка, але калі ёсць напорыстасць, калі ёсць людзі, якія гэтую праблему ўздымаюць, гэтыя бланкі з’яўляюцца. Наш знаёмы з Гомля дамогся таго, каб у памежнікаў былі бланкі дэкларацыі на беларускай мове.

Не саромейцеся запаўняць рускамоўныя дакументы па-беларуску. Калі будуць прэтэнзіі да вас, гэта ўжо парушэнне заканадаўства аб мовах, артыкул 9.22. Апроч таго, чалавек, які выдае вам гэты бланк, часам не задумваецца, што ёсць попыт на беларускую версію. Усімі сіламі паказвайце, што попыт ёсць. Дарэчы зараз мы рыхтуем кнігу, дзе хочам сабраць усе самыя патрэбныя дакументы і бланкі ў беларускім перакладзе. Калі ёсць прапановы, якія бланкі неабходна перакласці ў першую чаргу, пішыце абавязкова да нас у сацсеткі.

Падрыхтавала Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў