Як 30 гадоў таму хэві-метал трапіў на Палессе


У сярэдзіне 1980-ых у Пінску зʼявіліся першыя металісты, апранутыя ў скураныя курткі і бранзалеты з шыпамі. Кіраўнік інфармацыйнай рэдакцыі «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі – у мінулым пінскі металіст і ўдзельнік гурта «Радыкал» – распавёў Belsat.eu пра сваю маладосць і моладзевую культуру ў эпоху позняга СССР.

Канцэрт гурта «7 герц» з Менску паказалі ў савецкім фільме «Мяне зваць Арлекіна»

– Дзе вы даставалі запісы ўлюбёных гуртоў?

– У асноўным мы слухалі музыку з бабінаў, якія перазапісваліся па шмат разоў. Вінілавыя пласцінкі былі вельмі дарагія. У канцы 80-ых альбом на вініле каштаваў 50 савецкіх рублёў, а мая маці зарабляла 100. Часта бабіны запісвалі ў Берасці і Горадні, дзе лавіла польскага радыё. Палякі пускалі ў эфір цэлыя альбомы. Іх запісвалі – і так музыка крочыла на Усход.

Аляксей Дзікавіцкі ў 1980-ых гадах. За ягонымі плячыма продак «iPodʼу» бабінавы магнітафон «Ростов»

– А калі хтосьці не хацеў быць металістам, то якая была альтэрнатыва?

– Іншыя слухалі заходні поп, напрыклад, «Modern Talking» ці «Bad Boys Blue», або расейскі рок: «Аквариум», «Наутилиус Помпилиус», «Кино». Але нас гэта не цікавіла і мы не лічылі гэта сапраўднай музыкай. Хард-рок і метал быў чыстай энергіяй, якая сыходзіла ад выканаўцаў. Расейскія музыкі былі хутчэй бардамі, чымся рокерамі. А поп-музыку увогуле выконвалі пад фанаграму. Нашыя металісты былі расейскамоўныя, але прыдумвалі мясцовыя беларускія показкі накшталт: «Хай загіне ў хард-року гнілы гурт «Modern Talking», або «Бон Скот, уставай з магілы, падымай «волну» на вілы» (Бон Скот – першы вакаліст гурта «AC/DC»). «Волна» – гэта такі сінонім заходняй поп-музыкі. Тады былі металісты і «валністы».

– Якія былі ў вас дачыненні з прадстаўнікамі іншых субкультураў?

– У вялікіх гарадах былі сапраўдныя баі. Але ў нас у Пінску было ціха. Зрэшты металісты былі большасцю.

– У 1980-ых панк-рок таксама быў музыкай пратэсту. Чаму ў вас гэтая музыка не прыжылася?

– Панк для мяне заўсёды быў бруднай музыкай – гэта была рэакцыя на прафесійных хард-рокераў 1970-ых. У адказ на панк-рок прыйшла гэтак званая новая хваля брытанскага хэві-металу: «Judas Priest», «Iron Maiden». Мы ў Пінску паважалі якасць.

– Вы былі ўдзельнікам мясцовага гурта, які граў хэві-метал?

– У 1989 годзе мы стварылі гурт «Радыкал». У Савецкім Саюзе не казалі «рок-гурт», а выкарыстоўвалі фармальную назву – вакальна-інструментальны ансамбль ці інакш ВІА. У Беларусі былі тры галоўныя рэспубліканскія ВІА: «Песняры», «Сябры», «Верасы». Дырэктар нашай школы хацеў зрабіць мясцовы ВІА. Ён набыў інструменты і пачаў збіраць людзей, якія былт звязаныя з музыкай. У мяне ўдома была бас-гітара, бо мой брат калісьці граў, а іншы граў на піяніна. Вось яго і пасадзілі за клавішы, пасля знайшлі бубнача і фронтмэна, які калісьці вучыўся ў музычнай школе на вакале. І гэта ўсё, каб ВІА пінскай школы № 12 выступіў на школьным канцэрце. Нам загадалі падрыхтаваць пару дазволеных твораў. На гэтым канцэрце мы пераапрануліся за кулісамі ў касухі, выйшлі на сцэну і пачалі граць метал. Гэта не на жарт раззлавала мясцовых камуністычных чынуш і дырэктара. Яны не чакалі такога развіцця падзей. На шчасце, тады ўжо поўным ходам ішла перабудова і нам гэта сышло з рук. Пасля гэтага нас ведала ўся школа.

«Радыкал» на сцэне

– Ці былі нейкія беларускія рок-гурты, якіх варта ўзгадаць?

– У Беларусі сярод тых, якія маглі запісвацца, было «Сузорʼе». Таксама быў «ULIS», «Мроя», а таксама расейскамоўныя гурты «Удар» і «Золотая середина» з Берасця – вельмі прафесійныя каманды. Некаторыя з пералічаных давалі канцэрты ў Пінску. У Маскве былі два гурты, якія маглі запісвацца ў студыі, – «Ария» і «Мастер».

– Што трэба было зрабіць, каб запісаць рок-альбом у СССР?

– Па-першае, запісваліся перадусім прафесійныя гурты ў асноўным з Масквы і Ленінграду. Яны мусілі прайсці адмысловую праверку. Перад камісіяй трэба было прайграць увесь альбом ад пачатку да канца. Камісія сачыла за тэкстамі, каб не было, не дай, Божа, двухзначных сэнсаў. Часамі рабіліся песні на замову. Тады ледзь не кожны хард- ці метал-альбом утрымліваў песню з антываенным матывам. Гурт «Круиз» тады запісаў трэк «Последний рассвет», дзе былі словы: «У гэтай вайне няма пераможцаў». Гурт «Майстар» запісаў песню «Кто кого», у якой спявалася пра свет падзелены на 2 блокі, «Ария» выканала песню «Воля и разум» пра ракеты, якія дрэмлюць у бункерах, а гурт «Август» запісаў песню «Ядерный демон». У тыя часы гэтая тэма вітала ў паветры. Быў такі попыт, але на самой справе можа было адчуць пагрозу ядравай вайны. У альбоме Озі Озбарна «Ultimate Sin» была песня «Killer of Giants» таксама пра ядравую вайну – не думаю, што яму хтосьці загадаў гэта зрабіць. А ў СССР пэўны час такое патрабаванне было адною з умоваў запісу альбому.

– Як савецкая прапаганда ставілася да металу?

– У газетах пісалі, што металісты прапагандуюць сатанізм. Што праўда, у атэістычнай краіне антыхрысціянскіх «сатаністаў» мусілі б насіць на руках. Здарылася і так, што прапагандысты змянялі тэкст песняў, каб даказаць свае інсінуацыі. Напрыклад, у «Higway to Hell» гурта «AC/DC» ёсць фрагмент: «Hey mam look at me I’m on a higway to promise land» (Мама, глядзі, я іду па дарозе ў запаветную зямлю). «Камсамольская праўда» пераклала гэтыя словы як «Мама, глядзі, як я разразаю жывот цяжарнай жанчыны». Галоўнай праблемай для металістаў былі доўгія валасы. Мы праходзілі вайсковую падрыхтоўку і не было шанцаў атрымаць пазітыўную адзнаку, калі твае валасы адраслі ніжэй канца шыі. Даводзілася змагацца за свае валасы. Памятаю, як на заняткі прыходзіў дырэктар школы і прасіў мяне схадзіць да цырульніка і нават грошы даваў. Але гэта была частка нашай субкультуры. Так мы спрабавалі аддзяліцца ад «саўка».

 

Хард-рокавы гурт «Black Sabbath» трапіў нават на застаўку савецкага інфармацыйнага выдання «Время»

– Тым не менш Савецкі Саюз быў адрэзаны ад свету. Ці мела гэта ўплыў на музычныя густы металістаў?

– У нас было некалькі заходніх гуртоў, якія былі мега-папулярнымі, хоць на Захадзе пра іх практычна не ведалі. Калі дыпламаты выязджалі за мяжу, то іхныя дзеці прасілі набыць пару альбомаў. Той ішоў і набываў самыя танныя вінілы, якія пасля капіяваліся і разыходзіліся шматтысячнымі тыражамі па ўсім Савецкім Саюзе. Так было з брытанскім гуртом «Slade». А іхны рок, па вялікім рахунку, быў трэцясортны.

– Пра некаторыя еўрапейскія гурты кажуць «big In Japan», калі гурт не выстрэльвае на радзіме, а ў Японіі становіцца паспяховым і нават культавым. У СССР гэта працавала падобным чынам?

– Вы маеце рацыю. Іншым прыкладам можа служыць гурт «Nazareth» – малавядомы гурт, які ў канцы 80-ых мала хто памятаў, але калі ў 1989-ым годзе ён прыехаў у Маскву, то 10 дзён запар даваў канцэрты на Алімпійскім стадыёне, куды ўваходзіла 500 тысяч асоб.

Шчыра кажучы, я не мог паверыць, што гэтым заходнім гуртам увогуле дазваляюць прыязджаць у СССР. У мяне калісьці быў альбом «Iron Maiden» – «The life after dead», і там было напісана на вокладцы, дзе гралі гэты альбом. Аказалася, што яны былі ў 1986-ым годзе ў Познані (заходняя Польшча). Гэта быў шок для нас – у сацыялістычнай Польшчы выступаў сусветна вядомы метал-гурт. У нас за гэтыя вінілы ледзь у турму не саджалі.

– У сацыялістычнай Польшчы ўсё было інакш?

– Вядома! Я памятаю, калі ў сярэдзіне 1980-ых прыехаў у Люблін з духавым аркестрам – я граў на тубе. Разам з 20 музыкамі прыехала столькі ж функцыянераў, а на мяжы нам распавялі, што Польшча зʼяўляецца сацыялістычнай краінай, але крыху адрозніваецца ад нашай, і папярэдзілі, каб мы не паддаваліся на правакацыі. Я вёз у трубе 20 пачак сметанковага масла, каб прадаць. Мы начавалі ў адной сямʼі, а гаспадар, які распрадаў маё масла па суседзях, запытаў у мяне, што я хачу набыць на гэтыя грошы. Я папрасіў адвезці мяне ў музычную краму, дзе набыў цэлы рулон плакатаў і касеты з запісамі метал-гуртоў. Гэта было неймаверна для мяне, што ў Польшчы можна было набыць касету або вініл «Deep Purple» проста так у краме.

– Дзе вы збіраліся ў Пінску?

– У Доме культуры, у якім афіцыйна працаваў метал-гурт «Invasion». Там мы слухалі новыя альбомы. У Пінску таксама былі музычныя калекцыянеры, якія абменьваліся пласцінкамі. У Менску быў Клуб філафаністаў, якія сустракаліся ў Доме культуры, каб прадаць або абмяняць дыск. Мы туды ездзілі цягнікамі, каб атрымаць новыя альбомы. Гэтыя экспедыцыі былі сапраўдным рытуалам. Той, хто меў 10-12 запісаў, быў сапраўды крутым.

– Пры канцы Савецкага Саюзу пачалі выдаваць заходнія пласцінкі.

– Так, але спачатку яны рабілі гэта самым унікальным на свеце спосабам. Пускаеш пласцінку, а там: «Добрай раніцы, мяне завуць так і так, і я музычны крытык – зараз мы паслухаем песню амерыканскага гурта «Foreigner», у якой распавядаецца пра тое ды іншае». І гэтак далей перад кожнай песняй. Крытык каментаваў трэкі, як трэба было іх каментаваць у тыя часы. Пазней пачалі выпускаць цэлыя альбомы, але логіка, чаму акурат гэты, а не іншы гурт можна было выпусціць у свет, для мяне застаецца загадкай. Адным з першых альбомаў, які зʼявіўся ў СССР, стаў вініл шведскага гітарыста Інгві Мальмстына. Чаму ён? Магчыма таму, што ў Швецыі кіравалі сацыялісты? Затым выйшаў «New Jersey» гурта «Bon Jovi» – да гэтага ён запісаў песню «Livinon a prayer», у якой распавядаецца пра страйк прафсаюзу. Пазней выйшаў альбом «Deep Purple» «House of the blue light» – не вельмі папулярны альбом 1986 года. Невядома, чаму не перавыдалі больш раннія альбомы. Выдаваліся таксама альбомы гуртоў з сацыялістычнага блоку. Адным з такіх быў вініл венгерскага метал-гурта «Pokolgép» («Пякельная машына» – Belsat.eu) – вокладка альбому проста крычала пра сатанізм.

– А дзе вы бралі вопратку?

– На шчасце, у Пінску быў завод па вытворчасці вырабаў са скуры. Там рабілі торбы, дно якіх умацоўвалі металёвымі заклёпкамі. Мы прасілі тых, хто там працуе, каб яны выносілі нам гэтыя заклёпкі, а з кавалкаў скуры шылі і аксесуары.

 

Pińscy metalowcy nosili na rękach samodzielnie zrobione nabijane ćwikami "pieszczochy"
Пінскія металісты насілі на руках самаробленыя бранзалеты з цвікамі

– Стыль металістаў у 1980-х гады быў жудасна кітчавы. Гэта не перашкаджала вам: гэтыя валасы з начосамі, курткі з шыпамі?

– Кожны від мастацтва мае свой уласны сцэнічны вобраз. У балеце мужчыны танчаць у смешных трыко. На Захадзе вы маглі б пасмяяцца з нашых строяў, бо там быў выбар. Для нас скураная куртка з заклёпкамі і бранзалеты былі актам грамадзянскай мужнасці.

Якуб Бернат, пераклад ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў