«Яго атруцілі». Навальнага шпіталізавалі ў Омску. Яму стала дрэнна ў самалёце


У палітыка Аляксея Навальнага дыягнаставалі таксічнае атручванне падчас пералёту з Томска ў Маскву. Ён непрытомны, яго шпіталізуюць у лякарню ў Омску пасля вымушанай пасадкі самалёта. Пра гэта ў твітэры паведаміла прэс-сакратар Навальнага Кіра Ярмыш.

Лекар Навальнага і кіраўнік «Альянсу лекараў» Наста Васільева напісала, што яна тэрмінова ляціць у Омск.

«Сволачы і скаты. «Ізноў алергія». Лекар Больніцы хуткай медычнай дапамогі не хоча са мной размаўляць. Зрэнкавыя рэакцыі ёсць. Лячу ў Омск», – гаворыцца ў яе твіты.

Навальны ў коме, напісаў галоўны рэдактар радыё Эхо Москвы Аляксей Венядзіктаў.

Аляксей Навальны на акцыі «Отпускай!» 29 верасня ў Маскве. Фота – Антон Карлінэр для Belsat.eu

Кіраўніцтва кавярні ў Томскім аэрапорце, дзе Аляксей Навальны піў гарбату, правядзе ўнутраную праверку.

«Цяпер высвятляем усе акалічнасці, будзем вывучаць запісы з камер назірання», – паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Сібір» дырэктар і ўладальнік кавярні.

Пра асобную праверку, якая пройдзе ў гарадскім аэрапорце, заявілі ва ўпраўленні Расспажыўнагляду. Інфармацыю пра магчымае атручванне Навальнага правярае таксама транспартная паліцыя Томска.

Жыхар Томска Павел Лебедзеў, які ляцеў адным рэйсам з Навальным, апублікаваў у інстаграме відэа з самалёта. Ён напісаў, што Навальнаму «стала вельмі дрэнна, яго ледзь адкачалі», і палітык «дагэтуль крычыць ад болю». На відэа чуваць крыкі.

У омскай больніцы хуткай медычнай дапамогі (БХМД № 1) пацвердзілі факт шпіталізацыі Навальнага.

«Аляксей Анатольевіч Навальны, 1976 год нараджэння. Таксікарэанімацыя», – заявілі там ТАСС.

Акрамя таго, паводле галоўнага лекара больніцы Аляксандра Мурахоўскага, «Навальны знаходзіцца ў цяжкім стане».

Прэс-сакратар Навальнага паведаміла, што палітык знаходзіцца ў рэанімацыі.

«Сёння раніцай Навальны вяртаўся ў Маскву з Томска. У палёце яму стала дрэнна. Самалёт экстранна сеў у Омску. У Аляксея таксічнае атручэнне. Зараз мы на хуткай едзем у лякарню», – напісала Ярмыш.

Паводле яе, «Аляксея атруцілі чымсьці падмешаным у гарбату». Цяпер палітык непрытомны. «Новай газеце» Ярмыш заявіла, што дыягназ Навальнаму паставілі лекары. «Відавочна, яго атруцілі», – адзначыла яна.

MM / vot-tak.tv

Стужка навінаў