«Яд несвабоды забівае». У Санкт-Пецярбурзе пратэстуюць супраць забойства актывісткі


Удзельнікі серыі адзіночных пікетаў. Фота: ГА, belsat.eu

У паўночнай сталіцы Расеі праходзіць акцыя памяці па-зверску забітай у ноч на 21 ліпеня грамадзянскай і ЛГБТ актывісткі Алены Грыгор’евай. З месца падзеі перадае карэспандэнт belsat.eu.

Пікет на Дварцовай плошчы.
Фота: ГА, belsat.eu

20:05 На Дварцовай плошчы, каля Эрмітажа, стартаваў трэці пікет памяці. Яго ўдзельнікі ўсклалі да Аляксандраўскай калоны кветкі і партрэт Алены Грыгор’евай.

Пікет на Дварцовай плошчы.
Фота: ГА, belsat.eu
Кветкі і цацкі ў памяць Алены Грыгор’евай.
Фота: ГА, belsat.eu

20:00 Другі пікет прайшоў таксама на Неўскім праспекце, у 50 метрах ад першага. Акцыя праходзіць без інцыдэнтаў і затрыманняў.

Удзельніца другога пікету.
Фота: ГА, belsat.eu

19:50 Удзельнікі акцыі змяняюць адно аднаго ў серыі адзіночных пікетаў. На месцы знаходзіцца каля 25 ўдзельнікаў, 15 журналістаў і 10 паліцэйскіх.

19:45 Колькасць удзельнікаў акцыі расце. Людзі нясуць кветкі і плакаты. У самым пачатку Неўскага праспекта выстраіліся людзі для яшчэ аднаго пікета ў памяць аб забітай.

Удзельнік пікету са сцягам Украіны і партрэтам Алены Грыгор’евай.
Фота: ГА, belsat.eu

Адна з ЛГБТдзяўчын, якая прадставілася як Федэр, сказала, што звязвае забойства Алены з матывам нянавісці да ЛГБТ. Паводле яе словаў, прадстаўнікоў руху забіваюць з-за нянавісці да іх.

Удзельнік пікету са сцягам Украіны і партрэтам Алены Грыгор’евай.
Фота: ГА, belsat.eu

Да пікету далучыўся Уладзімір Шыпіцын у кашульцы з сімвалам украінскага палка «Азоў», са сцягам Украіны і партрэтам забітай Алены Грыгор’евай, якая выступала супраць вайны ў Украіне і акупацыі Крыма.

З ягоных словаў, справу аб забойстве сёння перадалі з Следчага камітэту Маскоўскага раёну Санкт-Пецярбургу ў гарадскі. Маці забітай актывісткі сёння была на апазнанні. Яна і дачка Алены Грыгорʼевай жывуць у Ноўгарадзе.

19:25 Як заявіў Аляксей Сяргееў, кіраўнік «Альянсу ЛГБТ і транссексуалаў за раўнапраўе», у акцыях якога брала ўдзел забітая, актывістка атрымлівала пагрозы ад сваіх суседзяў.

Удзельнікі серыі адзіночных пікетаў. Фота: ГА, belsat.eu

«Паліцыя не рэагавала на тыя пагрозы, што былі. Былі пагрозы ад суседзяў менавіта з нагоды арыентацыі, не актывісцкай дзейнасці. Проста дзве дзяўчыны сустракаліся, і гэта камусьці не падабалася», – адзначыў ён.

Паліцыя правярае дакументы ва ўдзельнікаў серыі адзіночных пікетаў.
Фота: ГА, belsat.eu

Удзельнікі адзіночных пікетаў змяняюць адзін аднаго, яны трымаюць ў руках плакаты ў памяць аб забітай актывістцы і супраць забойстваў і гвалту на глебе нянавісці.

19:00 Акцыя праходзіць у форме серыі адзіночных пікетаў, якія не патрабуюць узгаднення. Для яе правядзення быў абраны дом на Неўскім праспекце, 14 ля мемарыяльнай блакаднай дошкі, якая нагадвае, што гэты бок вуліцы падчас артабстрэлу найбольш небяспечны. Такім чынам, акцыя адсылае да ахвяраў нацызму, паколькі геі былі адной з катэгорыяў, якую масава знішчалі нацысты.

На месца акцыі прыбыла паліцыя.
Фота: ГА, belsat.eu

Аднак калі на месца прыйшлі людзі, што жадаюць ушанаваць памяць забітай, там ужо былі прадстаўнікі праўладнага Нацыянальнавызваленчаа руху (НОР). Адна жанчына стаяла з плакатам у падтрымку традыцыйных каштоўнасцяў, іншая – з патрабаваннем да ЗША прыбраць рукі ад Украіны.

Удзельніца альтэрнатыўнай акцыі ў абарону традыцыйных каштоўнасцяў.
Фота: ГА, belsat.eu
Удзельнікі акцыі.
Фота: ГА, belsat.eu

Праз іх пікеты памяці Алены Грыгор’евай перанеслі на 50 метраў. На месцы знаходзіцца каля дзесяці ўдзельнікаў акцыі і прыкладна столькі ж паліцыянтаў, шмат журналістаў. Паліцыянты правяраюць дакументы ўдзельнікаў акцыі.

Удзельнікі акцыі.
Фота: ГА, belsat.eu

Удзельнікі пікетаў згадваюць, што Алена Грыгор’ева ўдзельнічала ў шматлікіх апазіцыйных акцыях: супраць анексіі Крыму і вайны з Украінай, салідарнасці з крымскімі татарамі і сёстрамі Хачатуран, у разагнанай паліцыяй першамайскай дэманстрацыі. Актывісты асцерагаюцца, што следства можа кваліфікаваць забойства як побытавае, як гэта ўжо было з забітым у 2016 годзе журналістам Дзмітрыем Цылікіным.

Hавiны
У Пецярбурзе знайшлі забітай грамадскую актывістку
2019.07.22 17:28

Алену Грыгор’еву задушылі, перад гэтым яна атрымала шматлікія нажавыя раненні. Следчы камітэт па Пецярбургу ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле 105 частка 1 КК РФ (забойства). Незадоўга да смерці Алена атрымлівала пагрозы. Яе імя таксама разам з іншымі ЛГБТ-актывістамі і журналістамі фігуравала на рэсурсе «Піла», абвясцілі «паляванне на ЛГБТ». Алена была бісексуальнай жанчынай і не хавала свайго статусу.

Алена Грыгор’ева

«Піла» цяпер заблакаваная на тэрыторыі Расеі. Актывісты вылічылі, што гэты рэсурс быў зарэгістраваны на Малі, а фірма, што распараджалася раздачай даменаў, знаходзіцца ў Нідэрландах. Юрыст ЛГБТ-ініцыятыўнай групы «Выхад» Макс Аленічаў распавёў, што актывісты не раз звярталіся па адрасе гэтай фірмы з просьбай закрыць рэсурс. Толькі на мінулым тыдні яго заблакаваў у Расеі Роскомнагляд. Цяпер юрысты «Выйсця» рыхтуюць зварот у паліцыю, у якім напішуць пра тое, што трэба праверыць сувязь забойства Алены з заклікамі на рэсурсе «Піла».

Змагар з геямі з Санкт-Пецярбургу Цімур Булатаў назваў забойства ЛГБТ-актывісткі Алены Грыгор’евай «маральным джыхадам» і прапанаваў прымаць стаўкі на тое, хто будзе наступным.

МГ/МВ, belsat.eu

Стужка навінаў