«Я на яго сваруся: не лезь, усім не дапаможаш». Маці сяржанта, які страляў у чалавека, дала інтэрв’ю


Пасля інцыдэнту са стралянінай у навагоднюю ноч сяржант міліцыі не збіраецца пакідаць службу. Маці міліцынта распавяла, што ён «з дзяцінства марыў пра пагоны».

«У міліцыі Саша ўсяго другі год. Я яго ругаю: не лезь, усім не дапаможаш, парушальнікаў шмат, а п’яныя – увогуле страшная спарва. Могуць скалечыць. Можаш не вярнуцца дадому», – цытуе словы маці дзяржаўнае выданне «Советская Белоруссия».

«Я не хацела, каб сын ішоў служыць. Адгаворвала: маўляў, міліцэйская форма и ўсё такое – вонкавая абалонка. А за ёй – увесь жах, з якім сутыкаюцца працаўнікі кожны дзень, столькі страшнага бачаць… Але сын сказаў, што дасць рады. З дзяцінства марыў пра пагоны або пра адвакацкую практыку», – распавяла жанчына.

Інцыдэнт са стралянінай здарыўся ў Менску на праспекце Любімава. Суседзі вызвалі міліцыянтаў, бо а 6 раніцы ў адной з кватэр жылога дому кампанія моцна шумела і перашкаджала адпачываць.

Што адбылося насамрэч?

Як паведамляе прэс-служба Менскага УУС, праваахоўніка, які прыбыў на месца, у дзвярах сустрэў мужчына нападпітку. Тлумачэнні міліцыянта не далі эфекту. Паводле УУС, мужчына знянацку ўдарыў супрацоўніка міліцыі ў грудзі, а потым нанёс яшчэ серыю ўдараў у галаву і паспрабаваў забраць яго табельную зброю.

Сяржант у барацьбе стрэліў у бок, а пасля зрабіў два стрэлы ў нападніка.

Парушальніка затрымалі і даставілі ў шпіталь. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў. Яму можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўлення волі. У міліцыянта канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму ды іншыя пашкоджанні.

Пра іншае сведчаць відавочцы здарэння.

«Чуем крыкі, сястра кажа, «о, ужо ў падʼездзе святкуюць, радуюцца». Потым чуем нейкая мітусня, шум, дзяўчынка крычыць «забілі, забілі!». Мы думаем, моладзь, можа, выпіла і адзначаюць», – кажа суседка мужчыны, у якога стралялі, спадарыня Ларыса распавяла «Белсату».

«Адзначалі Новы год як звычайныя людзі, ніхто не шумеў. Яна [мама] чула тры стрэлы, хоць казалі што два. Міліцыянт стаяў каля ліфта і Андрэй яшчэ спрабаваў уставаць, але нічога не рабіў. Андрэй ляжаў на пляцоўцы ў крыві, а міліцыянт пакінуў падʼезд і стаяў там, паліў», – кажа Кірыл, сусед сям’і Гаўрошаў.

Маці Андрэя: «У РАУС мне інфармацыі не далі»

Бацькі Андрэя – Алег і Галіна Гаўрошы распавядаюць карэспандэнту «Белсату» пра здарэнне з іхным сынам.

«У РАУС нашым спытала, якая брыгада выйшла на выклік, і хто страляў. Мне сказалі: «інфармацыя сакрэтная». Мала таго, калі вакольнымі шляхамі даведвалася, то ніякая брыгада не выязджала. Пытанне, адкуль прыйшлі гэтыя міліцыянты і чаму яны майго сына расстралялі ва ўпор».

Цяпер да разгляду здарэння падключыўся Следчы камітэт. 28-гадовы жыхар Менску знаходзіцца ў ваенным шпіталі ў цяжкім стане. У дачыненні яго завялі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў (арт. 363 КК). Яму можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўлення волі. У міліцыянта канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму ды іншыя пашкоджанні.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў