«Я выявіў празмерную літасць». Паўлічэнка выступіў з афіцыйнай заявай наконт прызнанняў Гараўскага


Экс-камандзір СОБРу Дзмітрый Паўлічэнка апублікаваў заяву, у якой каментуе скандальныя прызнанні былога спецназаўца Юрыя Гараўскага, які абвінаваціў Паўлічэнку ў забойствах палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.

Заява была апублікаваная на сайце асацыяцыі ветэранаў спецназу «Честь».

«Некаторыя нядобрасумленнымі СМІ і прыватныя асобы спрабуюць зганьбіць мяне ды іншых нашых братоў, і спецназ у цэлым. Распаўсюджваюць хлуслівыя і скандальныя заявы грамадзіна Гараўскага, што папрасіў палітычнага прытулку на Захадзе», – адзначае палкоўнік у адстаўцы.

Паўлічэнка пацвярджае, што Гараўскі праходзіў службу ў брыгадзе аператыўнага назначэння Унтраных войскаў МУС Беларусі ў 90-я гады. У канцы 99-га ён здзейсніў злачынства і быў асуджаны.

Злева Дзмітрый Паўлічэнка, побач Юрый Караеў, цяперашні кіраўнік МУС. Эксперты мяркуюць, менавіта ён мог быць кіраўніком або адным з кіраўнікоў «эскадрону смерці». Фота sb.by

Экс-камандзір СОБРу кажа, што Гараўскі «зганьбіў нашыя шэрагі» і быў звольнены, але пры гэтым прызнаецца, што дапамагаў яму пасля крымінальнага пераследу.

«Каюся перад вамі: нягледзячы на вашае негатыўнае да яго стаўленне я пад сваю асабістую адказнасць і ад імя асацыяцыі «Честь» сродкамі, сабранымі на патрэбы ветэранаў, аказваў матэрыяльную дапамогу Гараўскаму на працягу некалькіх гадоў. Я выявіў празмерную літасць і спагаду не да былога крымінальніка Гараўскага, але да хворага чалавека, што быў у роспачы, і былога калегі», – падкрэслівае Паўлічэнка.

Паўлічэнка заклікае і цяпер «праявіць цярплівасць да хворага душой і целам Гараўскага».

Hавiны
«Я стаў больш баяцца». Юрый Гараўскі даў новае інтэрв’ю «DW»
2019.12.19 11:56

Адначасова Паўлічэнка «просіць і папярэджвае» людзей, што не маюць дачынення да спецназу і ветэранскай арганізацыі, не склікаць канферэнцыяў і іншых зборышчаў.

«Не рабіць ніякіх укідаў у СМІ ды іншыя інтэрнэт парталы неадпаведных рэчаіснасці сведчанняў і фальшывых дакументаў. Памятайце аб адказнасці перад законам», – падкрэсліў ён.

Пра якія дакументы і сведчанні кажа палкоўнік у адстаўцы – невядома.

  • 16 снежня «Deutsche Welle» апублікавала інтэрв’ю былога байца беларускага СОБРу Юрыя Гараўскага. У размове з журналістамі Гараўскі заявіў аб саўдзеле ў выкраданні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Ён назваў імёны байцоў «эскадрону смерці», што ўдзельнічалі ў гэтых злачынствах. Паводле Гараўскага, былы камандзір СОБРу Дзмітрый Паўлічэнка асабіста застрэліў апазіцыйных лідараў.
  • У каментарах СМІ Дзмітрый Паўлічэнка спачатку назваў яго кепскім жаўнерам, які злоўжываў алкаголем, а потым заявіў, што насамрэч ніякага Гараўскага не памятае.

Чытайце па тэме:

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў