«Я толькі адступіў, а не ўцёк…»


Вядоўца «Белсату» Дарʼя Зялінская прысвяціла кранальныя словы маладому паэту Ігару Канановічу, які трагічна загінуў у Менску.

Чытайце яшчэ >>> Андрэй Хадановіч апублікаваў апошні верш Ігара Канановіча, які ўпаў з даху ў цэнтры Менску 

«Учора, 21 чэрвеня 2016 года, родныя і сябры развіталіся з сынам, братам і сябрам, маладым паэтам і настаўнікам Ігарам Канановічам.

Яму было 32 гады…

Ён зрабіў свой апошні крок з даху дому на праспекце Незалежнасці – разбегся і паляцеў. Паляцеў туды, дзе, як ён верыў, жыццё лепшае, чым у роднай Беларусі.

Наш родны, ён на ўсе меў сваё меркаванне, асобнае, заўжды трымаўся сваіх словаў, нават калі ўсе астатнія казалі, што яму варта не ўпарціцца, а пагадзіцца з большасцю асяроддзя, не спрачацца і не даводзіць, а схіліць галаву.

«Удалячынь гляджу з карернай кручы» – спяваў Ігар у адной са сваіх песень… Цяпер гэтыя словы ўспрымаюцца зусім інакш. Цяпер у кожным ягоным слоўцы бачыцца намёк для нас, родных і сяброў… Намёк, які мы не заўважылі. Даруй, родненькі…

Мы пазнаёміліся на філфаку ў 2003 годзе, і з таго часу Ігар стаў маім найлепшым і самым верным сябрам і аднадумцам. Ён здаваўся такім сталым, разважлівым, спакойным і вельмі засяроджаным. Да яго цягнула. Бывалі і цяжкія часы… Ігар заўжды падтрымліваў мяне… Памятаю, казаў пра намётавае мястэчка: «Зялінская, калі ты туды пойдзеш, я табе эпітафію напішу!».

Мы смяяліся, ён баяўся, што буду пабітая. Хваляваўся за мяне. Мяне і «пабілі». Калі выйшла праз свае восем содняў, Ігар быў першым, хто сустрэў мяне ў вестыбюлі факультэту, падышоў, абняў моцна-моцна… А я, памятаю, спыталася: «Ну, дык дзе мая эпітафія?! Паказвай хутчэй!». Вельмі доўга ён цягнуў з маёй «эпітафіяй», а ў выніку прысвяціў мне песню…

Ён часта пісаў для сяброў…

Пісаў выдатныя, вельмі шчымлівыя песні і вершы. Цяпер кожнае слоўца ягонае ўспрымаецца інакш, чым тады, у моманты, калі ён прадстаўляў сваім сябрам свае творы…

«Ты б шчасце даў ім, Божа, а не ўладу –

Было б усё па-твойму на Зямлі…»

Пасля сканчэння БДУ ён з вялікім энтузіязмам распавядаў пра сваю працу ў школе. Яго цягнула да дзяцей, а дзеці вельмі любілі яго. Так, яго моцна засмучала прыніжанасць Настаўніка. Сістэма адукацыі ў краіне, дзе настаўнік – ледзь не апошні чалавек, з якога можна здзекавацца, дурыць яго, дзе кожны крок і любая ініцыятыва захлынаецца. Але Ігар спрабаваў змагацца. Не дазваляў сябе прыніжаць. Аднойчы напісаў мне: «Дашуня, трэба нешта рабіць, Клецкі аддзел адукацыі абвясціў негалосны конкурс – хто з настаўнікаў збярэ са сваім класам па горадзе больш бутэлек за вызначаны тэрмін, то паедзе з дзецьмі на экскурсію ў Менск! Я што – зусім нічога не варты, каб у летнім лагеры прымушаць дзяцей у мясцовых беспрытульных бутэлькі адбіраць?! Што гэта за конкурс такі?! Афіцыйнага загаду няма, толькі на словах, але два кантэйнеры для бутэлек на тэрыторыі школы з раніцы стаяць! Старэйшыя прамаўчаць, схіляць галовы, але ж некаму трэба змагацца і за дзяцей, і за іх!». Мы стэлефанаваліся з «Еўрарадыё», Ігар распавёў, кантэйнеры і дурны загад зніклі, як і не было. Начальства здагадвалася, што гэта ён паскардзіўся, але наўпроставых абвінавачанняў не выставіла.

Дзеці вельмі любілі свайго Ігара Васільевіча. Арганізоўваў для іх розныя клубы па цікавостках, часта збіраў іх і вадзіў у паходы… Памятаю, калі звольніўся, на ягонай старонцы «ЎКантакце» дзеткі ледзь не плакалі. «Ігар Васільевіч, куды Вы ад нас?!», «А хто ж цяпер з намі?.».…

«Я рады гэты дзень пакінуць ззаду.

Баюся, як забытае дзіця.

Бо тут вакол засады, міны, здрады

На сцежках як бы роўнага жыцця…»

Ён любіў дзяцей. Вельмі хацеў вучыць і казаў, што і ад іх вучыцца.

Цяжка падбіраць словы, бо мы, родныя і сябры, дагэтуль не верым. Вярталася з ягоных апошніх «гасцей» і думала: мне там з газеты пісалі, каб я сказала пра Ігара некалькі слоў, трэба хуценька ўключыць ноўтбук і папытацца, ці не супраць ён, каб я нешта напісала пра яго… Спатрэбілася некалькі хвілінаў на ўсведамленне таго, што пытацца пра гэта больш няма ў каго…

Мой добры, мой надзейны і верны сябар… Так ганарыўся выхадам сваёй першай кнігі «Астэроід». Радаваўся ўступленню ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Столькі планаў было, так многа песень і вершаў яшчэ не напісанымі засталіся, столькі дабрыні ў сэрцы… Увесь час здавалася: ну, што там – паспеем яшчэ сто разоў!

Не паспелі. Не заўважылі. Не абаранілі. Няма і больш ніколі ўжо не будзе.

Раптам узгадалася: смяяліся колькі год таму, што калі не знойдзем асабістае шчасце, то плюнем на ўсё, сыдземся ды будзем жыць разам, з павагай адно да аднаго, са шкадаваннем, пяшчотай і вернасцю… Я называла яго «даражэнькі», а ён мяне – «Дашуня». Ён стрымліваў мяне, калі я моцна ўжо чым абуралася, астуджаў, казаў: «Дашуня, беражы нервы!». Казаў, што нашыя нервы яшчэ спатрэбяцца нам у барацьбе за нашую родную краіну. Ніколі не хацеў з’ехаць, кінуць тут усё… І думак такіх ня меў. Беларусь, Радзіма – і толькі яны! І ніяк інакш!

«Яшчэ не раз дастане моцы

Здзівіць свайго становішча паноў…»

Наш родны пайшоў у свой апошні шлях. Разбегся і паляцеў. Паляцеў у свой вырай.

Казаў мне на імпрэзе, прысвечанай дзесяцігоддзю Плошчы-2006, на якую я яго запрасіла і на якой мы побач сядзелі, плячо да пляча: саромеўся, што не пайшоў са мной на Плошчу ў 2006. Казаў, што адчувае сум і правіну…

Зрабіў сваю асабістую Плошчу. На якой і загінуў так неспадзявана, так бязглузда для ўсіх. Немагчыма паверыць, што яго больш ніколі не будзе побач.

Усміхаўся мне перад апошнім крокам… Я і не адчувала, што ён сабраўся ў такі далёкі і самотны шлях… Збіраю думкі, як аскепкі…

«Я толькі адступіў, а не ўцёк…»

Родны, ты назаўжды застанешся ў нашых сэрцах. Мы захаваем цябе, у кожнага, хто ведаў, застанецца ў сэрцы частка тваёй шырокай і чыстай душы. Але май на ўвазе, мой дарагі сябрук, што калі мы сустрэнемся Там, табе давядзецца адказаць на маё пытанне: як ты мог нас кінуць тут адных?!

Вечная памяць, мой мілы. Ты заўжды з намі».

Дарʼя Зялінская, belsat.eu

Стужка навінаў