«Я такія кнігі буду за апошнія грошы набываць». «Вядзьмара» выдалі па-беларуску


Фэнтэзі-сага Анджэя Сапкоўскага «Вядзьмар», выдавецтва «Янушкевіч». Ірына Арахоўская / «Белсат»

21 кастрычніка ў Менску раздавалі першыя асобнікі перакладу вядомага твора Анджэя Сапкоўскага. На краўдфандынгавай платформе «Вулей» кніга сабрала 500 % перадзамоваў і стала самай паспяховай літаратурнай краўдкампаніяй.

Перакладала культавую кнігу з польскай Кацярына Маціеўская. Яна даўно хацела прачытаць твор, але ўсё не даходзілі рукі. А тут гэтак супала: «Мне вельмі падабаецца пераствараць экспрэсіўныя, яркія, нягладкія тэксты, асабліва гэта датычыць мовы герояў. У гэтым сэнсе «Вядзьмар» з яго «разухабістасцю» быў для мяне сапраўдным падарункам. Гэта было самае цікавае і самае прыемнае. Цяжкасцяў, па вялікім рахунку, і не было – магчыма, дзякуючы гэтаму супадзенню ў манеры выказвання».

Перакладчыца «Вядзьмара» Кацярына Маціеўская

Для перадавання дыялектаў кнігі Кацярына абрала палескі: «У ім ёсць некалькі вельмі пазнавальных рысаў, а яшчэ зайграла метафара краю зямлі (так называецца апавяданне, у якім сяляне гавораць на гэтым дыялекце) – у нас часам краем зямлі называюць менавіта Палессе. Строга аднаго дыялекту я не прытрымлівалася, мне здаецца, у Анджэя Сапкоўскага мэтаю было дадаць каларыту, і я старалася дасягнуць той самай мэты».

Супрацоўніца выдавецтва «Янушкевіч». Ірына Арахоўская / «Белсат»

Кацярына спадзяецца, што кніга стане паспяховай і ў хуткім часе яна возьмецца за пераклад наступнай часткі: «Ніводзін з персанажаў не пакінуў мяне абыякавай. Жывыя і нешаблонныя нават тыя, каго выпісваць багатай палітрай, не сыходзячы ў чорны ці белы, на маю думку, цяжэй за ўсё – пратаганіст і антаганісты. Калі казаць пра ўлюбёных, то іх два – уласна Геральт з Рывіі і ягоны найлепшы сябар, трубадур Казялец. Калі сплавіць разам імкненне Геральта глядзець на рэчы проста і без ілюзіяў, нават калі гэта раніць, і нечуваную здольнасць Казяльца, так бы мовіць, не заганяцца, – атрымаецца, як на мяне, цудоўная ролевая мадэль стаўлення да свету».

Андрэй Янушкевіч. Фота Ірына Арахоўская / «Белсат»

Выдаўца кнігі Андрэй Янушкевіч анансаваў выданне другой часткі напрыканцы наступнага лета ці на пачатку восені: «Экранізацыя твора на «Netflix» дадала матывацыі, серыял зробіць добрую справу дармавой рэкламаю. Але першым чынам мы хочам насыціць беларускі рынак годным масавым чытвом. Каб кола чытачоў літаратуры на беларускай мове пашыралася, было больш папулярных жанраў. Бо элітарная чытанка мае абмежаваную колькасць прыхільнікаў. Кнігі Сапкоўскага для гэтага ідэальныя – яны ўжо сталі класікай. Гэта вельмі добрая літаратура».

Кніга была надрукаваная ў Літве. Старт публічных продажаў у крамах адбудзецца 25 кастрычніка. Фота Ірына Арахоўская / «Белсат»
З дастаўкай кніга каштуе 28 рублёў. У кнігарнях «Вядзьмар» будзе каштаваць на 20-50 % даражэй. Фота Ірына Арахоўская / «Белсат»

А чытачы даўно чакалі. Яніна Мураўская пільна сачыла, каб не прапусціць пераклад Сапкоўскага: «Я сачу за ўсімі перакладамі. І ёсць кнігі, якіх я чакаю асабліва, «Гэры Потэр», «Гаспадар ледзянога саду». Я такія кнігі буду набываць на апошнія грошы. Калі такое крутое фэнтэзі перакладуць на беларускую мову, яго будуць купляць».

«Вядзьмар» – першая кніга фэнтэзі-сагі Анджэя Сапкоўскага , выдавецтва «Янушкевіч». Ірына Арахоўская / «Белсат»

Літаратурная блогерка Аксана Графутка пра пераклад «Ведзьмара» даведалася выпадкова і адразу замовіла: «У «Інстаграме» пабачыла, што выйдзе кніга. Я пачынала чытаць на расейскай, але тут абяцалі выбітнае выданне, таму вырашыла чытаць на беларускай. Вядома, буду чакаць усю серыю».

«Вядзьмара» на паперы выдалі адмыслова, каб зрабіць выхад кнігі гучным фактам. Выдаўца паабяцаў, што нам не прыйдзецца чакаць восем гадоў, каб прачытаць серыю цалкам. Ён мяркуе, што кнігі выйдуць цягам пяці гадоў, а можа і хутчэй: «Усё залежыць ад актыўнасці чытачоў і нашых рэсурсаў».

Марыя Грыц, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў